«Варта «калекцыянаваць» вакцыны». Паразмаўлялі з фармаколагам пра рэвакцынацыю


Чацвёртая хваля пандэміі вымусіла нават самых недаверлівых беларусаў задумацца пра вакцынацыю ад каронавіруснай інфекцыі. Ты я ж, хто прышчапіўся раней, спрабуюць рэвакцынавацца.

Belsat.eu паразмаўляў з клінічным фармаколагам Вольгаю Садоўскаю, як праводзяць такую працэдуру ў нашай краіне і каму яна патрэбная ў першую чаргу.

Цэнтр вакцынацыі ў ГЦ «Экспабел». Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Цяпер у Беларусі для насельніцтва даступныя вакцыны двух вытворцаў: «Спутник V», або Gam-COVID-Vac расейскай распрацоўкі, фінальныя этапы вытворчасці якога лакалізаваныя ў нашай краіне, і «Vero Cell» вытворчасці кітайскай кампаніі «Sinopharm». Гэта вакцыны розных тыпаў: «Спутник V» – вектарная вакцына на аснове адэнавіруса чалавека, «Vero Cell» выкананы на аснове інактываванага – забітага – віруса SARS-Cov2. То бок гэтыя дзве вакцыны ўтрымліваюць розныя наборы складнікаў віруса, да якога арганізм чалавека выпрацоўвае імунітэт. Клінічны фармаколаг Вольга Садоўская сцвярджае, што абедзве гэтыя вакцыны насамрэч эфектыўныя, і ў гэтым не павінна быць сумневу:

«На сёння існуе дастатковая колькасць апублікаваных звестак, у тым ліку ў міжнародных рэцэнзаваных часопісах, якія паведамляюць пра высокую эфектыўнасць вакцынаў. У прыватнасці гэтых вытворцаў (такую ж інфармацыю можна пабачыць у вядомай публікацыі ў перадавым медычным часопісе «Lancet»). Эфектыўнасць «Спутника V» перавышае 92 %. Згодна з больш свежай інфармацыяй з краінаў, якія «Спутником» вакцынуюць большую частку насельніцтва (ААЭ, Аргентына ды іншыя), эфектыўнасць дасягае 98,7 %. Эфектыўнасць «Vero Cell» ніжэйшая, 79 %, аднак пераносіцца гэтая вакцына лягчэй. Цяпер мы гаворым пра эфектыўнасць у перадухіленні хваробы. Але трэба падкрэсліць, што абедзве вакцыны перадухіляюць цяжкія і ўскладненыя формы каронавіруснай інфекцыі на 100 %».

Інтэрв’ю
«Медыкі кінутыя на амбразуру». Інтэрв’ю з «Белымі халатамі» пра самыя вострыя праблемы ў беларускай медыцыне
2021.10.17 19:28

Часам можна пачуць меркаванне, што для лепшага эфекту варта спалучаць адначасова дзве вакцыны рознага тыпу, аднак фармаколаг лічыць, што гэта не проста не мае сэнсу, але і можа быць шкодным для імуннай сістэмы чалавека.

«Цяпер няма звестак, якія б пацвердзілі эфектыўнасць такога падыходу. Гэтае меркаванне не падмацаванае аніякімі доказамі і здаровым сэнсам. Імунны адказ узмацніць такім чынам наўрад ці ўдасца, бо пасля вакцынацыі імунная сістэма працуе ў напружанні, і ўвядзенне яшчэ адной вакцыны іншага тыпу можа выклікаць знясіленне і дыскаардынацыю гэтай сістэмы. Трэба праходзіць поўны курс вакцынацыі, то бок атрымоўваць два кампаненты вакцыны аднаго вытворцы. Так мы можам быць упэўненымі, што патрэбныя звёны імуннай сістэмы задзеяныя ў патрэбнай меры і мы атрымоўваем чаканы добры імунны адказ».

Мужчына атрымлівае ін’екцыю вакцыны Gam-COVID-Vac (пад гандлёвай маркаю «Sputnik V») падчас вакцынацыі рабочых Заводу будаўнічых матэрыялаў № 7. Новасібірск, Расея. 9 верасня 2021 года.
Фота: Кірыл Кухмар / TASS / Forum

Да таго ж, падкрэслівае Вольга Садоўская, такая працэдура фактычна немагчымая ў нашай краіне.

«У Беларусі існуе сістэма рэгістрацыі вакцынаваных пацыентаў. Пасля завяршэння поўнага курсу вакцынацыі чалавек атрымоўвае сертыфікат, які ўтрымлівае ўсю інфармацыю пра вакцыну, даты ўвядзення першай і другой дозаў ды звесткі грамадзяніна, якія захоўваюцца ў адзінай базе. Таму прышчапіцца адразу дзвюма вакцынамі наўрад ці ўдасца нават тэхнічна».

Hавiны
«У шпіталях ужо як на вайне» – тэрапеўт пра тое, што нас чакае, калі ковіднікам не будзе ставаць кіслароду
2021.10.19 08:01

У той жа час існуе практыка рэвакцынацыі ад каронавіруснай інфекцыі, якую фармаколаг лічыць важнаю.

«Калі гаворка пра рэвакцынацыю, то існуе навуковае меркаванне, што варта «калекцыянаваць» вакцыны. То бок калі першая вакцынацыя (дзве дозы) выконвалася вектарнаю вакцынаю, то рэвакцынацыю лепш зрабіць вакцынай іншага тыпу. Напрыклад, інактываванай або мРПК. Але ў нас няма выбару, рэвакцынавацца трэба тым, што даступна. Яшчэ раз падкрэслю, што ўсе вакцыны супраць COVID-19 эфектыўныя».

Аднак паводле клінічнага фармаколага, пакуль рэвакцынацыя неабходная толькі пэўным групам насельніцтва.

«Задумацца пра рэвакцынацыю варта праз паўгода пасля завяршэння першага этапу вакцынацыі. З упэўненасцю цяпер можна казаць толькі пра тое, што рэвакцынаваць трэба людзей з аслабленым імунітэтам (імунакампраментаваныя пацыенты, напрыклад, тыя, хто атрымоўвае імунасупрэсіўную тэрапію, а таксама людзі з цяжкімі хранічнымі інфекцыйнымі хваробамі) і медычных работнікаў, бо яны часта кантактуюць з вірусам».

Hавiны
«Было такое, што ў кожным класе адсутнічала палова вучняў». Што кажуць чытачы пра каронавірус у школах
2021.10.19 08:30

Думкі фармаколага пацвярджаюць і нашыя чытачы, якія спрабавалі прайсці працэдуру рэвакцынацыі:

«Я прышчапіўся «Спутником» 24 красавіка і 15 траўня, а іншаю вакцынаю – «Vero Cell» – толькі цяпер, другую дозу я атрымаў 7 кастрычніка. Калі я прыйшоў рабіць другую дозу кітайскай вакцыны, я трапіў да загадчыцы аддзялення на агляд. Яна спытала, як я перанёс першую дозу. Тады я сказаў, што 4 месяцы таму рабіў прышчэпку «Спутником». Жанчына адказала, што я ўсё раблю слушна, і фактычна гэта ў мяне рэвакцынацыя».

«Пазаўчора зрабіў прышчэпку кітайскаю вакцынай, а ў красавіку быў «Спутник». Усё добра і без праблемаў».

Аднак чытачы Belsat.eu паведамляюць, што часам у іх усё ж такі ўзнікаюць складанасці з рэвакцынацыяй, хоць яны і маюць для гэтага паказанні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Я ў групе рызыкі, астматык на шостым дзясятку, і без прышчэпкі. Мне наўпрост дарога на ШВЛ, а адтуль 80 % сыходзяць у пластыкавым пакеце. Да таго ж я працую з людзьмі, таму гэта мне важна. Спрабаваў рэвакцынавацца, звяртаўся праз 6 месяцаў пасля дзвюх дозаў «Спутника» ў паліклініку ў Жодзіне. Але мне адказалі, што ў Беларусі гэта не практыкуецца, а толькі ў Расеі, бо няма адпаведных дакументаў. Хаця я ведаю, што ў Менску робяць пасля «Спутника» кітайскую прышчэпку, спадзеючыся, што яны дапоўняць адна адну. Таму для сябе я бачу магчымасць рэвакцынацыі ў паездцы ў Расею, іншы варыянт – «згубіць» сваю медычную картку, каб зрабіць кітайскую прышчэпку».

Hавiны
Абяцанне Лукашэнкі «разабрацца з каронавірусам» вылілася ў адмену ўсіх антыковідных абмежаванняў
2021.10.19 17:26

Але таксама чытачы паведамляюць, што часам у краіне ўзнікаюць складанасці нават з першаснаю вакцынацыяй, бо не стае другога кампаненту вакцыны.

«У паліклініках няма другой дозы вакцыны. Зрабілі першую ін’екцыю, а калі прыйшоў па другую, сказалі, што няма. Як такое можа быць? Як я разумею, калі робіш першую дозу, то другая аўтаматычна для цябе ёсць. Пазванілі на гарачую лінію Міністэрства аховы здароўя. Сказалі, што скончылася і ніхто не ведае, калі будзе. А другую дозу ні для каго не трымаюць: хто паспее зрабіць, той зробіць».

У гэты ж час вакцынавацца і рэвакцынавацца можна без асаблівых складанасцяў у іншых краінах.

«Я доктарка, але не працую на перадавой і не хварэла. У красавіку – траўні 2021 года я вакцынавалася «Спутником», а 1 верасня – «Джонсанам» у Пулавах у Польшчы. Проста паводле пашпарта, калі прывозіла дачку ў ліцэй. Цяпер я ў Беларусі. Узровень антыцелаў паўколькасным метадам у жніўні паказаў 11,5. Кантрольна ў пачатку кастрычніка – 13,6, то бок адбыўся прырост пасля рэвакцынацыі».

Фота вокладкі: Пётр Кавалёў / TASS / Forum

ВК belsat.eu

Стужка навінаў