Гібрыдны прарыў ці прыняцце ўлады Лукашэнкі ў якасці аб'ектыўнага зла?

Тэлефонная размова выканальніцы абавязкаў нямецкага канцлера Ангелы Мэркель і Аляксандра Лукашэнкі неабходна разглядаць у некалькіх плоскасцях: міжнароднай, палітычнай і псіхалагічнай. У той ці іншай ступені яго ўжо можна разглядаць як гібрыдны прарыў рэжыму Лукашэнкі.

З аднаго боку, размова Мэркель і Лукашэнкі выклікала хвалю крытыкі як у самой Нямеччыне, так і ў Еўрапейскім Звязе. Прычынаю такой рэакцыі была поўная нечаканасць «смелай» ініцыятывы Мэркель, якая ішла насуперак, здавалася б, агульнай пазіцыі еўрапейскіх краінаў у дачыненні ўладаў Беларусі. Больш за тое, размова вялася за спінамі афіцыйных Варшавы і Вільні, якія прынялі на сябе асноўны ўдар гібрыднай атакі Лукашэнкі. Калі б Польшча і Літва не ўвялі жорсткіх захадаў, Беларусь ператварылася б у стабільны транзітны калідор, а ЕЗ давялося б мець справу не з тысячамі, а з дзясяткамі тысяч мігрантаў. Адпаведна, дзеянні Мэркель дэманструюць як неразуменне прычынаў і магчымых наступстваў гібрыднай палітыкі Лукашэнкі, так і сур’ёзную дэкансалідацыю ў пазіцыях еўрапейскіх краінаў у пытанні беларускага рэжыму.

У афармленні выкарыстаныя фотаздымкі Fabrizio Bensch / Reuters / Forum і БЕЛТА / Forum

У сваю чаргу стварэнне ўмоваў для вядзення «ценявой палітыкі» – адна з мэтаў усіх аўтарытарных рэжымаў, якія імкнуцца такім чынам праціскаць свае інтарэсы ў Еўропе ды маргіналізаваць становішча апазіцыі.

Усё гэта – важная праблема для ЕЗ, бо стварае прастору для ўнутраных супярэчнасцяў і недаверу, а таксама вызначае асаблівыя падыходы і прыярытэты асобных еўрапейскіх краінаў у дачыненні беларускага аўтарытарызму.

З іншага боку, нямецкая лідарка зрабіла тое, што хацелі, але не маглі іншыя палітыкі, тое, што ўжо закладзена ў культуры ды нормах паводзінаў еўрапейскіх палітыкаў, а менавіта – уцёкі ад канфлікту. Еўропа чарговы раз аказалася не гатовая да крызіснай сітуацыі і аддала перавагу традыцыйнаму падыходу – «дыялогу».

У гэтым істотная псіхалагічная перавага аўтарытарных лідараў над дэмакратычнымі. У заходніх грамадствах гатовасць ісці на саступкі не ўспрымаецца як слабасць, а, наадварот, як умелы пошук кампрамісу, ледзь не мудрасць. Адпаведна, падатлівасць закладзеная ў палітычную культуру, што выдатна разумеюць праціўнікі Захаду і паспяхова выкарыстоўваюць такую псіхалагічную асаблівасць. Падатлівасць таксама не ўспрымаецца як параза, адпаведна, за падобныя крокі не трэба апраўдвацца. Гэтая захада накіраваная на ўмоўнае развязанне канфлікту, аддаленне яго вострай фазы.

Юрый Караеў і мігранты ў транспартава-лагістычным цэнтры «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы. Больш за 500 мігрантаў пакінулі намётавы лагер на мяжы Беларусі з Польшчай і пераехалі ў цэнтр «Брузгі», дзе ім прапанавалі часовае размяшчэнне. Гарадзенская вобласць, Беларусь. 18 лістапада 2021 года.
Фота: Леанід Шчаглоў / TASS / Forum

У сваю чаргу аўтарытарныя лідары, якія абапіраюцца на пастаянную дэманстрацыю сваёй «жалезнай волі», не могуць дазволіць сабе саступак, бо такія крокі ўспрымаюцца выключна як слабасць. Гэта пагражае стратай пазіцыі ў краіне (стратаю падтрымання) і можа прывесці да праблемаў у самой сістэме. Спіраль агрэсіі, раскручаная інфармацыйнаю вайною, патрабуе перамогі.

