Міністр адукацыі прыдумаў даваць школьнікам характарыстыку аб «грамадскай актыўнасці»


У час дзяржаўнага моладзевага конкурсу «Лідар году» 19 лістапада міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец расказаў пра змены ў галіне адукацыі і новыя ідэі. Ягоныя словы пераказвае «БелТА».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сход актывістаў БРСМ. Наваполацк, Беларусь. 9 красавіка 2021 года.
Фота: brsm.by

Самая неардынарная ідэя, якую Міністэрства адукацыі прапанавала Аляксандру Лукашэнку, гэта ўвядзенне абавязковай характарыстыкі пасля сканчэння школы паводле вызначанай міністэрствам формы. У гэтай характарыстыцы мусіць быць «акцэнт на асабовых якасцях» і ўдзел у працы «грамадскіх моладзевых арганізацыяў» і розных праектах. Характарыстыку, згодна ідэі, мусяць улічваць пры паступленні ва ўніверсітэт (як менавіта, не ўдакладняецца).

Паводле міністра адукацыі Андрэя Іванца, сёння выпускнік ВНУ ці каледжу, які «праяўляе актыўную грамадзянскую дзейнасць і грамадзянскую пазіцыю», мае першаснае права на размеркаванне.

Імаверна, пад «грамадскай» дзейнасцю і пазіцыяй маецца на ўвазе праўладная. Міністэрства юстыцыі мае невялікі спіс зарэгістраваных моладзевых грамадскіх аб’яднанняў – тры дзясяткі на цэлую краіну. На першым месцы – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Але ў спісе ёсць і не адкрыта палітычныя і адкрыта праўладныя арганізацыі: напрыклад, «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» і МГА «Гісторыка», федэрацыя перацягвання канату і скалалазны клуб «МінскОнсайт», танцавальны клуб «Сігма» і моладзевае аб’яднанне «Ананімныя наркаманы»…

Што яшчэ расказаў міністр адукацыі, сцісла:

  • Прыём у ВНУ на «мэтавую падрыхтоўку» плануюць рабіць праз унутраны экзамен і сярэдні бал атэстату. Меркавана, экзамен будзе вусны і будзе праводзіцца перад прыёмам на бюджэт.
  • У студзені першыя этапы ўніверсітэцкіх алімпіядаў пачнуцца ў рэгіянальных ВНУ, а з наступнай прыёмнай кампаніі будуць і ў сталічных. Пераможцы алімпіядаў будуць залічаныя ва ўніверсітэты без іспытаў, на такіх пераможцаў вылучана да 15 % бюджэтных месцаў у рэгіянальных ВНУ.
  • Крытэры ўключэння ў «базу адоранай моладзі» хочуць зрабіць больш жорсткімі, за ўключанымі туды збіраюцца больш пільна сачыць па заканчэнні навучання.
Аб’ектыў
У піянеры запісваюць без згоды бацькоў. Настаўнікі ціха скардзяцца, але не пратэстуюць
2022.09.13 22:45

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў