Праваабаронцы: выбары-2010 пакуль не адрозніваюцца ад выбараў-2006


Дзяржаўныя тэлебачанне і радыё шырока, але аднабакова асвятляюць выбарчы працэс – да такой высновы прыйшлі чальцы кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

“Яшчэ да таго, як стала афіцыйна вядома пра ўдзел А. Лукашэнкі ў выбарчай кампаніі, вялікая колькасць рэпартажаў і каментароў фактычна з’яўлялася датэрміновай агітацыяй за яго”, – гаворыцца ў папярэдніх высновах назірання.

Тым часам інфармацыя пра іншых патэнцыйных кандыдатаў у дзяржаўных медыях падавалася ў выключна абмежаваным аб’ёме і ў негатыўным ракурсе – падкрэсліваюць праваабаронцы.

Ужо на самым пачатку выбарчай кампаніі зафіксавалі грубыя парушэнні Выбарчага кодэксу. У прыватнасці, тое, што Аляксандр Лукашэнка не падаваў заявы аб рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы асабіста, як гэтага патрабуе Выбарчы кодэкс. Пры гэтым, паводле доўгатэрміновых назіральнікаў, пры фармаванні ініцыятыўнай групы дзейнага прэзідэнта актыўна выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс.

“У цэлым, з гледзішча арганізацыі выбарчага працэсу, першыя два тыдні выбарчай кампаніі 2010 года амаль нічым не адрозніваюцца ад першых двух тыдняў кампаніі па выбарах прэзідэнта 2006 года”, – канстатуюць у ініцыятыве “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

belsat.eu

Стужка навінаў