Пуцін заклікаў да дыялогу. А што раней у Крамлі казалі пра палітычны крызіс у Беларусі?


Belsat.eu распавядае, як расейскія ўлады каментавалі палітычны крызіс у Беларусі са жніўня 2020 года і як карэктавалі сваю рыторыку.

Жнівень-2020: віншаванні, прызнанне праблемаў і рэзерв сілавікоў

10 жніўня прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін накіраваў Аляксандру Лукашэнку віншавальную тэлеграму ў сувязі з «перамогаю» на прэзідэнцкіх выбарах.

Уладзімір Пуцін.
Фота: Станіслаў Красільнікаў / TASS / Forum

19 жніўня прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў: тое, што адбываецца ў Беларусі, – унутраная справа гэтай краіны. Ён таксама выказаў шкадаванне, што назіраюцца спробы замежнага ўмяшання ў сітуацыю, але не растлумачыў, што гэта за спробы і з якога боку. Ад ацэнкі масавых пратэстаў і гвалту сілавікоў Пяскоў ухіліўся. Прадстаўнік Крамля толькі заявіў, што «ўсе павінны рабіць усё неабходнае, каб былі створаныя ўмовы для захавання сітуацыі ў межах прававога поля, у якім мог бы ажыццяўляцца неабходны дыялог».

27 жніўня расейскае кіраўніцтва ўпершыню выразна пракаментавала драматычныя падзеі ў Беларусі. У інтэрвʼю тэлеканалу «Россия» Пуцін зазначыў, што праблемы ў Беларусі, вядома, ёсць, «інакш людзі б на вуліцы не выходзілі». Паводле Пуціна, «калі людзі выйшлі на вуліцу, усе павінны з гэтым лічыцца, чуць гэта, рэагаваць». У якасці рэакцыі на тое, што адбываецца, ён спаслаўся на заявы Лукашэнкі пра гатовасць зрэалізаваць канстытуцыйную рэформу, правесці новыя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары.

Адначасова Пуцін паведаміў, што Лукашэнка звярнуўся да яго па сілавую падтрымку: «Аляксандр Рыгоравіч папрасіў мяне сфармаваць пэўны рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў, і я гэта зрабіў. Але мы дамовіліся таксама, што ён не будзе выкарыстаны да таго часу, пакуль сітуацыя не будзе выходзіць з-пад кантролю».

Верасень-2020: адвод рэзерву і выразная крытыка апазіцыі

14 верасня, пасля перамоваў Лукашэнкі і Пуціна, у Крамлі заявілі, што рэзерв расейскіх сілавікоў, створаны на мяжы з Беларуссю, адправяць у месцы сталай дыслакацыі.

18 верасня кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў, адказваючы на ​​пытанне каналу RTVi, ці не засядзеўся Лукашэнка, адзначыў, што Лукашэнка «прапанаваў вельмі перспектыўную ідэю – канстытуцыйную рэформу». І ў гэтым яго падтрымлівае Пуцін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Як сказаў беларускі лідар, пасля канстытуцыйнай рэформы ён будзе гатовы абвесціць датэрміновыя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. Гэтая прапанова паказвае межы, у якіх цалкам магчымы нацыянальны дыялог», – падкрэсліў міністр.

Лаўроў тады дадаў, што да канстытуцыйнай рэформы павінны быць прыцягнутыя «прадстаўнікі ўсіх слаёў беларускага грамадства», аднак не растлумачыў, каго ён мае на ўвазе ў гэтым выпадку. Паралельна ў тым інтэрв’ю Лаўроў выступіў з крытыкаю Святланы Ціханоўскай, якая нібыта «кажа не сваім голасам» і якую выкарыстоўваюць вонкавыя сілы «шмат у чым уцёмную». Ён дадаў, што заклікі Ціханоўскай да сілавікоў «перайсці на бок закону» – гэта крымінальнае злачынства.

Фактычна, гэта быў першы выпадак, калі Масква выступіла з адназначнаю крытыкаю беларускай апазіцыі.

Лістапад – снежань – 2020: курс на мадэрнізацыю і план генерала Чарнова

У пачатку кастрычніка Святлана Ціханоўская апынулася ў базе вышуку МУС РФ на падставе распачатых супраць яе ў Беларусі крымінальных справаў.

Сяргей Лаўроў пацвердзіў падтрымку канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі, «накіраванай на мадэрнізацыю палітычнай сістэмы ды нармалізацыю абстаноўкі» ў кастрычніку і лістападзе (а паралельна зноў крытыкаваў беларускую апазіцыю). Аднак пры гэтым кіраўнік МЗС РФ ні разу не патлумачыў, у якой менавіта мадэрнізацыі ды якіх канстытуцыйных зменах зацікаўлены Крэмль.

Афіцыйна пра гэта так і не было заяўлена, але ў снежні выданне «The Insider» апублікавала дакументы з Адміністрацыі прэзідэнта РФ, падрыхтаваныя ўпраўленнем, якое ўзначальвае генерал Службы вонкавай выведкі Уладзімір Чарноў. У гэтых дакументах, прысвечаных праблеме захавання ды пашырэння расейскага ўплыву ў Беларусі ў тым ліку закраналася і тэма канстытуцыйнай рэформы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Паводле выдання, у сваім выступе на нарадзе ў Крамлі 3 кастрычніка 2020 года Чарноў адзначаў, што ў Беларусі «расце масавае і глыбіннае непрыманне прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, якое ўсё мацней захоплівае адміністрацыйныя пласты». Таму Чарноў раіў расейскаму кіраўніцтву прымусіць улады Беларусі вызначыць дакладныя тэрміны правядзення рэферэндуму ў справе новай Канстытуцыі, а таксама час датэрміновых выбараў. Менавіта гэта, на думку генерала, дазволіць стабілізаваць грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне. А ўжо пасля канстытуцыйнай рэформы Расея мусіць атрымаць прарасейскую большасць у новым беларускім парламенце, «што зробіць унутраную і вонкавую палітыку краіны больш вызначанаю».

Люты-2021: канстытуцыйныя прапановы Лукашэнкі і стрыманая рэакцыя Масквы

Канкрэтныя тэрміны канстытуцыйнай рэформы ды агульны яе змест Лукашэнка акрэсліў падчас выступу на Усебеларускім народным сходзе 11 лютага 2021 года. Ён прапанаваў надаць УНС канстытуцыйныя паўнамоцтвы, каб мець падстрахоўку на той выпадак, калі «да ўлады прыйдуць не тыя і ў іх будуць іншыя погляды». «Уся ўлада будзе ва Усебеларускага народнага сходу, у вас. Нават без мяне», – заявіў Лукашэнка.

Што датычыць тэрмінаў рэалізацыі канстытуцыйнай рэформы, то ён паабяцаў правесці рэферэндум не пазней за люты 2022 года і дасюль настойвае на гэтым тэрміне. Гэта супярэчыла абяцанням афіцыйнага Менску, дадзеных, паводле РБК, Расеі і АБСЕ ў верасні 2020-га: тады ўлады Беларусі казалі, што канстытуцыйнай рэформа нібыта будзе зрэалізаваная да 2022 года. Аднак самае галоўнае, што ў 2021-м у рыторыцы Лукашэнкі цалкам зніклі любыя намёкі на датэрміновыя выбары пасля змены Канстытуцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

У Крамлі правядзенне УНС ацанілі як пазітыўны факт, а вось зместу прапановаў Лукашэнкі не каментавалі. Сваю зацікаўленасць да тэмы канстытуцыйнай рэформы Масква працягвала праяўляць і далей. Напрыклад, у ліпені 2021 года Лаўроў чарговы раз выказаў надзею, што «гэты працэс прывядзе да канчатковай нармалізацыі сітуацыі ў Беларусі». Але пры гэтым расейскае кіраўніцтва публічна больш не закранала тэмы датэрміновых выбараў, якія нібыта мусілі прайсці ў Беларусі пасля канстытуцыйнай рэформы.

Вясна – лета – 2021: падтрыманне рэпрэсіяў

Увесну і ўлетку 2021 года Крэмль працягваў дэманстраваць падтрымку палітыкі Лукашэнкі.

У красавіку ФСБ брала ўдзел у спецаперацыі для выкрыцця планаў «вайсковага перавароту», афіцыйную версію спецслужбаў публічна падтрымаў Уладзімір Пуцін.

Дзяржаўны сакратар Расеі Мікалай Патрушаў, які наведаў Беларусь у самыя рэпрэсіі, заявіў, што «вока цешыцца тым, што адбываецца тут».

Таксама ў Маскве выказвалі падтрыманне рэжыму Лукашэнкі ў кантэксце заходніх санкцыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пры гэтым у траўні з незразумелых прычынаў звесткі Святланы Ціханоўскай зніклі з базы вышуку МУС РФ.

Восень-2021: супярэчлівыя сігналы

У пачатку кастрычніка Крэмль раскрытыкаваў атаку ўладаў Беларусі на газету «Комсомольская правда в Беларуси». 1 кастрычніка Пяскоў заявіў, што абмежаванне доступу да інфармацыі сайту выдання пярэчыць прынцыпу свабоды СМІ і ў Крамлі «катэгарычна не згодныя з гэтым». Змагацца за «КП» расейскія ўлады не сталі і дазволілі Лукашэнку выціснуць газету з Беларусі. Але гэта быў хіба што адзіны выпадак з пачатку беларускага палітычнага крызісу, калі Крэмль адназначна асудзіў рэпрэсіўную акцыю рэжыму Лукашэнкі.

Меркаванні
Ці азначаюць званкі Мэркель, што Лукашэнка «нахіліў» Еўропу?
2021.11.18 17:27

На фоне скандалу вакол «КП» быў адменены візіт Пуціна ў Менск на саміт СНД, а ў сеціва злілі вынікі закрытага даследавання Усерасейскага цэнтру вывучэння грамадскай думкі (ВЦИОМ), якое сведчыла, што рэйтынг Лукашэнкі істотна саступае рэйтынгу апазіцыйных палітыкаў. А напярэдадні паседжання Найвышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы на радыёстанцыі «Эхо Москвы» (кантрольным пакетам якой валодае «Газпром-медиа») выйшла вялікае інтэрв’ю са Святланаю Ціханоўскаю.

Нарэшце 18 лістапада Уладзімір Пуцін, выступаючы на ​​пашыраным паседжанні калегіі МЗС, заявіў:

«Так, мы ведаем, што сітуацыя ў Беларусі супакоілася ўнутры краіны, але тым не менш праблемы ёсць, і мы цудоўна разумеем гэта. І, вядома, заклікаем да дыялогу паміж уладамі ды апазіцыяй».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Варта адзначыць, што слова «дыялог» у кантэксце развязання палітычнага крызісу ў Беларусі з’явілася не ўпершыню. Але раней яно заўсёды выкарыстоўвалася расейскім кіраўніцтвам у кантэксце рэалізацыі канстытуцыйнай рэформы. Цяпер Крэмль упершыню агучыў заклік менавіта да наўпроставага дыялогу ўладаў і апазіцыі. Але пры гэтым Пуцін не ўдакладніў, каго ён мае на ўвазе пад апазіцыяй, з якой Лукашэнку варта весці дыялог.

Hавiны
Валер Карбалевіч: «Заклік Пуціна да перамоваў з апазіцыяй – гэта тролінг Лукашэнкі»
2021.11.18 21:43

РР belsat.eu

Стужка навінаў