Што значыць увядзенне ваеннага становішча на акупаваных тэрыторыях Украіны? Ці зачэпіць гэта Беларусь?


Палітолагі растлумачылі «Белсату» наступствы ўвядзення Расеяй ваеннага становішча на акупаваных тэрыторыях Украіны. Эксперты кажуць, што наўпрост на Беларусь захады Крамля не паўплываюць, але рызыкі для беларусаў ўсё роўна ўзрастаюць.

Жанчына ля разбуранага жылога дому ў Марыупалі, Украіна. 25 верасня 2022 года.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч сказаў «Белсату», што юрыдычнае абвяшчэнне ваеннага становішча ў гэтак званых «ДНР» і «ЛНР», а таксама ў Херсонскай і Запарожскай вобласцях амаль нічога не зменіць, бо на акупаваных тэрыторыях і дагэтуль фактычна дзейнічаў гэткі рэжым.

«Мне падаецца, што тут мала што змяняецца ў практычным плане, бо фактычна на гэтых тэрыторыях і так дзейнічала ваеннае становішча, былі ўсе абмежаванні, звязаныя з кантролем за палітычнай і грамадскай дзейнасцю, інфармацыяй. Адзінае, што цяпер будзе больш упарадкаванасці ў гэтым працэсе», – мяркуе эксперт.

Ён кажа, што Крэмль пайшоў на гэты крок праз тое, што лічыць захопленыя тэрыторыі сваімі і цяпер прымае захады да поўнай інкарпарацыі. Юрыдычнае ўвядзенне ваеннага становішча мусіць узаконіць тую практыку, якая ўжо ўжываецца.

«Гэта проста наступны крок да інкарпарацыі гэтых тэрыторыяў у расейскае прававое і палітычнае поле. Цяпер Расея лічыць іх сваёй часткай, таму трэба нейкім чынам абгрунтаваць тыя надзвычайныя меры, якія прымаюцца там, звязаныя з абмежаваннем пэўных правоў, перасоўвання людзей, абмежаваннем палітычных правоў, магчымасці праводзіць дэманстрацыі», – адзначыў Казакевіч.

Ён дадаў, што пакуль не бачыць, якім чынам новы прававы рэжым наўпрост паўплывае на Беларусь. Гэтак жа мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. У каментары «Белсату» ён, зрэшты, папярэдзіў, што рызыкі для беларусаў усё адно ўзрастаюць.

«Мне здаецца, гэта наўпрост Беларусь не зачэпіць. Але гэта азначае, што Пуцін працягвае эскалацыю, таму і рызыкі для беларусаў узрастаюць», – падкрэсліў Класкоўскі.

Палітолаг Павел Усаў не выключае, што следам ваеннае становішча будзе ўведзенае ў самой Расеі, бо там, як і на акупаваных тэрыторыях, сітуацыя пагоршылася: фактычна абмежавалі дзейнасць грамадскіх арганізацыяў, увялі адказнасць за «дыскрэдытацыю» арміі.

«Гэта паказнік таго, што надзвычайныя меры ўнутры Расеі ўжо ўведзеныя. Мабілізацыя – таксама паказнік «надзвычайшчыны». Ваеннае становішча можа быць юрыдычна ўведзенае, калі Пуцін пачне разумець хісткасць ягонай улады і дзеля таго, каб адмяніць выбары, зачыніць межы, трымаць пад пазногцем усё грамадства», – пазначыў эксперт.

Усаў дапусціў, што апошнія захады Крамля паўплываюць і на Беларусь. Ён кажа, грамадства могуць пачаць рыхтаваць да жыцця ў новых палітычных умовах.

«Лукашэнка з Макеем прагаварыліся, што ў Беларусі рэалізуюцца нейкія надзвычайныя меры на мяжы з Украінай. Падвышэнне градуса палітычнага і ўмоўна псіхалагічнага таксама можа быць працэсам прыгатавання да таго, што і ў Беларусі будзе ўведзенае таксама нейкае становішча, хаця краіна і грамадства і так жыве неспакойна», – рэзюмаваў палітолаг.

Сёння Уладзімір Пуцін падпісаў некалькі ўказаў, якімі ўвёў ваеннае становішча на акупаваных тэрыторыях Украіны, а таксама абвясціў рэжым павышанай гатовасці ў шмат якіх рэгіёнах Расеі, у тым ліку ў Маскве.

Расея анексавала Данецкую, Луганскую, Херсонскую і Запарожскую вобласці пасля правядзення там «рэферэндумаў» напрыканцы верасня.

Аналітыка
Анексія, абвяшчэнне вайны, ядравы шантаж. Чаго чакаць пасля акупацыйных псеўдарэферэндумаў
2022.09.27 17:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў