На памежных пераходах з Літвой, Латвіяй і Польшчай у чэргах больш за 1700 грузавікоў


Вялізныя чэргі грузавых аўтамабіляў утварыліся на мяжы з Польшчай, Літвой і Латвіяй. 19 кастрычніка для выезду з Беларусі чакаюць мытнага агляду больш за 1700 грузавікоў.

Чэргі на мяжы з краінамі ЕЗ пачалі ўзнікаць 7 кастрычніка, калі мытны камітэт Беларусі вырашыў абнавіць сваё абсталяванне. Гэта выклікала калапс на мяжы. Чэргі расцягнуліся на дзясяткі кіламетраў, у якіх стаялі тысячы аўтамабіляў. 19 кастрычніка, паводле інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэту, на выезд з Беларусі ў Літву, Латвію і Польшчу ў чэргах стаяць больш за 1700 грузавікоў.

Найбольш складанае становішча – на літоўскай мяжы: праз «Прывалку» спрабуюць праехаць больш за 230 аўтамабіляў. На пераходзе «Каменны лог» і «Катлоўка» – болей за 220 фураў. У кірунку Польшчы ў «Брузгах» цяпер больш за 150 грузавікоў, у «Казловічах» – больш 90.

Чэргі на мяжы. Фота – gpk.gov.by

Мытнікі абяцалі развязаць гэтую праблему яшчэ на пазамінулым тыдні. Адначасова Памежны камітэт Беларусі працягвае абвінавачваць краіны Еўразвязу, заявіўшы, што за мінулыя содні толькі тры з дзесяці пунктаў на мяжы з ЕЗ выканалі дамоўленасці аб пропуску грузавых транспартавых сродкаў.

Мытная служба Польшчы адрэагавала на запыт «Белсату» і патлумачыла, што колькасць грузавікоў на памежным пераходзе ў «Баброўніках» у кірунку «ўезд у Польшчу» адэкватная прапускной здольнасці гэтага пераходу.

«На колькасць афармленняў у «Баброўніках» уплывае, між іншым, наяўная інфраструктура на пераходзе і змяненне характару разгружаных грузавікоў, якія ўязджаюць у Польшчу – павелічэнне колькасці транспартавых сродкаў, якія перавозяць груз, з адначасовым змяншэннем колькасці транспартавых сродкаў, якія вяртаюцца ў Польшчу пустымі. На памежным пераходзе ў «Баброўніках» плануецца правесці мерапрыемствы для павышэння яго прапускной здольнасці і, такім чынам, павялічыць колькасць правераных транспартавых сродкаў», – паведамілі «Белсату» ў мытнай службе Польшчы.

Памежнікі Польшчы таксама рапартуюць, што ў сярэднім памежны кантроль грузавікоў на мяжы займае каля 4,5 хвіліны.

«З іншага боку, на колькасць правяранняў на памежным пераходзе ў «Баброўніках» уплывае, між іншага, і існая інфраструктура. У будучыні плануецца пашырыць памежны пераход у «Баброўніках», што павінна палепшыць яго прапускную здольнасць і такім чынам павялічыць колькасць правераных транспартных сродкаў», – распавялі «Белсату» памежнікі Польшчы.

Аб’ектыў
Польшча адмяжуецца ад Лукашэнкі сцяною
2021.10.14 22:54

СК belsat.eu

Стужка навінаў