За «жалезнай заслонай». Краіны Балтыі і Польшча з 19 верасня перасталі ўпускаць да сябе грамадзян РФ


У панядзелак 19 верасня краіны Балтыі і Польшча закрылі сухапутныя межы для расейскіх турыстаў. Забарона на ўезд грамадзян Расеі ў Літву прадугледжаная пастановай аб надзвычайным становішчы на мяжы з Расеяй і Беларуссю, прынятай літоўскім Сеймам. У гэтай краіне яна будзе дзейнічаць як мінімум да 16 снежня 2022 году.

На памежным пераходзе Лаварышкес – Котлаўка на літоўска-беларускай мяжы. 19 верасня 2022 году.
Фота: Белсат

За ноч не ўпусцілі 11 грамадзян РФ. Што з беларусамі?

У першы дзень дзеяння забароны 19 верасня кіраўнік службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустамас Любаевас паведаміў «Белсату» на прапускным пункце Лаварышкес, што за ноч (з палуначы да 9-й раніцы панядзелку) Літва не прапусціла на тэрыторыю ЕЗ 11 грамадзянаў РФ.

«У асноўным гэта грамадзяне, якія ехалі ў Літву з Калінінградскай вобласці. Асаблівых праблемаў не было. Бо інфармацыя пра рашэнне аб абмежаванні ўезду грамадзян РФ шырока распаўсюджвалася. Назіралася хіба нейкае павелічэнне патоку напярэдадні набыцця гэтым рашэннем моцы», – паведаміў Рустамас Любаевас.

Ён таксама запэўніў, што ў дачыненні грамадзян Беларусі, якія перасякаюць мяжу Еўразвязу праз Літву, нічога не змянілася – ніякіх абмежаванняў няма. «Белсат» запытаўся, ці не плануе Літва іх увесці?

«Гэтае рашэнне, напэўна, будзе прымацца на палітычным узроўні. Пакуль што адбываюцца дыскусіі на гэты конт. Але канкрэтнае рашэнне прынятае цяпер толькі ў дачыненні грамадзян Расейскай Федэрацыі», – падкрэсліў Рустамас Любаевас.

Беларусаў «падшылі» да расейцаў

Міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце заявіла ў сваю чаргу, што рашэнне наконт абмежавання на ўезд для грамадзян Беларусі ўжо сапраўды абмяркоўваецца і можа быць прынятае ў будучыні.

Міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце. 19 верасня 2022 году.
Фота: Белсат

«Я ясна бачу, што беларускі рэжым таксама ўдзельнічае ў ваенных дзеяннях і арганізуе гібрыдныя атакі супраць Літвы, выкарыстоўваючы нелегальных мігрантаў. Я думаю, што гэта сур’ёзныя аргументы для вырашэння пытання беларусаў», – патлумачыла Агне Білатайце.

Хоць пастанова пакуль не закранула беларусаў, з самага ранку 19 верасня ў беларускіх «памежных» чатах у «Тэлеграме» адчувалася паніка. Хтосьці зрабіў перапост паведамлення з тэлеграм-каналу «Varlamov News» з інфармацыя пра тое, што забарона на ўезд у Еўразвяз тычыцца «грамадзян Расеі і Беларусі» (пазней пост адрэдагавалі). 

«Падшывалі» беларусаў да прынятага рашэння ў сваіх паведамленнях і многія расейскія прапагандысцкія каналы. Гэта стварала напружанасць. Людзі на мяжы супакойваліся, калі пачыналі спраўджваць інфармацыю і на свае вочы пабачылі, што беларусы праблемаў на ўездзе на тэрыторыю ЕЗ пакуль што не маюць.

«Літоўцы не пускаюць да сябе»

Не мелі праблемаў на мяжы і грамадзяне Расеі з відам на жыхарства іншай краіны, якія заязджалі ў Літву 19 верасня.

Грамадзянка Расеі Анастасія расказала карэспандэнту «Белсату», што пераязджала мяжу з Літвой з дзецьмі на аўтобусе, чакалі ўсяго некалькі гадзінаў.

«Я пераязджала мяжу з дзецьмі. У іх – пашпарты Рэспублікі Беларусь з французскімі візамі «D». У мяне – пашпарт РФ і карта рэзідэнта Францыі. Наагул, большасць пасажыраў у аўтобусе было з відам на жыхарства. Нікога не развярнулі. Але ў тых, хто меў пашпарты Расеі, больш уважліва разглядалі дакументы. Астатніх – мелькам», – расказала Анастасія.

Чарга аўтамабіляў на памежным пераходзе Лаварышкес на літоўска-беларускай мяжы. 19 верасня 2022 году.
Фота: Белсат

У той жа час пра тое, што літоўцы пачалі разварочваць на мяжы расейскіх грамадзян, пачалі паведамляць карыстальнікі пабліку «Граница сегодня» ў расейскай сацсетцы «ВКонтакте».

«Стаім на пераходзе Котлаўка – Лаварышкес. Літоўцы не пускаюць да сябе. Я грамадзянін Расеі, жыхар Калінінграду, з калінінградскай прапіскай, віза «С», – пісаў адзін з карыстальнікаў.

«Разварочвалі ў каго шэнген і няма пацверджанняў блізкіх сваяцкіх сувязяў. Калі вяртаўся з Літвы, на нашым баку сустрэўся з сямʼёй, якую таксама развярнулі. У іх стрыечны брат літовец і віза шэнгенская. Дык ім сказалі, што стрыечны – не блізкі сваяк, так што, маўляў, едзьце назад дадому. Чарга была – 35 машын. Многія – з расейскімі нумарамі», – паведаміў яшчэ адзін карыстальнік пабліку.

«А як жа радаваліся, калі жалезную заслону адкрылі…»

Там жа паведамлялі пра грамадзянку Расеі, якую не пусцілі ў Эстонію з мэтай узʼяднання сямʼі ў Латвіі (яна мела латвійскую шэнгенскую візу), і перанакіравалі на латвійскую мяжу, каб уязджала наўпрост праз Латвію.

«А як жа радаваліся, калі жалезную заслону адкрылі…» – каментуе паведамленне з эстонскай мяжы карыстальнік Станіслаў.

На памежным пераходзе Лаварышкес – Котлаўка на літоўска-беларускай мяжы. 19 верасня 2022 году.
Фота: Белсат

Пасля ўведзеных Польшчай і краінамі Балтыі з 19 верасня абмежаванняў на ўезд у Еўразвяз праз сухапутныя межы гэтых краінаў для грамадзянаў РФ, яны могуць туды патрапіць хіба праз Фінляндыю, якая такіх абмежаванняў пакуль не ўводзіла. Гэта цяпер для расейцаў адзінае адчыненае «акно ў Еўропу».

Згодна з прынятымі абмежаваннямі, з 19 верасня расейцы не змогуць уехаць на тэрыторыю балтыйскіх краін і Польшчы з боку Расеі і Беларусі, калі мэтай іх паездак будзе турызм, бізнес, спорт або культура.

Але прапускаць будуць грамадзян Расеі, якія маюць:

  • від на жыхарства адной з краінаў Еўразвязу;
  • доўгатэрміновую нацыянальную візу адной з краінаў ЕЗ;
  • дакумент аб спрошчаным транзіце праз Літву з Расейскай Федэрацыі ў Калінінградскую вобласць і назад;
  • або зʼяўляюцца чальцамі семʼяў грамадзянаў краінаў Балтыі ці Польшчы (сужэнцамі, бацькамі, дзецьмі, бабулямі і дзядулямі, унукамі або апекунамі).

Сярод выключэнняў таксама – кіроўцы цяжкавікоў, дыпламаты і тыя, хто ўязджае ў Еўразвяз па гуманітарнай візе.

Аналітыка
«Гібрыдная атака» працягваецца. Ці чакаць новага міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларуссю?
2022.09.17 19:37

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў