Пасол Аўстрыі ў Беларусі сустрэлася з маці арыштаванага прэс-сакратара А1 Мікалая Брэдзелева


Напярэдадні свята Божага Нараджэння пасол Аўстрыі ў Беларусі Алаізія Вёргетэр сустрэлася з Таццянай Брэдзелевай, маці арыштаванага на 15 сутак прэс-сакратара кампаніі А1 Мікалая Брэдзелева.

Пасол Аўстрыі ў Беларусі Алаізія Вёргетэр сустрэлася з Таццянай Брэдзелевай, маці арыштаванага на 15 сутак прэс-сакратара кампаніі А1 Мікалая Брэдзелева.
Фота: Алаізія Вёргетэр/Facebook

Пра сустрэчу спадарыня Вёргетэр у суботу 18 снежня напісала ў сябе ў Фэйсбуку:

«Заўтра мая сям’я адзначае трэцюю нядзелю Адвэнту. На змярканні запальваецца трэцяя свечка ў калядным вянку, людзі ўсаджваюцца бліжэй адзін да аднаго, радуюцца цяплу. Я не магу быць заўтра са сваёй сям’ёй. І ўсё ж у мяне цёпла на душы, таму што гэтыя выходныя я праводжу з Таццянай Брэдзелевай, маёй сяброўкай з Менску. Таццяна стала часткай маёй глабальнай сям’і, я адчуваю асаблівую сувязь з ёй. Дзякуючы Таццяне і дзякуючы Беларусі я зразумела, што значыць быць грамадзянінам свету ў паўсядзённым жыцці, у абсалютна канкрэтных учынках кожнага з нас».

Пасол распавяла ў сваім допісе, што Таццяна Брэдзелева раней жыла ў Бабруйску, а ейны муж Алег быў ліквідатарам катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Спадарыня Вёргетэр узгадала пра традыцыйны аўстрыйскі дабрачынны тэлемарафон «Святло ў цемры», які ў 1990 годзе быў прысвечаны беларускім дзецям, і зазначыла, што толькі ў Беларусі ўсвядоміла, што тут людзі рызыкавалі ўласным жыццём, каб з АЭС не вырвалася яшчэ больш радыяцыі і не трапіла ў тую ж Аўстрыю.

«Так нараджаецца «глабальнае грамадзянства» – разуменне таго, што ў свеце ёсць праблемы, якія датычаць усіх нас, рашэнне якіх будзе дабром для ўсіх, – піша далей пасол. – Муж Таццяны быў такім грамадзянінам свету, прычым, дазволю сабе сказаць, узорным. Мая сям’я была ўратаваная ад радыеактыўнага забруджвання. Мне хацелася б ад душы падзякаваць Алегу Вадзімавічу за гэта, але мне не наканавана пазнаёміцца з ім асабіста. Таму я абдымаю Таццяну. Чалавечнасць не ведае дзяржаўных межаў. Я радая і шчаслівая, што на наступным тыдні змагу святкаваць Божае нараджэнне ў сябе ўдома. І я не стамлюся распавядаць сваёй сям’і пра людзей з Беларусі».

Мікалая Брэдзелева, кіраўніка ўпраўлення сувязяў з грамадскасцю кампаніі «А1 Беларусь» 13 снежня пакаралі 15 соднямі адміністратыўнага арышту. Яго затрымалі сілавікі з ГУБАЗіКу. Яны сцвярджаюць, што Мікалай зліваў закрытую інфармацыю тэлеграм-каналам, прызнаным беларускімі ўладамі экстрэмісцкімі. У сваю чаргу кампанія«А1» зняпраўджвае гэта і кажа, што Брэдзелеў не меў доступу да закрытай інфармацыі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў