На развітанне з «McDonald’s»: склалі міні-індэкс біг-маку для Беларусі і суседзяў


Паглядзелі, колькі каштуе біг-мак у Беларусі і ў суседніх краінах, колькі бургераў можна накупіць на сярэдні заробак і як на цэны паўплывала вайна ва Украіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адкрыццё першага «McDonald’s» у Магілёве, Беларусь. 9 кастрычніка 2020 года.
Фота: Белсат

Сетка рэстарацыяў «McDonald’s» у Беларусі ператворыцца ў расейскую «Вкусно – и точка» ўжо 22 лістапада. Аляксандр Лукашэнка гэтаму толькі рады. У смутку мусяць быць фанаты біг-макаў: расейцы дагэтуль не змаглі паўтарыць некаторых прадуктаў «McDonald’s», і свайго ўлюбёнага ў тым ліку. У беларускім «замяняльніку Макдональдсаў» біг-макаў таксама не будзе.

У 1986 годзе часопіс «The Economist» прыдумаў параўноўваць праз біг-макі парытэт пакупніцкай здольнасці: у розных краінах складнікі бургераў «McDonald’s» амаль аднолькавыя, аб’ём працы над імі той самы, а цэны розныя. «Індэкс біг-маку» вядуць дагэтуль. Мы яго ўдасканалім для нашых мэтаў:  у ім не падлічваюць, колькі біг-макаў можна купіць на сярэдні заробак – а мы палічым.

Колькі цяпер каштуе біг-мак у суседніх краінах

Параўнанне цэнаў біг-маку ў розных краінах. Выява: Белсат

Расея. Можна хіба ўявіць, колькі каштаваў бы біг-мак, калі б яго ўдалося імпартазамясціць. Паглядзелі на цэны іншых бургераў, якім знайшліся аналагі: гамбургер, чызбургер, «Манблан», «Роял дэ Люкс» (які цяпер «Гран дэ Люкс»), «Біг Тэйсці» (ён цяпер «Біг Спэшл»). Аналагі ў «Вкусно – и точка» прыблізна на 14,5 % даражэйшыя за цэны ў «McDonald’s», што былі да 24 лютага.  Да поўнамаштабнага нападу на Украіну біг-мак каштаваў 135 расейскіх рублёў. Значыць, цяпер каштаваў бы каля 155 расейскіх рублёў – або 2,57 долара.

Разбор
Польскі «Лідскі квас» перасталі вырабляць. Дзе цяпер у Польшчы купіць беларускія прадукты?
2022.11.18 08:00

Грузія. Гэта не суседка Беларусі, але туды пасля 2020 года эмігравала нямала нашых суайчыннікаў. Там біг-мак каштуе 13,64 лары або аж 5,02 долара. Але такую шалёную цану можа кампенсаваць разнастайная нацыянальная вулічная ежа, якой можна замяніць заходні фаст-фуд.

ЗША. На радзіме «McDonald’s» цэны розняцца ў розных штатах, біг-мак каштуе 4–5 долараў.

Колькі біг-макаў можна купіць на сярэдні заробак

Калі лічыць на апошні вядомы «чысты» заробак толькі цэлыя біг-макі, выходзіць так:

Пакупніцкая здольнасць у біг-маках. Выява: Белсат

У ЗША заробкі моцна вагаюцца ад штату да штату, як і цэны на біг-макі. Але калі ў Штатах бургер каштуе крыху даражэй, чым у Літве, то месячны заробак літоўца сярэдні амерыканец можа атрымаць за тыдзень. То бок на сярэдні месячны заробак амерыканец можа купіць больш за тысячу біг-макаў.

Аналітыка
У Беларусі растуць афіцыйныя заробкі. Ці багацеюць беларусы?
2022.07.26 08:29

Звесткі пра заробкі ў розных краінах публікуюцца ў розны час і за розныя перыяды, таксама далёка не ўсе краіны публікуюць заробкі «чыстымі» (пасля вынятку падаткаў і збораў – netto, «на рукі»). Для Беларусі знайшоўся заробак «бруднымі» за верасень (ад яго трэба адняць 13 % на падаткі і 1 % у пенсійны фонд), для Украіны – прагноз «бруднымі» на канец года (трэба адняць 18 % на падаткі), для Польшчы – сярэдні заробак «чыстымі» ў прадпрыемствах з больш як 9 працаўнікамі на кастрычнік, для Літвы і Латвіі – сярэдні заробак «чыстымі» за другі квартал, для Расеі – сярэдні заробак «бруднымі» на жнівень (трэба адняць 13 % на падаткі), для Грузіі – сярэдні заробак «бруднымі» за другі квартал (трэба адняць 20 % на падаткі).

Калі перавесці ў долары паводле курсаў нацыянальных банкаў, «чыстымі» выходзіць так: Беларусь – 583,33 долара, Украіна – 314,49 долара, Польшча – 1078,26 долара, Літва – 1157,04 долара, Латвія – 1033,48 долара, Грузія – 566,90 долара, Расея – 863,05 долара.

Як выраслі цэны на біг-мак з пачатку поўнамаштабнай вайны

Змены цэнаў на біг-макі з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Выява: Белсат

Старыя цэны ў некаторых краінах удалося адшукаць у «Web Archive». Цэнаў на люты-2022 не ўдалося знайсці для Грузіі, Латвіі і Літвы.

Таксама ўдалося параўнаць пакупніцкую здольнасць сярэдніх заробкаў у біг-маках цяпер і да 24 лютага. У падліках пры адсутнасці дакладнай статыстыкі мы карысталіся сярэднімі заробкамі «чыстымі» за верасень і люты ў Беларусі, заробкамі за студзень і прагнозамі на гадавы вынік – ва Украіне, за першы і другі квартал сярод прадпрыемстваў з 10 і больш працаўнікамі – у Польшчы, за люты і жнівень – у Расеі.

Hавiны
Эканоміка Беларусі падае, а рубель узмацняецца. Як гэта?
2022.11.18 18:01

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў