На палітвязня Мікіту Емяльянава завялі крымінальную справу за непадпарадкаванне адміністрацыі турмы


Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што яшчэ напрыканцы лістапада 2021 году Магілёўскі міжраённы аддзел следчага камітэту ўзбудзіў у дачыненні да палітвязня Мікіты Емяльянава новую крымінальную справу паводле ч.2 арт.411 КК РБ – «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Маладзёну пагражае новы тэрмін – да двух гадоў зняволення.

Мікіта Емяльянаў.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Вядома, што супрацоўнікі турмы склалі на палітвязня больш за 60 рапартаў за парушэнні рэжыму ўтрымання. Але сам Мікіта раней тлумачыў, што рэжым парушаў на знак пратэсту супраць пастаяннага парушэння ягоных правоў адміністрацыяй турмы.

Таксама вядома, што 17 снежня Мікіту Емяльянава не выпусцілі са штрафнога ізалятару: у гэты дзень сканчаліся 30 содняў ягонага ўтрымання там за накладзеныя тройчы запар спагнанні. Хлопца пакаралі яшчэ трыма соднямі ШІЗА за паміжкамерную сувязь.

Hавiны
Палітвязень Мікіта Емяльянаў ужо два тыдні трымае галадоўку
2021.10.25 15:46

Мікіта Емельянаў таксама трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць змяншэння колькасці ежы, якую выдаюць у труме. У выніку порцыі былі павялічаныя, хаця па-ранейшаму не адпавядаюць зацверджаным нормам. Напрыклад, колькасць бульбы і яек значна меншая за норму. Так, зняволены павінен атрымоўваць чатыры курыныя яйкі на тыдзень, але адміністрацыя турмы выдае толькі адно-два.

Мікіта запісаўся на прыём да начальніка медчасткі турмы з заявай на атрыманне ад родных медыцынскай пасылкі да 50 кг, дзе сярод іншага можна дасылаць і ежу. Палітвязень аргументаваў неабходнасць атрымання пасылкі тым, што падчас доўгага знаходжання ў ШІЗА, а таксама праз галадоўку ў яго пагоршылася здароўе, і яму трэба добра сілкавацца, што не дазваляе ў адпаведным памеры турэмнае харчаванне. Але ў атрыманні такой пасылкі Емяльянаву было адмоўлена ўжо другі раз.

Мікіта Емяльянаў у судзе.
Фота: Радыё Свабода

Мікіта Емяльянаў – 21-гадовы актывіст анархісцкага руху, асуджаны 12 лютага 2020 года судом Савецкага раёну Менску да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 27 сакавіка Менгарсуд па апеляцыйнай скарзе зменшыў тэрмін Мікіце Емяльянаву да 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Але 9 чэрвеня 2020 года маладзён быў пераведзены на строгі турэмны рэжым у Магілёўскую турму №4. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Мікіту Емяльянава палітвязнем.

Падтрымаць лістом маладзёна можна па адрасе: Турма №4, вул.Крупскай, 99А, г.Магілёў, 212011, Мікіце Емяльянаву.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў