Вынікі пошуку для:

Кампанія Yara не спыняе супрацу з рэжымам. Святлана Ціханоўская назвала такія паводзіны неэтычнымі

Беларуская лідарка паразмаўляла па тэлефоне з генеральным дырэктарам нарвежскай хімічнай кампаніі Yara, якая працягвае супрацу з «Беларуськаліем». Ціханоўская распавяла кіраўніку Yara Свэйну Торэ Гольсэтэру, што рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца, а таксама падзялілася новым расследаваннем, якое даказвае наўпроставы ўдзел менеджменту «Беларуськалія» у фальсіфікацыі выбараў, піша сайт «Motolko.help».

У размове Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што 32 кампаніі (сярод якіх British American Tobacco, Rolls Royce, Scandia Steel, Becker Group, Hansen & Rosenthal і іншыя) ужо спынілі супрацу з рэжымам і дзяржпрадпрыемствамі Беларусі, а таксама распавяла пра намер распрацаваць з такімі кампаніямі план для Беларусі, бо пасля пераменаў у нашай краіне будуць вітаць замежныя інвестыцыі.

Yara абяцала перагледзець супрацоўніцтва з «Беларуськаліем» да снежня, аднак пакуль сыходзіць з Беларусі не збіраецца.

Кіраўнік Yara падчас размовы з Ціханоўскай казаў пра стварэнне бяспечных умоваў працы на беларускім прадпрыемстве, бо, на жаль, на «Беларуськаліі» працягваюцца аварыі, у тым ліку з лятальнымі выпадкамі.

Гольсэтэр заявіў, што лепш прадпрыняць любыя магчымыя крокі па паляпшэнні сітуацыі з бяспекай працы, чым сыходзіць з Беларусі і не мець уплыву.

Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу ў онлайн-фармаце з новай міністаркай замежных справаў Нарвегіі Анікен Гуітфэльт. Фота: офіс Святланы Ціханоўскай

Сёлета каманда Yara наведвала «Беларуськалій» з мэтай ацаніць прамысловую і карпаратыўную бяспеку на прадпрыемстве.

«Беларусы лічаць неэтычнымі такія паводзіны – пошук шчылінаў у санкцыях ЕЗ і ЗША. Гэта ўжо моцна паўплывала на рэпутацыю Yara у Беларусі. Я ўжо казала пра гэта падчас размовы з кіраўнічкай МЗС Нарвегіі і сустрэла разуменне міністаркі Гуітфэльт. Мы працягнем падымаць пытанне спынення супрацы Yara з рэжымнымі кампаніямі зноў і зноў. Бо гэта пазіцыя беларусаў, я раблю гэта дзеля іх», – сказала напрыканцы размовы Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская 16 снежня правяла сустрэчу ў онлайн-фармаце з новай міністаркай замежных справаў Нарвегіі Анікен Гуітфэльт.

Міністарка замежных справаў Нарвегіі пагадзілася з Ціханоўскай адносна «Yara» і санкцыяў

Важнай тэмай сустрэчы з міністаркай стала супраца нарвежскай кампаніі Yara з «Беларуськаліем». Нягледзячы на амерыканскія санкцыі супраць гэтай беларускай кампаніі, што набылі моц у гэтым месяцы, а таксама новыя санкцыі супраць «Беларускай калійнай кампаніі», Yara працягвае набываць беларускі калій.

Святлана Ціханоўская, як паведамляе ейны офіс, сустрэла разуменне Анікен Гуітфэльт і адзначыла, што беларусы лічаць неэтычнай супрацу з «гаманцамі» рэжыму.

ГГ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны