Псіхолаг: Сілавікі цяпер на вайне, нават дзяўчына з кветкамі – для іх вораг


Тое, з чым беларусы сутыкнуліся ў жніўні мінулага года, выклікала шок і непаразуменне. Такога гвалту з боку сілавікоў ніхто не чакаў. Псіхолагі тлумачаць прычыны гэтага гвалту і кажуць, што дыялог у нашым грамадстве цяпер проста немагчымы: сілавікі лічаць, што яны на вайне, а іншае меркаванне для іх – няправільнае.

Агрэсія ўзнікла не на пустым месцы, а гвалт заўсёды толькі расце, сцвярджае псіхалог, якая на ўмовах ананімнасці пагадзілася прааналізаваць сітуацыю ў грамадстве і перспектывы, якія нас чакаюць у бліжэйшай будучыні. Працягваем рубрыку «Як жыць будзем?».

Беларусы выйшлі на акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. У сталіцы няма сувязі, цэнтр гораду ачэплены вайскоўцамі, мірных пратэстаўцаў брутальна разганяюць. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Вытокі агрэсіі і прычыны гвалту

Калі глядзець на ўзнікненне агрэсіі, то гэта рэакцыя на вонкавы свет. Псіхолаг звяртае ўвагу, што кліенты з агрэсіяй – гэта, як правіла, асобы, моцна пакрыўджаныя ў дзяцінстве.

«Гэта, я б сказала, «якасныя траўматыкі», якія не маглі абараніць сябе ў дзяцінстве. І сёння яны праяўляюць агрэсію як прэвентыўны ўдар. І гэты механізм у такіх асобаў працуе ўвесь час. Ён ідзе як абарончая рэакцыя арганізму, псіхікі. Праблема агрэсіі вельмі востра праяўляецца ў спартоўцаў, якія займаюцца байцовымі відамі спорту, таксама ў міліцыянтаў, вайскоўцаў ёсць такая ж праблема. І чалавек абірае гэтыя віды жыццядзейнасці не проста так. Спартоўцы ж звычайна накопліваюць энергію агрэсіі і потым на рынгу выплюхваюць яе. А ў іншых людзей гэтая агрэсія перанакіроўваецца ў свет, на навакольных».

Пры гэтым не трэба блытаць агрэсію і гвалт. Суразмоўца «Белсату» кажа, што пазбаўляцца агрэсіі можна праз заняткі спортам. А вось гвалт – гэта форма рэалізацыі агрэсіі. І звычайна гвалт узмацняецца. Спачатку праяўляецца псіхалагічны гвалт, які перарастае ў фізічны. І фінал можа быць фатальны. Але пік гвалту, які ацэнім як дзясятку на дзесяцібальнай шкале, адбываецца вельмі і вельмі рэдка, магчыма, у стане афекту.

ВІДЭА
Чаму Лукашэнку рана святкаваць перамогу і чаму новыя пратэсты магчымыя? Тлумачаць псіхолагі
2021.10.21 14:41

 

Гвалт пры існым рэжыме не спыніцца

Гвалт у нашай краіне будзе працягвацца, лічыць псіхолаг, бо ў сілавікоў проста няма іншага варыянту. Узровень гвалту, паказаны нам, не адэкватны ў дачыненні нашай рэчаіснасці. У нас не было вайны, мы ж не Сірыя, напрыклад. Менавіта таму гэтая дэманстрацыя стала шокам. Людзі траўмаваныя. Усе мы цяпер маем траўмы сведак або непасрэдных ахвяраў гвалту сілавікоў. Узровень гвалту ў краіне быў на максімуме. Пасля гэтага прадугледжваецца пэўны спад, але потым ён крок за крокам усё роўна будзе расці. Калі збудаваць ланцуг паслядоўнасці ўзнікнення гвалту, то спачатку стаіць страх, затым агрэсія і потым гвалт. Мне страшна, ува мне нараджаецца агрэсія і я выплюхваю агрэсію ў выглядзе гвалту.

Ці прывядзе гвалт да адказнага гвалту?

Не заўсёды так адбываецца. Ахвяра пачынае змагацца ў тым выпадку, калі разумее, што памірае. Агулам ахвярам не ўласцівая агрэсія. Звычайна ахвяра чакае аж да апошняга моманту, кажа адмысловец.

Увогуле мірны чалавек, які вырас у цывілізаваным грамадстве, не будзе агрэсарам. Але мы бачым, што тыя, хто чыніў гвалт, – гэта асобы, якія нарадзіліся з намі ў адной краіне, яны ходзяць па адных вуліцах з намі, яны хадзілі з намі ў школу. І мы можам меркаваць пра нейкую адмоўную выбарку, селекцыю. Такое адчуванне, што гэтых асобаў выбіралі адмыслова, каб яны былі гатовыя да такога ўзроўню гвалту. Гэта асобы, якія маюць садысцкія схільнасці, іх лёгка вызначыць на тэставанні. Таму ёсць адчуванне, што такіх адмыслова выбіралі.

«Больш за тое, гвалт цяпер трансфармуецца. Ён не знік, на тым жа самым узроўні, але выкарыстоўваецца не для фізічнага, а для маральнага знішчэння. А маральна скалечаны чалавек – таксама траўмаваны, як і фізічна. Аднаўляцца трэба вельмі доўга і складана. Таму ўзровень гвалту ў нашай краіне надалей застаецца на дзясятцы, наш свет проста развальваецца. Псіхатраўма – гэта траўма, якая цалкам знішчае наш свет. У грамадзянаў нашай краіны ўжо развіўся посттраўматычны сіндром».

Артыкулы
Маўчаць ці каяцца? Як не згубіць сябе, калі ГУБАЗіК вымагае пакаянняў
2021.10.18 10:33

Рэальнасць і страчаная рэчаіснасць

Людзі на волі адаптоўваюцца, спрабуюць жыць звычайным жыццём. Але ў тых, хто за кратамі, такой магчымасці няма.

«Тут прывяду толькі прыклад Машы Калеснікавай, якая малайчына, яна за сваю рэчаіснасць трымаецца дзякуючы музыцы. Гэта адзіны спосаб выжыць. Бо гэта дапамагае ёй захаваць сваю псіхіку больш-менш стабільнай. А вось я не бачу, што Сцяпан Латыпаў застаўся ў рэальнасці. Сілавікі імкнуцца замяніць рэальнасць чалавека на іншую, на якую ён пачынае рэагаваць неадэкватна. Ягоныя дзеянні – яны неадэкватныя».

Што да справы Андрэя Зельцара, то тут псіхолаг кажа, што бачыць больш пытанняў, чым адказаў. Адмысловец звяртае ўвагу, што на відэа Зельцар не ў стане стрэсу. І гэта ненатуральна, гэта нейкая гульня, такая сітуацыя выклікае недавер. У Зельцара няма мімікі, няма рэакцыі. Нават калі меркаваць, што ён быў ахвярай, якую давялі да таго, каб даць сілавы адказ, то ўсё роўна было б больш рацыянальна для асобы, якая здольная думаць, проста стаць каля сценкі з рукамі над галавой, каб захаваць сваё жыццё. У гэтай справе напрошваецца выснова, што адбылося самазабойства чужымі рукамі.

Шчыра кажучы
Ці могуць беларусы паўтарыць учынак Андрэя Зельцара? Адказваюць псіхолагі
2021.10.20 20:05

А як жа сумленне, пачуццё сораму і адказнасць за гвалт?

Сілавікі не маюць пачуцця сораму за гвалт, які чынілі і чыняць, кажа суразмоўца «Белсату». Псіхолаг прапаноўвае глядзець на сітуацыю шырэй. Вось прыклад: ёсць чалавек, які вырас недзе ў правінцыі. Дзяцінства прайшло, скажам, так сабе. Мама была ахвярай бацькі, які злоўжываў алкаголем і мог распускаць рукі. У выніку ў чалавека вялікае жаданне з’ехаць як мага далей з гэтага месца. І гэтая асоба, якая часта сутыкалася ў дзяцінстве з гвалтам, едзе ў Менск, паступае на службу ў сілавыя структуры. А тут гвалт – гэта легальна.

«Больш за тое, я, назіраючы за сілавікамі, не бачыла шмат асобаў з крытычным мысленнем. А сорам, віна і сумленне – гэта самакрытыка, крытычнае мысленне. Таму адкуль можа ўзнікнуць пачуццё сораму, калі чалавек не разумее, што ён зрабіў нешта не так. Я магу меркаваць, што сярод іх існуе дзедаўшчына, нейкая форма гвалту, бо гвалт сілавікі чынілі так, нібыта адпрацавалі гэта сотні разоў».

Фільмы
Пасля катаванняў снілася, як пераразаюць горла
2021.10.14 20:05

Увогуле, у сілавікоў свая рэальнасць. Яны не жывуць нашай рэальнасцю. Той жа АМАП, напрыклад, зазнае вельмі моцнае ідэалагічнае апрацоўванне. Ім тлумачаць, што ёсць такое меркаванне, а ўсё іншае – няправільна. А з улікам адсутнасці крытычнага мыслення яны не могуць думаць і рабіць высноваў. Акрамя таго, прапаганда вельмі кропкава б’е па базавых патрэбнасцях чалавека.

«Ім кажуць, што не будзе бяспекі, а гэта самая важная базавая патрэбнасць. Палохаюць сілавікоў і тым, што ў іх не будзе заробкаў, адпаведна – не будзе ежы. Кажуць, што будуць забіваць іхных дзяцей. У выніку ўсё гэта заводзіць вельмі моцны страх. І нават калі раней нехта з іх могуць аналізаваць і думаць, то калі ўключаецца страх, мазгі выключаюцца. І гэты ўзровень страху падсілкоўваюць. Уў выніку сілавікі апынуліся нібы на вайне. Яны так мысляць. Іх рыхтавалі да гэтага. Таму яны лічаць, што маюць рацыю і робяць правільныя захады. Гэты мы не ваюем, але мы іх ворагі. І нават дзяўчаты з кветкамі – для іх ворагі. Таму мы недаацэньвалі той бок, сітуацыю. Мы хочам дыялогу і гатовыя да яго, ніхто не збіраецца нешта развальваць. Але з іншага боку з намі ваююць. Атрымліваецца канфлікт установак. Таму яны лічаць, што катэгарычна маюць рацыю».

Артыкулы
«Свет ведае, што са зняволенымі робяць у турмах». Як брытанскія палітыкі становяцца хроснымі беларускіх палітвязняў
2021.08.12 11:54

Што будзе далей?

Кожная існая сістэма імкнецца да развіцця. Дзеля гэтага развіцця сістэме патрэбныя новыя людзі, ідэі, рэсурсы. Сістэма з часам мусіць адмаўляцца ад некаторых састарэлых устояў, і гэта нармальна. Але апошнія 27 гадоў сістэма не развівалася. Мы бачым проста перастаўленне элементаў сістэмы, чым стваралася ілюзія развіцця. Але ілюзія не дасць вынікаў. Калі сістэма не прыцягвае нешта новае ў сябе, яна стагнуе і развальваецца. Раней ці пазней існая сістэма ў Беларусі разваліцца. Людзі, якія працуюць у сістэме, сыходзяць, звальняюцца. Адпаведна, пунктаў апоры сістэмы робіцца меней. Таму нам патрэбен час.

«Усё ў любым выпадку зменіцца. Нацыю немагчыма спыніць. І ўзнікае пытанне: а што будзе з тымі людзьмі, якія не маюць крытычнага мыслення? Гэтыя людзі на вайне ўжо амаль паўтара года. Але хто іх будзе сацыялізаваць, адаптаваць, лячыць? Я дакладна не буду».

Псіхолаг падкрэслівае, што не абавязаная дапамагаць кожнаму, бо не медык. Але выказвае таксама думку, што адаптацыя сілавікоў, кожны з якіх будзе з вайсковым посттраўматычным сіндромам, – у інтарэсах грамадства.

Парады
Псіхолаг раіць, што рабіць, калі чакаеш пераменаў, а добрых знакаў няма
2021.10.01 08:40

СК belsat.eu

Стужка навінаў