Гаворка пра мільярды долараў. Колькі можа страціць Беларусь ад закрыцця мяжы з Польшчай


Польшча ў адказ на створаны Менскам міграцыйны крызіс пагражае закрыць межы з Беларуссю. Лукашэнка ў адказ пагражае зрабіць гэта першым. А колькі ў такім выпадку можа страціць нашая краіна?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Раён вандроўкі мімгрантаў ля Кузніцы-Беластоцкай, Польшча. 14 лістапада 2021 года.
Фота: Irek Dorozanski / DWOT

Хто і што кажа

На фоне спробаў афіцыйнага Менску з дапамогаю мігрантаў прарваць мяжу з Польшчаю польскі бок яшчэ 9 лістапада закрыў памежны пераход у Кузніцы», які найбольш падвяргаўся атакам з Беларусі. Гэта ўжо выклікала пэўныя цяжкасці, хай і не вельмі крытычныя, для лагістычных кампаніяў.

Пры гэтым у Варшаве папярэдзілі, што гаворка можа ісці не толькі пра «Кузніцу»: польскія ўлады разглядаюць варыянт поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю ў сувязі з міграцыйным крызісам.

«У далейшых сцэнарах такі варыянт улічваецца», – паведаміў прэс-сакратар ураду Польшчы Пётр Мюлер.

Hавiны
Польшча можа цалкам закрыць мяжу з Беларуссю
2021.11.10 13:03

Пры гэтым гаворка ідзе не толькі пра аўтамабільныя пункты пропуску, але і пра чыгуначныя, дадаў міністр унутраных справаў Мар’юш Каміньскі.

«Яны будуць у поўнай ізаляцыі – не толькі палітычнай, але і эканамічнай», – папярэдзіў ён.

Першы ў чарзе на закрыццё чыгуначны пункт пропуску паблізу КПП у Кузніцы. Польшча закрые яго, калі сітуацыя з мігрантамі не стабілізуецца да 21 лістапада.

На Менск, праўда, гэтыя пагрозы, прынамсі, пакуль не дзейнічаюць. І пагражаюць нават у адказ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чарга з фураў перад памежным пераходам «Баброўнікі» на польска-беларускай мяжы расцягнулася амаль на 28 кіламетраў. Такі ажыятаж назіраецца ў сувязі з закрыццём пераходу ў Кузніцы з раніцы. Гміна Баброўнікі, Польшча. 10 лістапада 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

«Польшча нас палохае, што закрые мяжу. Калі ласка, закрывайце: менш уцеклых туды будзе перамяшчацца. Пытанне не ў гэтым. Я проста паслухаў гэтых мярзотнікаў, якія ўвогуле безгаловыя. А калі мы закрыем транзіт праз Беларусь? Праз Украіну не пройдзе: там расейская мяжа закрытая. Праз Прыбалтыку дарог няма. Калі мы закрыем для палякаў і, напрыклад, для немцаў: што будзе тады? Мы не павінны, абараняючы свой суверэнітэт і незалежнасць, спыняцца – ні перад чым», – заявіў Лукашэнка 11 лістапада.

«Падумваюць пра поўнае закрыццё межаў з Беларуссю. Ды калі ласка. Калі больш няма чым займацца, мы не пярэчым», – паўтарыў ён жа ўжо 16 лістапада.

Але такія пагрозы не выклікалі разумення ўжо ў Крамлі.

Плавалі – ведаем

Што цікава, гэта ўжо не першая пагроза перакрыць транзіт праз Беларусь, што гучыць з вуснаў Лукашэнкі. Нават у 2021 годзе. Гэтак, яшчэ 6 ліпеня Лукашэнка прыгразіў даць адказ на еўрапейскія санкцыі за пасадку «Ryanair» з журналістам Раманам Пратасевічам:

«Няхай праз Фінляндыю ў Кітай і Расею пастаўляюць сваю прадукцыю. Або праз Украіну (там добрыя дарогі) няхай едуць і пастаўляюць туды».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гміна Баброўнікі, Польшча. 10 лістапада 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Ён у прыватнасці заявіў, што трэба «зрабіць усе захады, каб яны адчулі, што такое Беларусь. І, перш чым брацца за эканамічную зброю, думалі».

Але тады гэтыя словы так і засталіся словамі. Пагатоў у Расеі, куды ў тым ліку Лукашэнка пагражаў абмежаваць пастаўкі, паставіліся да гэтага не вельмі прыязна.

«Безумоўна, парушэння нейкіх экспартна-імпартных ланцужкоў выключаць нельга, і, вядома, гэта пытанне для вельмі сур’ёзнай працы ў мінімізацыі наступстваў падобных рашэнняў», – сказаў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.

Пагрозы ўжо выконваюцца?

Аналітыка
Грандыёзнае глупства ці ўзгоднены шантаж? Якую ролю грае Расея ў газавых пагрозах Лукашэнкі
2021.11.16 17:00

Пакуль пытанне, закрые Лукашэнкі межы ці гэта зробяць праз ягоныя паводзіны, застаецца адкрытым. Між тым разам з пагрозамі перакрыць пастаўкі тавараў ён казаў і пра магчымае перакрыццё газаправоду Ямал – Еўропа.

А ўжо 17 лістапада Беларусь абмежавала прапампоўванне нафты ў Польшчу. Абмежаванне тлумачыцца пазапланавым рамонтам, які пачаўся на адной з галінаў трубаправоду.

Hавiны
Беларусь абмежавала прапампоўку нафты ў напрамку Польшчы
2021.11.17 12:42

І хоць нафта- і газаправоды – гэта, безумоўна, розныя рэчы, такія супадзенні выклікаюць пытанні.

Што страціць Беларусь?

Што ж будзе, калі транзіт будзе абмежаваны праз Беларусь? Па-першае, у выпадку яго поўнага закрыцця на беларуска-польскай мяжы невялікія лагістычныя фірмы, якія працуюць на Польшчу і Нямеччыну, могуць сутыкнуцца з вялікімі праблемамі.

«Зусім непрыбыткова будзе працаваць», – казалі «Белсату» раней у адной з беларускіх лагістычных кампаніяў.

Пры гэтым у вялікіх кампаніяў усё ж застануцца варыянты дыверсіфікацыі паставак.

Пункт проверки автомобилей, которые едут в сторону белорусской границы, во время чрезвычайного положения из-за наплыва мигрантов
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гміна Кузніца, Польшча. 9 лістапада 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Але закрыццё мяжы ўдарыць не толькі па лагістычных кампаніях і «ўцеклых», як называе сваіх грамадзянаў Лукашэнка.

«Прастрэліць сабе абодва калены»

Сваё бачанне развіцця сітуацыі зрабіў тэлеграм-канал «Нашы грошы». Паводле яго, пагрозы, якія Менск выказвае Еўропе, «нагадваюць пагрозы чалавека, які спрабуе спалохаць навакольных тым, што ён прастрэліць сабе абодва калены».

Аўтары каналу адзначылі: транспартавая сфера разам з ІТ сёння ёсць драйверам беларускай эканомікі. Пры гэтым яны «паказваюць уражлівыя вынікі ўсё больш не дзякуючы, а, хутчэй, насуперак умовам, якія складваюцца».

«У выпадку закрыцця межаў і ўзмацнення санкцыяў значная частка нашага рынку паслуг проста зрынецца. Экспартаваць у Расею тыя паслугі IT, што мы адпраўлялі ў Еўропу і ЗША, не выйдзе. Да таго ж, страціўшы статус транзітнай краіны, мы пазбавімся мільярдаў долараў. Значныя страты будуць і ў Расеі: транзіт у Еўропу праз нашую краіну – самае кароткае плячо», – пішуць «Нашы грошы».

Пункт проверки автомобилей, которые едут в сторону белорусской границы, во время чрезвычайного положения из-за наплыва мигрантов
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гміна Кузніца, Польшча. 9 лістапада 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Пацярпяць ад гэтага і кітайскія партнёры Беларусі, якія «ўжо сёння не радыя таму, як буксуе амбіцыйны праект «Вялікі камень», а калі абарвецца адна з нітак Шаўковага шляху… да ўраду Беларусі ў кітайскіх партнёраў можа ўзнікнуць шмат пытанняў».

«І тут мы гаворым толькі пра паслугі. Зразумела, што і з экспартам тавараў усё стане вельмі сумна. Мы не зможам узяць і замясціць еўрапейскі рынак на расейскі. Гэта нашмат складаней, чым перанакіраваць самалёты «Белавіі» з Парыжу ў Чарапавец», – падкрэслілі аўтары каналу.

Колькі гэта грошай?

Паводле звестак Белстату, экспарт транспартавых паслуг з Беларусі ў 2018–2020 гадах складаў штогод больш за 3,2 мільярда долараў. На параўнальную суму нашая краіна экспартавала сваіх транспартавых паслуг ужо за 9 месяцаў 2021 года. Агулам, як заявіў у каментары «Белсату» эканаміст Сяргей Чалы, сёлета гэты паказнік па выніках года можа вырасці на 20 % у сувязі з ажыўленнем сусветнай эканомікі.

Сяргей Чалы ў студыі «Белсату» у Варшаве.
Фота: Белсат

«Ад траціны да паловы гэтай сумы, гэта значыць 1–1,5 мільярда – такія могуць быць страты», – ацаніў ён перспектывы закрыцця мяжы.

Уладзімір Кавалкін, кіраўнік праекту «Кошт ураду», мяркуе, што ў выпадку закрыцця мяжы Беларусь можа страціць усе грошы, якія яна зарабляе на экспарце транспартавых паслуг. Таксама, на ягоную думку, ад гэтага можа пацярпець усё, што звязана з інфраструктурай, у тым ліку дарогі.

«Але найбольшыя страты будуць у перавозе грузаў. Гэта нумар два ў беларускім экспарце пасля ІТ паводле сальда. То бок гэта будзе вельмі балючы ўдар», – сказаў эксперт у каментары «Белсату».

Само ж перакрыццё межаў, лічыць Уладзімір Кавалкін, – даволі рэалістычны сцэнар.

«Што можа быць прасцей, чым закрыць шлагбаум і не пускаць тавары? Гэта на 100 % рэалістычна зрабіць нават за 10 хвілінаў: проста загад выдаць – і ўсё», – падкрэсліў эксперт.

Галоўны прыбытак – тэлефанаванне Мэркель

Эканаміст BEROC Леў Львоўскі тлумачыць «Белсату»: пакуль што чыста эканамічны эфект ад мігрантаў толькі станоўчы для Беларусі, хай і невялікі. Мігранты плацяць грошы беларускім крамам, розным кампаніям, гатэлям, таксоўцам. Нейкая частка грошай мігрантаў асядзе ў беларускім бюджэце – калі не наўпрост (тысячы чалавек плацілі праваднікам тысячы долараў), то праз падаткі тых, хто атрымлівае грошы і траціць іх у Беларусі. Магчыма, Еўразвяз дасць нейкія грошы на гуманітарныя мэты: падобна, гэта абмяркоўвалі Аляксандр Лукашэнка ды Ангела Мэркель. Але ўсё гэта наўрад ці будзе заўважна на макраўзроўні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты на фудкорце ГЦ «Galleria Minsk».
Фота: ПБ / Белсат

Санкцыі Еўразвязу ці асобных краінаў могуць заключацца ў перакрыцці транзіту праз Беларусь, могуць быць скіраваныя супраць «Белавіі». Страты залежаць ад маштабу санкцыяў, кажа эканаміст.

  • Калі санкцыі «цалкам абкладуць» авіякампанію «Белавія», то страты могуць скласці некалькі сотняў мільёнаў долараў.
  • Калі санкцыі будуць звязаныя з закрыццём транзіту, то гэта значна большыя сумы: Беларусь шмат зарабляе на тым, што між Расеяй і Еўразвязам, між Кітаем і Еўразвязам.
  • Калі санкцыі будуць толькі супраць 10–20 чыноўнікаў, то гаворка нават не пра мільёны долараў, а пра меншыя сумы.

«Тое, што ўлады зарабілі, гэта, імаверна, палітычныя балы, – разважае Львоўскі. – Але гэта ўжо не эканамічнае вымярэнне. Колькі каштуе тэлефанаванне Мэркель, я не ведаю».

Hавiны
«Чарговы форс-мажор, з якім трэба працаваць». Як сітуацыя на мяжы паўплывала на грузаперавозкі?
2021.11.11 21:22

МГ belsat.eu

Стужка навінаў