Развязаўшы канфлікт, такі лідар мусіць ісці ва-банк, уключаць усе рэсурсы, найперш псіхалогію агрэсіі: сумесі варʼяцтва і разнастайных элементаў простага запалохвання. Пры гэтым у аўтарытарных сістэмаў няма сродкаў падтрымліваць канфлікт у доўгатэрміновай перспектыве альбо рэальна супрацьстаяць Захаду. Іншымі словамі, агрэсіўная, імпульсіўная атака на псіхіку заходніх палітыкаў (у меншай ступені грамадстваў) іхнай культуры – блеф. Мэта – вымусіць пайсці на саступкі і прасунуцца наперад, умацаваць свае пазіцыі.

Аналітыка
Гаворка пра мільярды долараў. Колькі можа страціць Беларусь ад закрыцця мяжы з Польшчай
2021.11.19 09:00

Адпаведна, факт размовы Мэркель і Лукашэнкі ёсць паказнікам таго, што дыктатар Беларусі атрымаў неабходную палітычную і псіхалагічную перавагу. Яму ўдалося стварыць праблему Еўрапейскага Звязу, і, як аказалася, у апошняга няма магчымасці, а найперш волі развязваць яе далейшым ціскам на рэжым Лукашэнкі.

Тым не менш варта разумець, што няма ніякіх перадумоваў для спынення крызісу, бо не зліквідаваная яго ключавая прычына – Лукашэнка. Крызіс, хутчэй за ўсё, прыме іншыя формы і змест, яго праява будзе залежыць ад таго, наколькі ўстойлівым будзе ЕЗ у будучыні.

1. Калі ціск з боку Захаду ўзмоцніцца, то атака пачнецца з новай сілай і больш апантана. Хутчэй за ўсё, «уцекачамі» стануць «зялёныя чалавечкі» з лукашэнкавых службаў, якія ўжо цяпер правакуюць канфлікты на мяжы. Еўропу палохаюць не толькі мігранты, але сам факт напружання і канфлікту ля яе межаў. Лукашэнка гэта разумее і адмаўляцца ад такога (эфектыўнага) інструменту не стане. Да таго ж, простая канфрантацыя з Захадам – мара расейскіх ідэолагаў і прапагандыстаў. Расейскія афіцыйныя СМІ ўжо паказваюць Лукашэнку як палітыка, які рэалізуе стратэгічныя задумы Масквы, і падштурхоўваюць да далейшых агрэсіўных дзеянняў. Палітыка Лукашэнкі – сублімацыя жаданняў Масквы прадэманстраваць сваю моц. Таму калі раней беларускі дыктатар зарабляў на гандлі «сяброўствам», то цяпер ён можа атрымаць наўпроставае падтрыманне на наўпроставай канфрантацыі з Захадам.

2. Для Лукашэнкі тэлефонная размова – толькі маленькая частка поспеху. На сёння ён дамогся важных саступак для ўзмацнення пазіцыяў: а) мінімальная кампенсацыя за «ўтрыманне» і дэпартацыю нерэгулярных мігрантаў (700 тыс. еўраў). Але сума значэння не мае і пазначаецца выключна ў мэтах фіксацыі капітуляцыі Захаду перад сілаю; б) магчымасць арганізаваць зялёны калідор праз Польшчу (іншы шлях) у Нямеччыну. Гэта дазваляе пазбавіцца непатрэбнай міграцыйнай нагрузкі на сістэму ў зімовы перыяд.

3. Захадам прымае рэжым і ўладу Лукашэнкі як абʼектыўнае зло, з якім неабходна лічыцца і ўжывацца, а таксама весці з ім перамовы. Вядома, гэта ўмацоўвае становішча Лукашэнкі ў краіне, аслабляе ўплыў апазіцыі. Узмацняе расчараванне ў Беларусі. Магчыма, разуменнем устойлівасці рэжыму часткова і быў справакаваны званок Мэркель у Менск. Можна выказаць здагадку, што раней ёй была выразна агучаная пазіцыя Крамля – Лукашэнка застаецца, і Еўропе давядзецца мець справу з ім.

Чытайце таксама:

Павел Усаў / МВ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў