У смалявіцкай школе дзяцей сілком гоняць у БРСМ


Бацькі смалявіцкіх школьнікаў паскардзіліся «Белсату», што дзяцей прымушаюць далучацца да Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі – нават без заяваў і абавязковых унёскаў.

Білеты чальцоў Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі.
Фота: БРСМ / vk.com

Бацькі вучняў школы ў Смалявічах распавялі «Белсату», што дзяцей сілком гоняць у праўладны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Пры гэтым ніхто ў іх не пытаў, ці ёсць жаданне далучацца да арганізацыі. Настаўнікі ад імя падлеткаў напісалі заявы на ўступленне і самі зрабілі грашовыя ўнёскі.

«У гэтай школе навучаецца мая дачка. Вучняў старэйшых класаў гвалтам прымушаюць уступаць у БРСМ. Амаль палова вучняў адмовілася. Напісалі за іх заявы, нават зрабілі ўнёскі, зараз прымушаюць фатаграфавацца. То бок дзеці не пісалі аніякай заявы і не плацілі грошай за далучэнне», – расказаў жыхар Смалявічаў на ўмовах ананімнасці.

Дачка мужчыны звязалася са студэнтамі ВНУ, куды збіраецца паступаць. Яны распавялі, што не сябрам БРСМ пагражаюць адлічэннем. Таму, як з сумам сказаў суразмоўца «Белсату», далучыцца да арганізацыі ўсё ж давядзецца.

«Я сказаў так: вызначайся сама, але калі будуць гнаць на якія акцыі, то не хадзі, кажы, што не ўступала па сваёй згодзе – і няхай ходзяць самі», – патлумачыў мужчына.

Паводле афіцыйнага рэгламенту, для добраахвотнага сяброўства школьніка ў БРСМ патрэбная заява (а для падлеткаў, якім менш за 16 гадоў, – яшчэ і згода бацькоў), уступны ўнёсак 5 рублёў і яшчэ раз на год па 2 рублі за ўдзел у арганізацыі.

Улады сцвярджаюць, што ў БРСМ больш за 400 тысяч чальцоў. Сёлета бюджэтныя выдаткі на арганізацыю мусяць перавысіць 10 мільёнаў рублёў (на 800 тысяч рублёў больш, чым летась).

Раней, калі з’яўляліся звесткі пра ўступленне ў БРСМ пад прымусам, у Мінадукацыі казалі, што «гэта недапушчальна». «Ніякіх разнарадак на гэты конт у школах няма і быць не можа. БРСМ – добраахвотнае грамадскае абʼяднанне», – запэўнівалі ў міністэрстве.

Аб’ектыў
У піянеры запісваюць без згоды бацькоў. Настаўнікі ціха скардзяцца, але не пратэстуюць
2022.09.13 22:45

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў