Крымскія татары збіраюцца перакрыць дарогі у знак пратэсту (фота)


Лідару крымскататарскага народу Мустафе Джэмілеву афіцыйна паведамілі аб забароне на ўезд у Крым. Тысячы крымскіх татараў у адказ на гэта рыхтуюцца заблакаваць трасы, якія вядуць на паўвостраў.

У раёне Армянску на поўначы Крыму крымскія татары прарвалі кардон праваахоўнікаў, каб даць магчымасць ганароваму лідару меджлісу крымскататарскага народу, дэпутату Вярхоўнай Рады Украіны Мустафе Джэмілеву заехаць на паўвостраў.

У пятніцу Мустафу Джэмілева не пусцілі ў Маскву, адкуль ён планаваў вылецець у Крым, і яму давялося вярнуцца ў Кіеў. Выканальнік абавязкаў кіраўніка Крыму Сяргей Аксёнаў заявіў, што Джэмілеў хацеў прыляцець на паўвостраў «з мэтаю дэстабілізаваць абстаноўку».

У суботу да КПП паміж Крымам і мацерыковаю Украінаю прыйшоў вялікі натоўп – паводле розных звестак, ад адной да некалькіх тысяч асобаў, скандуючы вітальныя лозунгі на адрас свайго лідара.

Паводле паведамлення кіраўніка прэс-цэнтру меджлісу Лэйлы Муслімавай, калона крымскіх татараў прарвала расейскі кардон, які ахоўвалі амапаўцы ў масках, і прасунулася да ўкраінскага прапускнога пункту, дзе быў Джэмілеў. «Людзі не хавалі сваёй радасці ад спаткання, танчылі», – напісала «Tsn.ua».

Сваю забарону на ўезд у Крым Джэмілеў назваў «зонаю расейскай дэмакратыі». Людзі прачыталі малітву і зрабілі жывы калідор, па якім ганаровы лідар меджлісу прайшоў да расейскага прапускнога пункту. Там, аднак, адмовіліся прапускаць Джэмілева ў Крым. Татары сцвярджаюць, што вернуцца ў Крым толькі са сваім лідарам. У Армянск не перастаюць прыбываць крымскія татары – цяпер іх каля 5 тыс. Улады сцягваюць туды праваахоўнікаў і вайсковую тэхніку.

МЯ, belsat.eu, паводле tsn.ua, lb.ua, bbc.co.uk, censor.net.ua

Стужка навінаў