«Падчас вайны шукаюць саюзнікаў, а не ствараюць праціўнікаў». Што не так з пазіцыяй Украіны наконт Беларусі


Нягледзячы на тое, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі – галоўны саюзнік Расеі ў яе агрэсіі супраць Украіны, афіцыйны Кіеў не спяшаецца ісці на кантакт са Святланаю Ціханоўскаю. Замену ёй там хочуць знайсці сярод беларускіх добраахвотнікаў. У асаблівасцях палітыкі ўкраінскіх уладаў карэспандэнты «Белсату» разбіраліся разам з беларускімі экспертамі.

Прадстаўнікі палка Каліноўскага з дэпутатамі Украіны. 19 кастрычніка 2022 года.
Фота: Полк Каліноўскага / Telegram

Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская 10 кастрычніка выступіла са зваротам, у якім заклікала прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага «збудаваць альянс з дэмакратычнаю Беларуссю» і выказала гатовасць «дзеяць разам з Украінаю».

Ціханоўская таксама заявіла, што «беларусы – гэта не Лукашэнка», які «ўжо не прымае рашэнняў, за яго гэта робіць Крэмль». Паводле яе, «Беларусь павінна выйсці з вайсковых, палітычных і эканамічных саюзаў з Расеяй, якія падрываюць нацыянальныя інтарэсы нашай краіны».

Афіцыйны Кіеў на зварот дасюль не адрэагаваў. Аднак пэўныя адказы з Украіны беларускаму боку усё ж далі. Ні пра якую супрацу з Ціханоўскай там не вядзецца.

Hавiны
У Кіеве патлумачылі, чаму не прызнаюць пераходнага кабінету Святланы Ціханоўскай
2022.10.15 08:50

Гэтак, кіраўнік камітэту ў замежных справах Вярхоўнай Рады Аляксандр Мэрэжка з кіроўнай партыі «Слуга народу» заявіў, што Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі на чале з Святланаю Ціханоўскаю пакуль ва Украіне не прызналі праз сумневы ў палітычных пазіцыях лідаркі дэмакратычнай Беларусі. Пры гэтым украінскі палітык распавёў, што легітымным беларускім органам, з якім Кіеў мог бы весці перамовы, можа быць полк імя Кастуся Каліноўскага ў складзе Збройных сілаў Украіны.

За некалькі дзён да гэтага з публікацыяй супраць супрацы з Ціханоўскай і за тое, каб рабіць стаўку на полк Каліноўскага, выступіў і іншы дэпутат ад «Слугі народу» – Багдан Ярэмэнка, які быў папярэднікам Мэрэжкі на чале камітэту замежных справаў Вярхоўнай Рады.

«Лідарам будзе вайсковец з Беларусі, якога мы прывядзем да ўлады», – заявіў украінскі публіцыст Юрый Раманенка.

Праўда, не ўсе ва Украіне прытрымліваюцца такіх поглядаў на Беларусь. Напрыклад, дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч прызнаў памылкі Кіева ў дачыненні беларусаў, назваў Святлану Ціханоўскую законна абранаю прэзідэнткай і заклікаў украінцаў не прыраўноўваць беларусаў і рэжым.

Hавiны
Аляксей Арэстовіч назваў агіднай рыторыку ўкраінцаў у бок беларусаў
2022.10.12 14:18

Тым не менш, адзначае галоўны рэдактар выдання «Європейська правда» Юрый Панчэнка, ідэю замест Ціханоўскай супрацоўнічаць з палком Каліноўскага «сур’ёзна абмяркоўваюць украінскія ўлады». Сам ён пры гэтым лічыць такую палітыку памылковай і капіяваннем «хібных практык РФ».

Ці ёсць афіцыйная пазіцыя?

Беларускі палітолаг Валер Карбалевіч у каментары «Белсату» адзначыў, што да канца не ясна, ці адлюстроўваюць згаданыя заявы пазіцыю ўкраінскіх уладаў агулам («прэзідэнцкай адміністрацыі, ураду, МЗС Украіны»). І ці ўвогуле сфармулявалі ў Кіеве «дакладную і ясную пазіцыі» адносна Беларусі.

У сваю чаргу аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS) Вадзім Мажэйка не выключае, што сярод украінскіх уладаў адносна Беларусі «ёсць розныя меркаванні, і яны абмяркоўваюцца ў тым ліку публічна».

Баяцца дражніць Лукашэнку?

Халоднае стаўленне афіцыйнага Кіеву да Офісу Святланы Ціханоўскай Валер Карбалевіч тлумачыць дзвюма галоўнымі прычынамі:

«Першая – гэта нежаданне афіцыйнага Кіева да канца сварыцца з рэжымам Лукашэнкі, правакаваць неяк яго на больш актыўны ўдзел у вайне. Бо для Украіны вельмі важна, каб не адкрыўся яшчэ адзін фронт – з Поўначы. Таму ўсё робіцца, каб не правакаваць, не троліць Лукашэнкі. Супраца з Офісам Ціханоўскай, як лічаць у Кіеве, магчыма, была б такім крокам».

Павел Латушко, Александр Азаров, Светлана Тихановская, Валерий Ковалевский, Валерий Сахащик, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Другі дзень канферэнцыі «Новая Беларусь». Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Другая ж прычына, паводле палітолага, «больш сур’ёзная і глыбокая»:

«Украінская грамадская думка абвінавачвае Беларусь і беларусаў у агрэсіі супраць Украіны. Паводле ўкраінцаў, беларусы вінаватыя. Вінаватыя ўсе. Ідэя калектыўнай віны даволі шырока распаўсюджаная ва ўкраінскім грамадстве, а ўлада мусіць у пэўным сэнсе ісці за грамадствам і так ці інакш адлюстроўваць гэты настрой адносна ўсіх беларусаў».

Тым не менш, прызнае Валер Карбалевіч, ва Украіне «з самога палітычнага верху» ідзе негатыўнае стаўленне да беларусаў, што выяўляецца ў праблемах на мяжы, блакаванні банкаўскіх рахункаў, пакінутай маёмасці і страчаных бізнесах. Усё гэта, мяркуе палітолаг, ставіць пад пагрозу будучыню стасункаў беларускага і ўкраінскага грамадстваў ды «можа пакінуць глыбокі след у двухбаковых дачыненнях».

«Гэта мне падаецца трохі дзіўнаватым. Падчас вайны шукаюць саюзнікаў, а не ствараюць штучна праціўнікаў», – заявіў Валер Карбалевіч.

Разбор
Украінскія ўлады называюць пазіцыю Ціханоўскай незразумелаю. Што яна насамрэч казала пра вайну, Крым і Пуціна
2022.10.17 19:34

Вадзім Мажэйка таксама бачыць праблему ў нежаданні ўкраінскіх уладаў разбірацца ў беларускім парадку дня – «хто такая Ціханоўская, чаму яна ў пачатку сваёй палітычнай кар’еры давала такія вельмі акуратныя ацэнкі адносна Украіны і казала нейкія добрыя словы на адрас Пуціна». Гэтак жа, паводле яго, і беларусы не хочуць «высвятляць, хто гэтыя ўкраінскія публіцысты і дэпутаты, якія выступаюць з заявамі супраць Ціханоўскай, чаму яны гэта робяць і як звязана з унутранай украінскаю палітыкаю».

Пры гэтым, дадае аналітык, беларусы і без прызнання Офісу Святланы Ціханоўскай падтрымліваюць Збройныя сілы Украіны фінансава, ваююць у складзе ЗСУ на фронце і выступаюць з праўкраінскімі заявамі. Таму «ад таго, што заўтра Зяленскі сустрэнецца з Ціханоўскай і выкажа ёй неймаверную падтрымку, ніякай дадатковай падтрымкі ад Беларусі Украіна не атрымае». Але гэта будзе, «на думку некаторых украінцаў, лішні раз дражніць Лукашэнку».

«Украінцы бачаць рызыкі ад такой магчымай супрацы, не бачаць практычных вынікаў і таму прымаюць рашэнне не ўзмацняць кантактаў з Ціханоўскай. Ці добра, што Кіеў кіруецца ў сваёй палітыцы выключна прагматыкай, а не каштоўнасцямі, – пытанне. Зрэшты падчас вайны гэта можна зразумець. Тут, канечне, узнікае маральнае пытанне, чаму Кіеў чакае, што іншыя краіны ў сваёй палітыцы адносна Украіны будуць кіравацца каштоўнасцямі, а не прагматыкаю», – падкрэсліў Вадзім Мажэйка.

