У Данецку ўзброеныя людзі занялі будынак гарсавету


У будынак гарсавету Данецку ўварваліся баевікі, на рукавах якіх белыя павязкі з чырвонымі надпісамі «Оплот».

Як перадае мясцовы сайт 62.ua, у будынак спачатку ўвайшлі сем чалавек са зброяй у масках. Яны мелі аўтаматы ды вінтоўкі. Потым падышлі яшчэ людзі, на рукавах якіх былі белыя павязкі з чырвонымі літарамі «Оплот». Яны стаяць і вакол будынку.

Баевікі не перашкаджалі свабоднаму ўваходу і выхаду з будынку, з якога працаўнікі гарсавету хутка павыносілі дакументы і тэхніку.

Сепаратысты рыхтуюцца да рэферэндуму і ўжо пачалі друкаваць бюлетэні, распавёў кіраўнік данецкага прадстаўніцтва грамадскай арганізацыі «Оплот» Аляксандр Захарчанка.

«Мы прыйшлі ў гарсавет з патрабаваннем рэферэндуму. Мы хочам, каб народ сам выбраў сабе ўладу. Мы за федэралізацыю. І рэферэндум адназначна будзе 11 траўня. А такія, як мы, будуць у кожным выканкаме Данецкай вобласці», – дадаў прадстаўнік «Оплота».

Паводле кіраўніка арганізацыі, наступным горадам, дзе будуць штурмаваць адміністрацыйныя будынкі, стане Енакіева.

Разам з тым, у самім гарсавеце няма ніякай панікі. Гарадскі галава Аляксандр Лук’янчанка, сакратар гарсавету Сяргей Багачоў і начальнікі ўпраўленняў застаюцца на сваіх працоўных месцах.

Сепаратысты трушчаць герб Украіны. Фота REUTERS Сепаратысты трушчаць герб Украіны. Фота REUTERS «А што адбываецца? Да мяне ніхто не прыходзіў», – так пракаментаваў сітуацыю Багачоў. Таксама прыём грамадзянаў у сваім кабінеце вядзе і намеснік гарадскога галавы. Прадстаўнікі праваахоўных органаў, якія былі ў захопленым будынку, ад каментароў адмовіліся.

Людзі са зброяй занялі ўжо ўсе паверхі будынку. Над гарсаветам лятае вайсковы знішчальнік.

Раней сепаратысты захапілі будынак абласной адміністрацыі ў Данецку, усталявалі расейскія сцягі, а герб Украіны на будынку раструшчылі.

МЯ, belsat.eu, паводле liga.net

Стужка навінаў