Асобаў, якім дапамагаў «Наш дом», выклікаюць у Следчы камітэт. У чым рэч?


Апошнія некалькі дзён асобаў з розных гарадоў Беларусі праз тэлефон і позвы пачалі выклікаць у Следчы камітэт. Нагода – атрыманне дапамогі ад арганізацыі «Наш дом», што падтрымлівае пацярпелых ад беларускага рэжыму харчовымі пасылкамі, аплатаю штрафаў і паслуг адвакатаў.

Паведамленні пра выклікі ў Следчы камітэт прыходзяць з Магілёва, Берасця і Пружанаў. Людзей, якія атрымалі дапамогу, выклікаюць у СК у якасці сведкаў на гутарку са следчым, пытаюць пра атрыманую дапамогу і пра тых, ад каго атрымалі, ці ведаюць яшчэ людзей, якія атрымлівалі такую дапамогу.

Вольга Карач.
Фота: Andrius Ufartas. Крыніца: Ольга Карач / Facebook

Паводле дырэктаркі «Нашага дому» Вольгі Карач, такія выклікі людзей у Следчы камітэт – новая рэальнасць, адбываецца гэта са жніўня 2020 года, калі пачала працаваць гарачая лінія дапамогі рэпрэсаваным. Аднак апошні тыдзень ідзе атака па ўсіх гарадах – не толькі абласных, але і раённых.

«Мы першапачаткова факусаваліся на тым, што называецца «белымі плямамі», і на тых людзях, якім дапамога найчасцей не даходзіць з нейкіх прычынаў. Таму дапамога ішла найперш рэгіёнам, бо ў Менску і так было даволі шмат арганізацыяў, якія дапамагалі.

Цяпер улады адчуваюць пагрозу ад «Нашага дому» і спрабуюць адсекчы людзей ад любой дапамогі. Рэпрэсіі – гэта непрыемная штука, але яны страшныя, толькі калі чалавек застаецца адзін, без салідарнасці, адзін супраць гэтай машыны, якая ўсё разбурае. Мы дапамагаем у гэтых рэпрэсіях выстаяць», – кажа Вольга Карач.

На гэты момант дапамогу ад арганізацыі атрымалі больш за дзве тысячы чалавек, аднак паведамленняў пра выклікі ў СК прыходзяць толькі ад некалькіх дзясяткаў чалавек.

«Мы разумеем, чаму ціснуць на арганізацыі, якія працягваюць дапамагаць рэпрэсаваным у Беларусі, хоць іх і засталося вельмі мала. Шмат праваабаронцаў затрыманыя і сядзяць у турме, каардынатарка нашай гарачай лініі Юлія Гарачка таксама з 14 ліпеня застаецца ў СІЗА за дапамогу рэпрэсаваным.

Наталля Гарачка-Басалыга трымае ў руках партрэт дачкі Юліі падчас адной з акцый салідарнасці ў Варшаве.
Фота: spring96.org

Ясна, што ўлада хоча, каб рэпрэсаваныя засталіся сам-насам, каб не было ніякай дапамогі. Усе мы грамадзяне Беларусі, ніхто з нас не замежнік, і гэта не злачынства – атрымаць якую-небудзь дапамогу, тым больш гаворка не пра нейкія недасягальныя сумы. Ясна, што рэжым спрабуе дабіцца, каб людзі засталіся без падтрымання. Але яму гэта не ўдасца», – кажа Вольга Карач.

Такая ўвага да «Нашага дому» і выклікі атрымальнікаў дапамогі на допыты можа быць звязаная з рыхтаваннем крымінальнай справы супраць арганізацыі.

«Мы ведаем, што людзей выклікаюць, дапытваюць і, на шчасце, адпускаюць. Усё нармальна. Прынамсі ў нас няма такой інфармацыі, што нехта не выйшаў пасля гэтых допытаў. Вядома, што найперш атака ідзе на кіраўніцтва, але яна і не спынялася. Нават мяркуючы з дзяржаўнай прапаганды, якая актыўна нас крытыкуе. Напады ідуць на ўсіх узроўнях: крымінальныя справы і псіхалагічны ціск, вельмі шмат пагрозаў мы атрымліваем ад беларускага рэжыму, калі пагражаюць забойствам, што ў багажніку адвязуць у лес ці ў Беларусь. Гэта проста частка нашай працы, і нічога, на жаль, з гэтым зрабіць нельга. Думаю, супраць нас будзе чарговая крымінальная справа», – кажа лідарка арганізацыі.

Як распавёў адзін з атрымальнікаў дапамогі, падчас размовы следчы задаваў пытанні наконт дастаўкі харчоў з інтэрнэт-крамы «Скрыжаванне» («Перекрёсток»). Магчыма, уласна крама перадала звесткі людзей, якім аплачваліся харчовыя кошыкі з замежных картаў. «У сувязі з гэтым людзей і тузаюць: маўляў, хто даслаў прадукты, чаму, за што, а ведаеце людзей, каму яшчэ прывозілі прадукты…» – распавядае суразмоўца «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Кіраўніца «Нашага дому» не выключае, што крамы могуць перадаваць інфармацыю сілавым органам. Вольга Карач запэўнівае: няма звестак, што некуды ішла інфармацыя з боку арганізацыі.

Таксама няясная колькасць асобаў, якіх выклікалі ў Следчы камітэт. «Нам даходзілі паведамленні ад пары дзясяткаў людзей, хто нам пісаў, але ж не факт, што гэта ўсё. Вельмі часта чалавек можа баяцца напісаць і сказаць пра гэта, – кажа Карач. – Пакуль няясна, адкуль звесткі, але мы высвятляем. У любым выпадку ўся сістэма атрымання дапамогі будзе трансфармаваная, але яна не спыніцца. І мы не перастанем дапамагаць людзям. На нас могуць навешаць колькі заўгодна крымінальных справаў, але гэта не мае ніякага значэння: людзі не павінны заставацца адны ў бядзе».

Аднак сілавыя структуры цікавяцца не толькі дапамогай ад арганізацыяў, але і прыватнымі асобамі, якія носяць палітычным вязням перадачы. На гэтым тыдні ў Следчы камітэт выклікалі валанцёрку, якая разам з маці адпраўляе за свой кошт зняволеным перадачы. Следчыя цікавіліся, адкуль у іх грошы, хто іх фінансуе ды чаму яны дапамагаюць незнаёмым людзям.

«Выклікалі маю дачку. Яна была валанцёркаю на Акрэсціна летась, а таксама мы з ёю слалі пасылкі зняволеным. Першы раз яе затрымалі пару месяцаў таму каля здымнай кватэры: супрацоўнікі КДБ з яшчэ каля 10 асобамі ў балаклавах і масках. Цяпер быў паўторны выклік у СК», – кажа суразмоўца «Белсату».

Лідарку ініцыятывы «Наш дом» Вольгу Карач улады Беларусі залучылі ў лік «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

АД belsat.eu

Стужка навінаў