Прызнанне Ціханоўскай не ўплывае на Лукашэнку

Вадзім Мажэйка лічыць сумнеўнымі меркаванні, што прызнанне Кіевам Святланы Ціханоўскай справакуе Аляксандра Лукашэнку да больш актыўнага ўдзелу ў вайне. Паводле яго, Лукашэнка – «досыць цынічны і прагматычны палітык», які ў пытанні вайны не будзе «кіравацца нейкімі эмацыйнымі рашэннямі».

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.
Фота: Shamil Zhumatov / Reuters / Forum

«У вайсковых справах для Лукашэнкі, як і для беларускага грамадства, чырвоная мяжа – гэта ўдзел беларускіх вайскоўцаў. Таму гэтага няма і наўрад ці будзе. Але наданне любой тэрыторыі Расеі, лагістычнай дапамогі, рамонт расейскай тэхнікі і лекаванне расейскіх жаўнераў Лукашэнка робіць і будзе рабіць надалей безадносна таго, што б там ні рабіў Кіеў. Як бы Кіеў ні спрабаваў залагодзіць, гэтага Лукашэнка не зменіць», – мяркуе аналітык.

Але Мажэйка разумее, чаму ва Украіне спрабуюць скарыстацца нават мізэрным шанцам і таму не нервуюць кіраўніка ў Менску.

У каго большая легітымнасць?

Суразмоўцы таксама не вераць у магчымасць замены афіцыйным Кіевам стасункаў са Святланаю Ціханоўскаю стасункамі з палком Каліноўскага.

«Можна рабіць такія дзеянні, але гэта не можа быць заменаю. Бо Офіс Святланы Ціханоўскай – міжнародна прызнаная, легітымная структура, з якою міжнародная супольнасць вядзе дыялог і перамовы. Тое, што ўкраінскія ўлады будуць супрацоўнічаць з палком Каліноўскага, нічога не мяняе і нічога не дадае. Гэта не вырашае ніякіх праблемаў», – падкрэсліў палітолаг.

Пра тое, што «ідэя камунікаваць з палком Каліноўскага не мае палітычнага сэнсу», заявіў і Вадзім Мажэйка. Ён згадаў жарт, што такім самым чынам можна весці перамовы з дарадцамі Офісу прэзідэнта Украіны Міхайлам Падаляком ці Аляксеем Арэстовічам, бо першы доўгі час жыў і працаваў у Беларусі, а другі мае беларускае паходжанне.

Hавiны
«Нашыя пазіцыі цалкам супадаюць». У кабінеце Ціханоўскай адказалі на прэтэнзіі Кіева да яе «сумнеўных» поглядаў
2022.10.18 20:16

«Для любога палітычнага прадстаўніцтва патрэбная нейкая легітымнасць у сваёй краіне. Відавочна, што легітымнасць Ціханоўскай значна большая, чымся ў любога іншага палітычнага актора ў Беларусі. Таму, калі з кімсьці камунікаваць, то давядзецца з ёю – хочаш ці не хочаш. А камунікаваць з палком Каліноўскага цалкам бессэнсоўна, бо хоць гэта і гераічныя ды смелыя хлопцы і дзяўчаты, але яны маюць нулявую палітычную вагу», – адзначыў Вадзім Мажэйка.

На думку Мажэйкі, гісторыі канфлікту палку Каліноўскага з «BYSOL» і Офісам Святланы Ціханоўскай прадэманстравалі, што полк не здольны будаваць кааліцыі ды «псуе стасункі там, дзе іх не трэба псаваць». Больш за тое, у палка «нават няма выразных твараў, якія б былі пазнавальнымі ў Беларусі».

Суразмоўца мяркуе, што «нават калі ўявіць немагчымае, што полк Каліноўскага з тэрыторыі Украіны атакуе Беларусь», то да яго на радзіме будуць ставіцца насцярожана.

Таму, заключыў Вадзім Мажэйка, спроба ставіць на полк Каліноўскага як на легітымны орган Беларусі цалкам бессэнсоўная.

Hавiны
Беларускі добраахвотнік назваў умовы, пры якіх магчымыя перамовы з Пераходным кабінетам
2022.10.18 12:17

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў