«Мы з вамі да канца». Прэм’ер Брытаніі Сунак наведаў Кіеў, сустрэўся з Зяленскім


Прэм’ер-міністр Злучанага каралеўства Рышы Сунак 19 лістапада наведаў Кіеў, які апраўляецца ад масаванага абстрэлу, што Расея ўчыніла чатыры дні таму. Ён правёў перамовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і запэўніў украінцаў у падтрымцы.

«Брытанія ведае, што значыць змагацца за свабоду. Мы з вамі да канца», – напісаў Рышы Сунак у Twitter на ангельскай і ўкраінскай мовах.

Улічваючы тое, на якім тле адбываецца візіт, можна меркаваць, што словы аб змаганні за свабоду адсылаюць да бамбаванняў Вялікай Брытаніі нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны.

Уладзімір Зяленскі падзяліўся гэтым допісам у Twitter і напісаў: «Дзякуй вам, Рышы Сунак. З такімі сябрамі на нашым баку мы ўпэўненыя ў нашай перамозе. Абедзве нашыя нацыі ведаюць, што значыць змагацца за свабоду».

Пазней Зяленскі расказаў, што падчас сустрэчы з Сунакам яны абгаварылі магчымасці абароны ўкраінскай і еўрапейскай энергетычнай бяспекі, размаўлялі пра абарону ўкраінскага неба і супрацу Украіны і Брытаніі ў галіне абароны, разглядзілі дыпламатычную сітуацыю і супольныя міжнародныя высілкі дзеля міру.

Сунак на супольнай прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы сказаў, што Лондан будзе падтрымліваць Украіну да ейнай перамогі, а пасля працягне падтрымку, пакуль украінцы будуць аднаўляць сваю краіну. Падтрымка будзе і надалей выражацца не толькі ў словах: Сунак анансаваў пастаўкі Украіне вайсковай дапамогі на яшчэ 50 млн фунтаў, у якую ўваходзяць 125 зенітных гарматаў і сістэма супрацьстаяння іранскім дронам з дзясяткамі радараў.

Паездка ў Кіеў – адзін з першых візітаў Сунака на пасадзе прэм’ер-міністра. Ён кіруе Вялікай Брытаніяй менш за месяц. А пазамінулы прэм’ер Брытаніі Борыс Джонсан быў адным з першых кіраўнікоў заходніх дзяржаваў, хто наведаў Кіеў пасля пачатку поўнамаштабнай вайны.

Hавiны
Новым прэм’ерам Брытаніі стане Рышы Сунак – 42-гадовы фінансіст індыйскага паходжання
2022.10.24 18:32

Украіна тым часам апраўляецца пасля расейскіх абстрэлаў, якія знішчылі або пашкодзілі шмат энергетычнай інфраструктуры. Кіраўнік энергетычнай кампаніі ДТЭК Максім Цімчанка заклікаў украінцаў заставацца за мяжой або з’ехаць за мяжу на тры-чатыры месяцы, каб разгрузіць пашкоджаную энергетычную сістэму.

Вайна ва Украіне працягваецца, але Расея намякае на жаданне мірных перамоваў – ходзяць чуткі, што «эліты» пачынаюць разумець: вайну ва Украіне Расея прайграла. Ды Зяленскі настойвае, што дзеля перамоваў трэба спачатку вывесці з Украіны расейскія войскі і спыніць баявыя дзеянні, гарантаваць ядравую і радыяцыйную бяспеку, харчовую і энергетычную бяспеку.

Падобна, формулу Зяленскага падтрымліваюць заходнія краіны: напрыклад, 19 лістапада канцлер Нямеччыны Оляф Шольц на канферэнцыі сваёй партыі звярнуўся да Уладзіміра Пуціна з заклікам спыніць вайну і вывесці войскі дзеля «расчысткі шляху да перамоваў аб міры, які не можа быць прадыктаваным Расеяй».

Hавiны
ISW: Расейскія ўлады рыхтуюцца да далейшай мабілізацыі
2022.11.19 14:18

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў