«Працягласць вайны не скарачаецца». У Літве выказаліся наконт прыбыцця ў Беларусь расейскіх вайскоўцаў


Міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас пракаментаваў на сваёй старонцы ў Facebook разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў у Беларусі.

Арвідас Анушаўскас. 
Фота: Arvydas Anušauskas/Facebook

Арвідас Анушаўскас нагадаў пра колькасць перакінутых у Беларусь расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі і заявіў, што працягласць вайны не становіцца карацейшай.

«Міністэрства абароны Беларусі абвясціла, што ў рамках рэгіянальнай вайсковай групоўкі з Расеі прыбудуць 9000 вайскоўцаў, каля 170 танкаў і да 100 гармат і мінамётаў. Але вываз танкаў з беларускіх рэзерваў і замена іх расейскімі – гэта нейкі дысананс. Падобна, што часткова мабілізаваных прывязуць вучыцца на беларускія вайсковыя палігоны і навучальныя цэнтры. Гэта значыць толькі адно – працягласць вайны не становіцца карацейшай», – напісаў Арвідас Анушаўскас.

Нагадаем, падчас нарады з сілавікамі 10 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яны з Уладзімірам Пуціным пастанавілі разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў Беларусі і Расеі. У звязку з гэтым Лукашэнка загадаў падрыхтавацца да прыёму і размяшчэння расейскіх вайскоўцаў, якіх будзе «не адна тысяча чалавек».

Чакаецца, што ў Беларусі размесцяць каля 9 тысяч расейскіх ваеннаслужачых, каля 170 танкаў, да 100 гармат і мінамётаў калібрам больш за 100 мм і да 200 баявых машын.

Аналітыка
Што вядома пра разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і РФ
2022.10.17 18:36

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў