«У шпіталях ужо як на вайне» – тэрапеўт пра тое, што нас чакае, калі ковіднікам не будзе ставаць кіслароду


На ўмовах ананімнасці тэрапеўт аднаго з менскіх шпіталяў падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі з недахопам кіслародных пунктаў.

Хуткая дапамога старога ўзору ў Барысаве, Беларусь. 10 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Днямі галоўнае беларускае прадпрыемства для вырабу кіслароду – ААТ «Крыён» – паведаміла, што працуе ва ўмовах 100-адсоткавай загрузкі. Штодня на прадпрыемстве вырабляецца 200 тон медычнага кіслароду і столькі ж адгружаюць у шпіталі. Дадатковую вытворчасць распачалі амаль ва ўсіх вобласцях краіны на іншых буйных прадпрыемствах. Ці хопіць айчыннага кіслароду на ўсіх, хто яго патрабуе?

Паводле нашага суразмоўцы, тэрапеўта аднаго са сталічных шпіталяў, кісларод пакуль ёсць, але на тую колькасць хворых, якія цяпер у шпіталях, яго мала.

«Кіслародных пунктаў не стае. Таму некаторыя няцяжкія ляжаць удвух на пункт. Адпаведна, калі каму горш робіцца, неабходна або шукаць іншы пункт, каб увесь кісларод ішоў на аднаго, або кагосьці адключаць, хто яшчэ не такі крытычны. Ад таго, што хворых больш, ціск у сістэме кіслароду па ўсім шпіталі не такі, які ў ідэале павінна быць: дзесьці менш, дзесьці скача».

Інтэрв’ю
«Медыкі кінутыя на амбразуру». Інтэрв’ю з «Белымі халатамі» пра самыя вострыя праблемы ў беларускай медыцыне
2021.10.17 19:28

Траціна ложкаў у медычных установах ужо перапрафіляваная для хворых з каронавіруснай інфекцыяй, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. Доктар у размове з намі заўважае, што ад рэшты ложкаў мала толку, бо асноўнае лячэнне ковіднікаў сёння – кісларод, а палаты і пункты, дзе ён быў, ужо занятыя.

У Беларусі ад 9 кастрычніка 2021 года ўводзіцца абавязковы масачны рэжым і захаванне дыстанцыі ў грамадскіх месцах. Частка людзей ходзіць у іх, але шмат хто ігнаруе.
Фота: Белсат

Займаць пад ковід траўматалогію ды іншыя аддзяленні без арганізацыі кіслародных пунктаў не мае сэнсу. Неабходна ўжо цяпер забяспечыць запасы балонаў і мабільных пунктаў з кіслародам у кожнай больніцы. Наш суразмоўца сцвярджае: калі кіслароду няма ў Беларусі, трэба прасіць дапамогі ў Расеі і Еўропы, бо запасу нашай сістэмы аховы здароўя на рэальную пандэмію няма.

«Чым далей, тым больш выгаранне і фізічнае, і маральнае. Хвораму горш, а ты і кіслароду даць не можаш, і ў рэанімацыю яго перавесці не можаш, там месцаў няма.

Ды і хворы туды не хоча, ён разумее, што рэанімацыя цяпер – гэта амаль прысуд. Доктару толькі і застаецца, што паплакаць разам з хворым ці сарвацца ў істэрыку.

Hавiны
Беларусь, праз захады і забароны ўладаў, усё больш паглынае каронавірусная цемра
2021.10.15 15:36

А ці шмат папрацуеш, па некалькі разоў за дзень пераадзяваючыся ў чырвоную зону? Чыстых зон у рэальнасці амаль і няма. У шпіталях ужо як на вайне – ідзе сартаванне: хто маладзейшы, каму даць кісларод, каго адабраць і ўзяць на рэанімацыйны ложак».

Колькасць хворых, зазначае спецыяліст, павялічылася ў разы – у шпіталі патрэбныя дадатковыя дактары, медсёстры, санітаркі, псіхолагі, бо тэлефоны разрываюцца ад званкоў сваякоў. Хворыя ды іх родныя ўвесь час скардзяцца, лаюцца і крыўдзяцца, што ім надаюць мала ўвагі, не лечаць, а нават пагражаюць.

«Усе бачаць смерць у рэальнасці. А ставак ніхто не дадае. Людзей узяць няма адкуль, толькі і чуеш: вы і так ковідныя атрымліваеце».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Мікіта Пячэнік / Белсат

Мы спрабавалі атрымаць каментар у Міністэрстве аховы здароўя, але на працягу некалькіх дзён там ніхто не адказаў, а на гарачай лініі Камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму журналіста «Белсату» папрасілі не перабольшваць.

«Мы любім нешта яшчэ дадаць да той інфармацыі, якую маем. А па факце ты выязджаеш, а праблемнай сітуацыі і не было… Я не магу сказаць вам пра сітуацыю з каронавірусам. Усе, хто мае патрэбу ў кіслародзе, на кіслародзе».

Фота
Як беларусы прытрымліваюцца масачнага рэжыму. ФОТА
2021.10.12 13:15

Беларусы пачалі насіць маскі праз паўтара года з пачатку пандэміі. Рэжым Лукашэнкі мусіў перажыць тры хвалі пандэміі, каб 9 кастрычніка ўвесці ў нашай краіне абавязковы масачны рэжым. За яго невыкананне пагражае штраф 870 рублёў. Медыкі заклікаюць дбаць пра ўласнае здароўе і раяць вакцынавацца, правільна насіць маску, выкарыстоўваць антысептыкі, захоўваць дыстанцыю.

Міністэрства аховы здароўя тым часам фіксуе павялічаную колькасць смяротных выпадкаў. Паводле стану на 18 кастрычніка – 15 асобаў. Усяго афіцыйна за час пандэміі памерлі 4417 пацыентаў. Гэтым лічбам супярэчаць «злівы» ад медыкаў, а таксама шматлікія сведчанні карыстальнікаў тэлеграм-каналаў. Паводле ініцыятывы «Белые халаты», толькі ў дзвюх менскіх больніцах цягам 14 кастрычніка ад ковіду памёр 21 чалавек.

Расследaванні
Вірус Дэльта: новыя схемы і махлярства са статыстыкай
2021.09.14 19:05

ДР belsat.eu

Стужка навінаў