Экспертка Вольга Кашарная: Украіне не патрэбны імпарт электраэнергіі з Беларусі


Украінская экспертка ў сферы энергетыкі Вольга Кашарная заявіла ў эфіры «Белсату», што Украіна насамрэч не мае патрэбы ў беларускай электраэнергіі.

Паводле Кашарнай, за пастаўкамі электраэнергіі з Беларусі могуць стаяць бізнес-інтарэсы ўкраінскага кіраўніцтва.

«З майго пункту гледжання, нам не патрэбен імпарт з Беларусі. У нас абмяжоўваць ветраныя электрастанцыі, у нас зніжаецца магутнасць атамных электрастанцыяў у разумных межах. Таму што беларускі імпарт выцясняе з базавага рэжыму ўначы нашы электрастанцыі (паміж начным і дзённым спажываннем велізарная розніца)…

У нас генеруючых магутнасцяў дастаткова, каб забяспечыць уласныя патрэбы. Таму гэта выключна нейкі гешэфт Офісу прэзідэнта», – заявіла экспертка.

Кашарная канстатуе, што доля беларускага імпарту на ўкраінскім рынку электраэнергіі склала ў лістападзе ўсяго 1,8%. «Гэта даволі невялікі імпарт. Да таго ж Украіна з’яўляецца экспарцёрам электраэнергіі. За 11 месяцаў яна экспартавала 3 мільярда 157 мільёнаў кілават-гадзінаў. У асноўным экспарт у Вугоршчыну», – кажа яна.

«За імпартам электраэнергіі стаіць Офіс прэзідэнта. Яна насамрэч нам не вельмі патрэбная, калі мы актыўна займаемся экспартам», – мяркуе Кашарная.

Hавiны
Экс-прэзідэнт Украіны: «Закуп электраэнергіі ў Беларусі – гэта пастка»
2021.11.28 17:49

Нагадаем, з траўня па кастрычнік ва Украіне дзейнічала забарона на набыццё электраэнергіі з Беларусі. У лістападзе забарона працягнута не была.

6 лістапада Міністэрства энергетыкі Беларусі заявіла, што Беларусь аднавіла пастаўкі электраэнергіі ва Украіну, якія, як адзначалася, будуць ажыццяўляцца на працягу месяца. 18 лістапада ўкраінскія медыі паведамілі, што Украіна спыніла пастаўкі электраэнергіі з Беларусі. 21 лістапада Мінэнерга зноў заявіла пра аднаўленне паставак ва Украіну.

26 лістапада прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас прэс-канферэнцыі даў зразумець, што закуп электраэнергіі з Беларусі – гэта вымушаны захад, бо ў краіне не хапае электрычнасці. «А як інакш? Што павінна рабіць дзяржава?» – задаў ён рытарычнае пытанне.

РР belsat.eu

Стужка навінаў