У Польшчы затрымалі 9 беларусаў, якія нелегальна выраблялі цыгарэты

Затрыманні на падпольнай цыгарэтнай фабрыцы ў Польшчы. Фота: cbsp.policja.pl

У Польшчы мясцовыя праваахоўнікі зліквідавалі нелегальную цыгарэтную фабрыку і затрымалі 11 чалавек, у тым ліку 9 грамадзянаў Беларусі і 2 палякаў. Пра гэта паведамляе Цэнтральнае следчае бюро паліцыі Польшчы.

Нелегальная фабрыка ў Міньскім павеце Мазавецкага ваяводства, магла вырабляць не менш за 25 мільёнаў цыгарэт за месяц. Падчас акцыі сканфіскавалі амаль 5,6 мільёна цыгарэтаў і амаль 7,7 тоны рэзанага тытуню. Магчымыя страты польскага бюджэту ад падпольнай вытворчасці ацэньваюцца на прынамсі 15 мільёнаў злотых (3,6 мільёна долараў).

Таксама былі знойдзеныя больш за 1,4 мільёна злотых (340 тысяч долараў) у розных валютах, якія былі схаваныя ў ложках, шафах, каміне. Апараты, якія ўваходзяць у набытую прафесійную тэхналагічную лінію для вытворчасці цыгарэтаў, каштуюць амаль 2 мільёны злотых (485 тысяч долараў).

Затрыманым выставілі абвінавачанне ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе і здзяйсненні фінансавых злачынстваў. Акруговы суд Любліна арыштаваў іх на тры месяцы.

Аўтамабіль з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі пратараніў машыну літоўскіх памежнікаў

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны