Чатыры стратэгічныя памылкі Расеі ў вайне. Інтэрв'ю з генералам ЗША Бэнам Годжэзам


Пуцін не пратрымаецца да канца наступнага году і трэба пачынаць гаварыць мовай перамогі. Так лічыць генерал-лейтэнант у адстаўцы Бэн Годжэз, былы камандуючы арміяй ЗША ў Еўропе. У інтэрвʼю Сяргея Пелясы з амерыканскім вайскоўцам: чатыры вялікія памылкі, якія зрабіў Крэмль у планаванні вайны супраць Украіны, аналіз прычынаў паражэнняў Расеі, а таксама як паскорыць непазбежную перамогу Украіны.

Сяргей Пеляса: Якая ваша галоўная выснова наконт вайны ва Украіне?

Бэн Годжэз: Нам ізноў нагадалі, што вайна – гэта праверка волі і праверка лагістыкі. Той, хто мае мацнейшую волю, амаль непазбежна перамагае. Паглядзіце на волю ўкраінскіх вайскоўцаў, а таксама ўкраінскага народу. І параўнайце іх з воляй расейскіх вайскоўцаў і воляй расейскага народу – Украіна мае істотную перавагу. Лагістыка – гэта другая частка. Расейская сістэма лагістыкі не была задуманая для таго, што ёй даводзіцца рабіць. Яна вычарпаная і робіцца шторазу слабейшая па меры таго, як украінцы наносяць па ёй удары. З ёю бяда. Украінская ж лагістыка, якая пачыналася амаль з нуля, умацавалася ды з кожным тыднем крыху ўдасканальваецца.

СП: Як вы ацэньваеце дзеянні расейцаў, расейскую стратэгію? Чаму яны не дасягаюць сваіх мэтаў, якія ставіліся ад пачатку?

БГ: На маю думку, расейцы дапусцілі чатыры вялікія стратэгічныя пралікі яшчэ да лютага. Па-першае, яны былі ўпэўненыя, што маюць перавагу ў сіле. Што яны ўкоцяцца ва Украіну, нібыта ў Будапэшт ці ў Прагу часу халоднай вайны. Па-другое, яны былі перакананыя, што здолеюць ізаляваць Украіну ад рэшты свету, што мы нічым не адкажам, як не адказалі пасля Грузіі, Крыму ці Сірыі. Яны, пэўна, думалі, што не будзе сапраўднага адказу з нашага боку. Трэці пралік – у іхным меркаванні, што перамога кампенсуе ім любыя нявыгады. Што знішчэнне Украіны, ліквідацыя ейнай дзяржаўнасці вартая любых санкцыяў, якія яны за гэта атрымаюць. Чацвёрты пралік – у тым, што яны спадзяваліся адным ударам не толькі перамагчы Украіну, але і раскалоць NATO, падзяліць нас.

ВІДЭА
Генерал-лейтэнант ЗША Бэн Годжэз пра сілавы сцэнар вызвалення Беларусі
2022.10.15 18:01

Яны дапусцілі гэтыя чатыры стратэгічныя памылкі. Першая з іх – пра перавагу ў сіле. Я таксама пераацэньваў моц Расеі. Я быў упэўнены, што ўкраінцы будуць добра змагацца, але я істотна пераацаніў здольнасці расейцаў. Я паспрабаваў разабрацца, як я мог гэтак памыліцца. Перадусім, я недаацаніў глыбіню карумпаванасці. Я меркаваў, што яна прысутнічае, але што Генштаб, вышэйшыя афіцэры дастаткова прафесійныя, каб выконваць свае задачы. Замест гэтага карупцыя праявілася ў недакладнай і цалкам ліпавай справаздачнасці, завышэнні паказнікаў матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. Яны не дбаюць пра жаўнераў, тыя жывуць як жывёла, гандлююць палівам, каб набыць алкаголь, гандлююць прыладамі, крадуць адзін у аднаго. Між іншага, гэткая культура карупцыі вядзе да нянавісці, жаўнеры пачынаюць думаць, што быць жорсткімі і забіваць – гэта норма.

Па-другое, недахоп аператыўнага досведу. Я думаў, што раз яны паваявалі ў Грузіі, у Сірыі, у Афрыцы, у Крыме, на Данбасе, то яны нечаму навучыліся і займелі баявы досвед. Выяўляецца, што калі ў іх і ёсць нейкая тонкая праслойка на нешта здатных вайскоўцаў, то гэта найміты накшталт «вагнэраўцаў». Войска недасведчанае, а лётаць над Сірыяй – гэта не тое самае, што баявы вылет супраць украінцаў.

І апошняя рэч – гэта вучэнні. Я заўжды імкнуўся зразумець, што яны адпрацоўваюць на вучэннях накшталт «Захаду». Калі ты не маеш досведу, трэба вучыцца, пакуль не ўпадзеш: ствараць сітуацыі, у якіх ты вучышся на памылках. Гэтага не было. Брак досведу, брак вучэнняў і карупцыя – вось, на маю думку, тры прычыны іхнай паразы.

СП: Ці былі вы здзіўленыя мужнасцю і эфектыўнасцю ўкраінскай абароны?

БГ: Я не быў здзіўлены мужнасцю. Са свайго досведу знаёмства з украінцамі ды ўкраінскімі вайскоўцамі я ведаю, што яны цвёрдыя і хутка дастасоўваюцца. Яны абараняюць сваю радзіму, свае сем’і. Але я не думаў, што ўкраінскі народ выявіцца гэткім рашучым – вось што мяне ўразіла. Яшчэ мяне натхніла тое, што яны выявіліся здольнымі дзейнічаць з першых дзён, што дапамагло ім выйграць час і дало магчымасць зрабіць неабходныя змены.

Безумоўна, яны маглі б быць лепей падрыхтаванымі да 24 лютага, але іхны ўрад змагаўся з рознымі складанасцямі, у тым ліку хацеў абараніць гаспадарку, не дапусціць адтоку замежных інвестараў. Яны мусілі балансаваць. Трэба будзе перагледзець – што мы і яны маглі зрабіць інакш яшчэ да 24 лютага.

СП: Якія сцэнары развіцця падзеяў на фронце вы бачыце, і, асабліва, што можа зрабіць заходняя кааліцыя, каб спрасціць і наблізіць перамогу?

БГ: Мы павінны адважыцца перамагчы. Мы павінны пачаць разважаць у тэрмінах перамогі. Задоўга мы пераймаліся тым, каб не разʼюшыць Пуціна, каб дапамагчы яму захаваць аблічча. Не, ён на 100% адказны за жудасную сітуацыю, у якой мы апынуліся. Гэта не наша справа – шукаць, што яму запрапанаваць.

Па шчырасці, я сумняюся, што ён утрымаецца да канца наступнага году, калі ўсё гэтак пойдзе далей. Катастрофа на фронце, гэтая жудасная мабілізацыя, уплыў санкцыяў на эканоміку. Я думаю, што мы павінныя пачаць размаўляць моваю перамогі, дапамагчы Украіне ўзнавіць суверэнітэт, дамагчыся, каб Расея перастала быць небяспечнай для суседзяў. Мільён маладых украінцаў захопленыя і дэпартаваныя. Трэба знайсці іх, вярнуць на радзіму ды пачаць адбудоўваць Украіну. У думках я ўжо там, бо перамога Украіны непазбежная. Кірунак незваротны, і я не бачу для Расеі шансаў.

Дзве рэчы на заканчэнне. Нам трэба трымацца разам. Гэта важна. Санкцыі робяць тое, што мусяць, і іх трэба працягнуць. Я ведаю, што людзі ўстрывожаныя надыходам гэтай зімы. Зіма блізка, і пашыраюцца вобразы замерзлых бабуль у кватэрах – у Нямеччыне і іншых краінах. Гэтага не будзе. Гэта будзе апошняя зіма, апошняя зіма, калі Расея можа ўнесці разлад ды нанесці шкоду Еўропе. Яны згулялі сваёй газавай картай зарана – Еўропа, Нямеччына ўжо зрушыліся ды задумаліся над іншымі шляхамі паставак энергіі. Гэта будзе складаная, каштоўная зіма. АДНАК яна апошняя. Але людзі пачынаюць разумець – гэтыя ахвяры нямарныя.

Другая рэч – будуць яшчэ падзеі, падобныя да сабатажу на трубаправодах. Думаю, што расейцы працягнуць закідваць фронт трупамі, каб толькі працягнуць канфлікт, у спадзеве, што мы страцім перакананасць працягваць; яны будуць спрабаваць атакаваць украінскую інфраструктуру дронамі, каб украінцы згубілі волю. Нічога не прымусіць украінцаў страціць сваю волю. Я думаю, што гэта апошняя зіма. Не павінна быць ніякіх перамоваў, у якіх Украіна нешта аддае. Не трэба замарожваць канфлікту, бо інакш у наступным годзе мы будзем зноў пра гэта гаварыць.

Фрагмент інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет» 13.10.2022

Стужка навінаў