Добрыя надоі, і рапс урадзіў. Глядзім, што са зборам ураджаю ў Беларусі, за які так баяўся Лукашэнка


Аляксандр Лукашэнка гэтым летам пужаў, што свет «напярэдадні голаду», у сувязі з чым Беларусь павінна разлічваць толькі на свае сілы. Афіцыйная статыстыка паказвае, што з харчовай бяспекай у нас усё ў парадку, але эфектыўнасць у сельскай гаспадарцы не самая высокая, а сельскія заробкі не цешаць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнікі Гарадзенскага занальнага інстытуту раслінаводства і прадстаўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў на семінары. 19 ліпеня 2022 года.
Фота: Ганна Рудская / dzyannica.by

Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў чарговую статыстыку аб валавым зборы ўраджаю і ўраджайнасці асобных культураў у Беларусі, а таксама аб нарыхтоўцы кармоў жывёле.

Колькі ўжо назбіралі?

Нямала, хоць бывала і лепей. На 1 кастрычніка ёсць статыстыка аб сельскагаспадарчых арганізацыях (без фермераў і гаспадарак насельніцтва, аб іх звестак няма). Паводле яе можна меркаваць, што і агульны ўраджай (з фермерамі і прыватнымі гародамі) будзе нармальны.

Збожжавых і зернебабовых сабралі 7,83 млн т. З цяперашнімі тэмпамі на канец года можна чакаць нешта каля 8,6 млн т збожжавых і зернебабовых агулам па гаспадарках усіх катэгорыяў – наўрад ці рэкорд, але далёка не правал, як у 1999 годзе, калі за цэлы год сабралі толькі 3,64 млн т.

Рапсу сабралі аж 897,5 тыс. т. У мінулыя чатыры гады было ад 552,2 да 830,9 тыс. т, так што можна чакаць рэкорду па выніках года.

Гародніны сабралі 65,3 тысячы т. Па выніках года з усіх гаспадарак можна чакаць каля 2,8 млн т гародніны – найбольш даюць не калгасы ці фермы, а гароды насельніцтва.

Разбор
Беларусы – «не бульбашы, а бурачнікі»? Глядзім на афіцыйную статыстыку
2022.10.02 22:39

Бульбы сабралі 447,5 тыс. т, але не прыбранай яшчэ застаюцца 40 % плошчы, занятых гэтай культурай. Сёлета можна чакаць ураджаю на ўзроўні 2020 года, то бок 3,7 млн т бульбы за год з гаспадарак усіх тыпаў (найбольш даюць гаспадаркі насельніцтва). Збор бульбы ў Беларусі паступова падае: 15 гадоў таму за год збіралі 8,7 млн т, а ў 1979-м набралі аж 15,2 млн т. Але бульба саступае месца цукровым буракам.

Цукровых буракоў сабралі 1,05 млн т. Пакуль апрацавана толькі 30 % плошчаў, бо цукровыя буракі звычайна збіраюць пазней, у канцы года набіраецца ў некалькі разоў больш за сабранае ў кастрычніку.

Корму жывёле сабралі 10,9 млн т. У мінулыя чатыры гады было ад 9,4 да 11,2 млн т, так што ўраджай будзе па выніках года някепскі.

Мяса, малака і яек таксама нарабілі някепска. За студзень–верасень надаілі аж 5,8 млн т малака, а за мінулыя чатыры гады найлепшы вынік за гэты перыяд – 5,77 млн т. Яек набралі 2,17 млн, а ў мінулыя чатыры гады было ад 2,02 да 2,22 млн. Жывёлы і птушкі на забой ужо 1,21 млн т жывой вагі, у мінулыя чатыры гады было ад 1,21 да 1,27 млн т.

Ураджайнасць паводле беларускіх мерак добрая: збожжавых і зернебабовых – 36,1 ц/га (у мінулыя чатыры гады – ад 26,3 да 36,7), бульбы – 312 ц/га (у мінулыя чатыры гады – ад 269 да 318), гародніны – 223 ц/га (у мінулыя чатыры гады – ад 189 да 227), рапсу – 25,1 ц/га (у мінулыя чатыры гады — ад 16,1 да 23,9). Толькі буракі пакуль падводзяць: усяго 368 ц/га (у мінулыя чатыры гады – ад 414 да 445). Праўда, выніковая ўраджайнасць збожжавых і рапсу перастала расці з сярэдзіны 2000-х, ураджайнасць бульбы і цукровых буракоў за апошнія 10 гадоў вырасла нязначна, ураджайнасць гародніны падае пасля піку 2017 года.

На сябе гэтага хопіць з запасам

Праўладныя прафсаюзы наракаюць, што ў крамах бракуе беларускіх садавіны і гародніны. Магчыма, улады ўвялі частковую забарону на экспарт мяса і яек. Пра гэта пішуць асобныя медыі.

Вось як у мінулыя гады выглядаў баланс вытворчасці і спажывання. Першы слупок – колькі агулам вырабілі і закупілі, на што гэта пусцілі. Другі слупок – колькі з гэтага ўсяго складалі імпартныя харчы.

З цяперашнімі ўраджаямі можна не хвалявацца: гародніны Беларусь вырабляе дастаткова, каб забяспечыць сябе з вялікім запасам і яшчэ частку экспартаваць. Такая ж сітуацыя з малаком, мясам, збожжам і бульбай: вырабляем больш, чым неабходна.  Тым больш праз вайну ва Украіне экспарт мае істотна скараціцца.

Статыстыкі аб зборы фруктаў і ягадаў пакуль няма, але Беларусь ніколі не забяспечвала сябе ўсімі фруктамі: спажываем шмат імпартных, бо тыя ж бананы ці апельсіны ў Беларусі не растуць.

Збожжа на перапрацоўванне ў муку, крупу, спірт, камбікорм Беларусь звычайна бярэ каля 6,5 млн т, яшчэ каля 1,6 млн т ідзе на «вытворчае спажыванне» (на насенне, корм жывёле і г. д.). Пры тым Акадэмія навук кажа, што каб забяспечыць усё насельніцтва Беларусі хлебабулачнымі і кандытарскімі вырабамі, а таксама ўсімі відамі крупаў, дастаткова 1 млн т. Збожжа забаранілі вывозіць, але і да забароны яго не надта экспартавалі.

Фігура з саломы. Кухчыцы, Клецкі раён Менскай вобласці, Беларусь. 13 жніўня 2021 года.
Фота: Іна Федарчук kletsk.gov.by

Беларусы спажываюць у год каля 1,5 млн т бульбы, яшчэ каля 1,8 млн т ідзе на вытворчасць. Так што бульбы яшчэ застанецца пару соцень тысяч тонаў на экспарт ці ў запасы.

Гародніны і бахчавых на год спажываюць менш за 1,6 млн т, яшчэ паўмільёна тонаў ідзе на прамысловае перапрацоўванне і паўмільёна – звычайна ў «стратах». І тут будзе што экспартаваць.

Бульбай і гароднінай Беларусь сябе забяспечвае прыблізна на 100 %, мясам – прыблізна на 135 %, яйкамі – прыблізна на 128 %, а малаком – аж на 263,3 %. Імпартаваць, што праўда, даводзіцца фрукты і ягады: імі Беларусь сябе забяспечвае ў розныя гады ад 43 % да 80 %, але ніяк не на 100 %.

Аналітыка
Ці прайграе Беларусь «бітву за ўраджай»? Аналізуем апакаліптычныя заявы Лукашэнкі
2022.07.29 14:00

Заробкі і надоі бывае сорамна паказваць суседзям

Паказнікі Беларусі ў сельскай гаспадарцы выглядаюць добра, калі не глядзець на ўраджайнасць ці на ўзровень жыцця работнікаў сельскай гаспадаркі ў параўнанні з некаторымі суседзямі. Вось як выглядае статыстыка ўраджайнасці і надояў з каровы паводле ацэнак Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (FAOSTAT) на 2020 год.

Напрыклад, пшаніцы ў Беларусі, паводле звестак FAOSTAT, збіраюць каля 4 т/га, у Расеі – каля 3 т/га, ва Украіне – каля 3,8 т/га, у Літве, Латвіі і Польшчы – звыш 5 т/га.

Бульбы ў Беларусі збіраюць па 20 т/га, ва Украіне і Літве – менш за 16 т/га, у Расеі – менш за 17 т/га, у Латвіі – больш за 21 т/га, а ў Польшчы – амаль 35 т/га.

Надоі малака з каровы ў Беларусі на траціну меншыя за польскія і ўдвая меншыя за эстонскія.

Фестываль «Дажынкі-2021» у Лагішыне, Пінскі раён Берасцейскай вобласці. 6 верасня 2021 года. Скрыншот: ТРК «Пінск» / Youtube

Сярэдні налічаны заробак у Беларусі ў жніўні 2022 года (навейшых звестак няма) складаў 1665,5 руб., а менавіта ў сельскай гаспадарцы – 1418,9 руб. «На рукі» трапляе менш – трэба адняць падаткі і зборы, звычайна яны з’ядаюць 14 %.

У Польшчы сярэдні налічаны заробак у жніўні быў 6583 злотыя, або каля 3550 беларускіх рублёў, у сельскай гаспадарцы быў звыш 4000 злотых, або звыш 2100 беларускіх. Падаткі ў Польшчы вышэйшыя за беларускія, «на рукі» дойдзе менш за 3100 злотых (звыш 1670 беларускіх «чыстымі»). Але цэны на прадукты ў Польшчы ніжэйшыя за беларускія. Пры тым польскім фермерам бракуе працоўных рук, таму могуць прапанаваць аж да 10 000 злотых – пад 5400 беларускіх рублёў (плюс пражыванне і харчаванне).

Літоўцы жорстка крытыкуюць сваю сельскую гаспадарку: «дзяржава выгадавала гультаёў», бо моладзь не хоча працаваць на сяле. Але там супрацоўнік аграрнай фірмы зарабляе ў сярэднім «на рукі» 1200–1500 еўраў (каля 3000–3800 рублёў), можа зарабіць да 4000 еўраў за месяц (то значыць, да 10 000 беларускіх рублёў). Але цэны ў Літве вышэйшыя за беларускія – харчы прыблізна на чвэрць даражэйшыя, а жытло можа быць даражэйшым у больш як два разы.

У Беларусі праблему з недахопам рук на сяле вырашаюць іначай: не прапануюць высокіх заробкаў, а выпраўляюць на прымусовыя неаплатныя працы нават школьнікаў. Сёлета Аляксандр Лукашэнка загадаў «мабілізаваць усіх» на прыборку бульбы, цукровых буракоў, кукурузы, збожжа і лёну. Ён асобна падкрэсліў, што справа датычыць у тым ліку навучэнцаў.

Каментар
Калі вы хочаце так кантраляваць цэны, навошта яны наагул? Эканамістка – аб праекце новай пастановы
2022.10.17 15:07

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў