Галоўнае за дзень. Ліквідацыя руху «За Свабоду», содні для Паўла Белавуса і «прызнанне» Лукашэнкі

«Белсат» падводзіць вынікі пятніцы, 19 лістапада.

Лукашэнка даў інтэрв’ю BBC

У інтэрв’ю BBC Лукашэнка заявіў, што «абсалютна магчыма», што беларускія сілавікі дапамагалі мігрантам трапіць у Польшчу. Аднак адмаўляе тое, што мігрантаў запрашалі ў Беларусь.

Размова адбылася ў прэзідэнцкім палацы ў Менску.

Сустрэча Лукашэнкі з журналістам BBC у Менску 19 лістапада 2021 года. Фота: bbc.com

«Я думаю, што гэта абсалютна магчыма. Мы славяне. У нас ёсць сэрца. Нашы войскі ведаюць, што мігранты едуць у Нямеччыну. Можа, ім нехта дапамог. Я нават не буду ў гэтым разбірацца», – заявіў у інтэрв’ю Лукашэнка.

Аднак Лукашэнка адмаўляе, што спецыяльна запрашаў тысячы мігрантаў, каб справакаваць памежны крызіс. Ён заявіў журналісту, што не збіраўся ўтрымліваць мігрантаў на мяжы і спыняць іх, бо «яны едуць не ў маю краіну, а ў вашу».

Пуцін заклікаў да дыялогу. А што раней у Крамлі казалі пра палітычны крызіс у Беларусі?

Вярхоўны суд пастанавіў ліквідаваць рух «За Свабоду»

Вярхоўны суд 19 лістапада прыняў рашэнне пазбавіць рэгістрацыі рух «За Свабоду». Прапанова аб ліквідацыі руху паступіла ад Міністэрства юстыцыі.

Старшыня арганізацыі Юрась Губарэвіч паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook, што кампанія прэсінгу ў дачыненні да руха ў 2021 годзе працягвалася больш за шэсць месяцаў.

«Мы нясем адказнасць за лёс краіны і разумеем той факт, што без кардынальных зменаў у Беларусі аднаўленне легальнай дзейнасці не магчыма. У новай Беларусі Рух «За Свабоду» атрымае легальны статус палітычнай партыі якая на ўсіх узроўнях выбарных органаў улады будзе прадстаўляць інтарэсы пра-еўрапейска арыентаванай часткі грамадства. Мы працягнем рабіць усё магчымае, каб гэты час як мага хутчэй прыйшоў», – напісаў Юрась Губарэвіч.

Фармальнай падставай для ліквідацыі юрыдычнага статуса Руха «За Свабоду» стала паслядоўныя адмовы Мін’юста ў кожнай з трох спробаў унесці праўкі ў статут адносна размяшчэння юрыдычнага адраса.

Дабрачыннасць па-беларуску. Як кампанія «Про100 дапамагаем!» ператвараецца ў вымаганне грошай

Паўлу Белавусу прысудзілі 15 содняў арышту

Павел Белавус. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У судзе Ленінскага раёну 19 лістапада разглядзелі адміністрацыйную справу стваральніка Symbal.by і «Арт-сядзібы» Паўла Белавуса. Яго абвінавацілі па артыкуле 24.23 ч.1 («Парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў»).

Згодна з матэрыяламі справы, Павел нібыта заклікаў да ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях супрацоўнікаў РУУС, куды яго даставілі пасля адпраўкі папярэдняй справы на дапрацоўку.

Ператрусы і арышты беларускіх анархістаў

Капітан польскай памежнай службы пра сітуацыю на мяжы

Капітан польскай памежнай службы Крысціна Якімік-Яраш. Фота: Белсат

Капітан польскай памежнай службы Крысціна Якімік-Яраш паведаміла Белсату, што ў ноч на 19 лістапада мігранты скарысталіся драўлянымі паддонамі, каб пералезці праз калючы дрот. Але гэтага не атрымалася зрабіць, бо польскія вайскоўцы зацягнулі паддоны да сябе. У бок польскіх сілавікоў таксама ляцелі камяні, а ў адказ быў ужыты газ. Пры гэтым беларускія сілавікі асляплялі палякаў зялёнымі ліхтарамі, каб дапамагчы мігрантам перасекчы мяжу.

«Мы спрабуем наладзіць кантакт з беларускім бокам. Але ад моманту, як групы мігрантаў сталі масава спрабаваць пераходзіць мяжу, кантакт страціўся», – кажа капітан польскай памежнай службы.

Таксама Крысціна Якімік-Яраш паведамила, што цяпер у польскіх лагерах для ўцекачоў знаходзіцца 1850 чалавек, якія перайшлі беларуска-польскую мяжу за год. З іх 50% папрасілі прытулак у Польшчы.

Генерал-маёр СБУ Віктар Ягун лічыць, што мігрантаў на ўкраінскай мяжы спыняць балоты і зіма

Аднаго з мігрантаў шпіталізавалі ў цяжкім стане з каронавірусам

У аднаго з мігрантаў, якія захраслі ў лагістычным цэнтры на беларуска-польскай мяжы, выявілі каронавірус. Цяпер ён у цяжкім стане і знаходзіцца ў рэанімацыі ўніверсітэцкай больніцы Горадні.

«Сёння каля трох гадзін ночы быў экстранна адпраўлены ў шпіталь грамадзянін Сірыі з відавочнымі прыкметамі каронавіруснай пнеўманіі. Па словах лекараў, стан яго цяжкі», – паведаміў намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Віктар Пранюк.

У сувязі з гэтым пачалася масавая вакцынацыя мігрантаў на беларуска-польскай. Прышчапляць будуць кітайскай вакцынай.

Калі скончыцца міграцыйны крызіс?

Першы энергаблок БелАЭС зноў уключылі

БелАЭС. 25 красавіка 2021 года. Астравецкі район, Беларусь. Фота: ВК / Белсат

19 лістапада ў 14.04 першы энергаблок Беларускай атамнай электрастанцыі быў уключаны ў сетку. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве энергетыкі Беларусі.

«Ідзе павышэнне электрычнай магутнасці турбагенератара. Цяпер яна складае 125 МВт», – адзначылі ў ведамстве.

Першы энергаблок 17 лістапада 2021 года ў 10:33 быў адключаны ад сеткі дзеяннем аўтаматыкі.

Прафесар Універсітэту Гётэ – пра ўплыў вакцынацыі на статыстыку смяротнасці і будучыню пандэміі каронавіруса

Беларускі бок зносіць часовы лагер мігрантаў на мяжы з Польшчай

Польская памежная служба апублікавала відэа, знятае каля пункта пропуску «Брузгі», дзе тыдзень жылі мігранты.

На месцы стыхійнага лагера з дапамогай спецтэхнікі наводзяць парадак – зносяць пабудовы, прыбіраюць спілаваныя дрэвы і смецце.

Гібрыдны прарыў ці прыняцце ўлады Лукашэнкі ў якасці аб’ектыўнага зла?

Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ траіх чалавек

Гэта Міхаіл Хаванскі, Генадзь Смірноў і Галіна Гарацкевіч.

Міхаіл Хаванскі быў асуджаны за гвалт у адносінах да супрацоўніка органаў унутраных справаў і прысуджаны да аднаго году пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Генадзь Смірноў – за супраціў супрацоўніку органаў унутраных справаў і абразу прэзідэнта. Яго прыгаварылі да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі.

Галіну Гарацкевіч асудзілі на тры гады абмежавання волі за ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў. Яна ўжо накіравана адбываць пакаранне.

На 19 лістапада 2021 года ў Беларусі налічваецца 876 палітзняволеных.

Слухаем хвацкі музычны альбом, разбіраемся ў праграме «Лістападу» і чытаем турэмную літаратуру

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны