Генерал-маёр СБУ Віктар Ягун лічыць, што мігрантаў на ўкраінскай мяжы спыняць балоты і зіма


Украіна атрымала першы трывожны званок. Напярэдадні на тэрыторыю гэтай краіны хацелі трапіць 15 мігрантаў з усходнеазіяцкіх краін. Іх не прапусцілі, але ніхто не выключае, што паток мігрантаў можа скіравацца і да межаў Украіны.

Пра гэта ў размове ў студыі «Белсату» сказаў генерал-маёр СБУ ў запасе Віктар Ягун.

Віктор Ягун.
Фота: Дарія Давиденко / Апостроф

«Ці Украіна будзе наступная? Ніхто не выключае такой магчымасці. Усе разумеюць і ўсе рыхтуюцца да таго, што паток можа скіравацца ў бок Украіны», – сказаў Віктар Ягун.

Эксперт выказаў спадзяванні, што Украіна здолее абараніць сябе, і звярнуў увагу на тое, што ўкраінска-беларуская мяжа не такая празрыстая, як польска-беларуская – з чыста прыродных прычын.

«Нам можа дапамагчы прыродны фактар: усталюецца халоднае надвор’е, а таксама дапаможа балоцістая мясцовасць на мяжы Беларусі і Украіны. Гэта спрыяе таму, што мяжа будзе не такой празрыстай, як беларуска-польская», – сказаў былы супрацоўнік службы бяспекі Украіны.

Ён высока ацаніў дзеянні польскіх і літоўскіх памежнікаў і сказаў, што самым моцным крокам было папярэджанне аб прыпыненні чыгуначнага руху польскім бокам.

«Гэта ўжо спрычынілася да панікі ва ўладных структурах Беларусі, таму што транзіт – гэта адзінае, на чым Беларусь зарабляе валюту», – лічыць Віктар Ягун.

У той жа час суразмоўца «Белсату» выказаў скептычнае стаўленне да ідэі адгароджвацца ад Беларусі сценамі.

«Яны не стрымліваюць патокі мігрантаў. Праблемы трэба развязваць базава – у месцах пражывання патэнцыйных мігрантаў. На жаль, сітуацыя зараз на Блізкім Усходзе такая, што Расея ў першую чаргу можа маніпуляваць гэтымі патокамі, і яна гэтым напоўніцу карыстаецца», – заявіў генерал-маёр СБУ ў запасе Віктар Ягун.

Цалкам размову з былым супрацоўнікам службы бяспекі Ўкраіны глядзіце на «Белсаце».

ЗК, «Белсат»

Стужка навінаў