Штам «о-мікрон»: у Лондане – надзвычайная сітуацыя, у Нідэрландах – жорсткі локдаўн


Сусветная арганізацыя аховы здароўя паведамляе, што новы штам каронавірусу «о-мікрон» знойдзены ўжо ў 89 краінах свету, піша ВВС. Еўрапейскія краіны зноў пачынаюць уводзіць локдаўны.

Для абароны ад «о-мікрону» патрэбныя тры дозы вакцыны

Паводле дадзеных Універсітэту Джонса Хопкінса, за апошні тыдзень у свеце каронавірусам заразіліся каля 4,3 мільёнаў чалавек. Гэта крыху менш, чым тыднем раней – 4,36 мільёнаў. У той жа час сёлетнія паказнікі нашмат вышэй, чым напрыканцы снежня мінулага году (тады было менш за 4 мільёны), калі ў свеце яшчэ не было штаму «о-мікрон». Таксама Універсітэт паведамляе пра даволі высокія тэмпы вакцынацыі ў свеце – зроблена ўжо больш за 8 мільярдаў прышчэпак.

Hавiны
Штам о-мікрон выявілі ва ўсіх краінах-суседзях Беларусі
2021.12.18 13:24

У той жа час новы штам распаўсюджваецца з вялікай хуткасцю. Найбольш пацярпела ад «о-мікрону» Вялікабрытанія – тут цягам трох дзён фіксаваліся самыя высокія паказнікі выпадкаў заражэння. Новым варыянтам ковіду захварэлі каля 25 тысяч чалавек. У выніку мэр Лондану Садзік Хан у суботу 18 снежня абвесціў у горадзе рэжым надзвычайнай сітуацыі. Экстранныя і медыцынскія службы ў брытанскай сталіцы будуць працаваць у асаблівым рэжыме.

Мэр Лондану зазначае, што большасць людзей, якія трапляюць з-за ковіду ў лякарні, не прышчэпленыя. Ён заклікаў як мага хутчэй рабіць бустарныя прышчэпкі. У бліжэйшы час у горадзе будуць адкрытыя новыя цэнтры масавай вакцынацыі. Раней брытанскія вучоныя ўстанавілі, што для паўнавартаснай абароны ад «о-мікрону» патрэбныя тры дозы вакцыны, бо пасля дзвюх прышчэпак эфектыўнасць анціцелаў супраць новай мутацыі рэзка падае.

Таксама ў Лондане адмененыя матчы англійскай Прэм’ер-лігі.

Hавiны
О-мікрон бяспечнейшы за дэльту? Даследаванні штамаў каронавірусу канфліктуюць
2021.12.18 11:18

На Каляды – не больш за чатырох гасцей

Нідэрланды зноў уводзяць жорсткі локдаўн – каранцінныя меры пачынаюць дзейнічаць ужо з нядзелі, 19 снежня. Згодна з новымі правіламі, будуць зачыненыя ўсе крамы, акрамя прадуктовых, а таксама бары, рэстараны, школы, цырульні, трэнажорныя залі і іншыя грамадскія ўстановы. Жыхароў краіны просяць як мага менш выходзіць з дому і не збірацца вялікімі кампаніямі. Дамоў дазволяць пускаць да двух гасцей, старэйшых за 13 гадоў, адначасова. На Каляды і напярэдадні навагодняй ночы дазволена ўпусціць у дом да чатырох чалавек. Каранцінныя меры ўводзяцца як мінімум да сярэдзіны студзеня.

Адначасова ў краіне ўжо месяц дзейнічаюць абмежаванні на працу кавярняў і крамаў – яны абавязаныя зачыняцца а 5-й гадзіне ўвечары.

Hавiны
Апублікавалі першае даследаванне штаму о-мікрон. Вакцыны працуюць, але слабей
2021.12.14 15:48

Уводзіць больш жорсткія абмежаванні збіраюцца таксама і іншыя еўрапейскія краіны: Францыя, Германія і Ірландыя. Там ужо цяпер для наведвання публічных месцаў патрэбны сертыфікат аб вакцынацыі. Акрамя таго, Францыя рэзка абмежавала ўезд у краіну з Вялікабрытаніі, а Германія з апоўначы панядзелка 20 снежня ўводзіць двухтыднёвы каранцін для тых, хто прыбывае з Вялікабрытаніі. Для ўезду ў краіну таксама спатрэбіцца адмоўны тэст на каронавірус.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў