З 19 верасня ў краінах Балтыі і Польшчы набыла моц забарона на ўезд расейскім грамадзянам з шэнгенскімі візамі


У ноч на 19 верасня пачала дзеяць забарона на ўезд расейскім грамадзянам з шэнгенскімі візамі ў Латвію, Літву, Польшчу ды Эстонію. Забарона дзеіць незалежна ад таго, якая краіна выдала візу.

Расейскім грамадзянам з 19 верасня забаронена заязджаць у краіны Балтыі і Польшчу паводле шэнгенскіх візаў. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Шэнгенская віза.
Фота: Белсат

Як паведамляў раней «Белсат», 7 верасня на сустрэчы ў Коўне міністры замежных справаў Літвы, Латвіі ды Эстоніі дамовіліся ўвесці абмежаванні на мінанне межаў расейскімі грамадзянамі з шэнгенскімі візамі ў адказ на агрэсію Масквы супраць Украіны.

Выключэнні зробленыя толькі для дыпламатаў, кіроўцаў грузавога транспарту, а таксама для грамадзянаў, якія заязджаюць праз сямейныя і гуманітарныя абставіны.

Уведзеная захада мае спрыяць змяншэнню ўезду грамадзянаў РФ у краіны Балтыі і Польшчу з меркаванняў бяспекі. За апошнія месяцы да ўвядзення забароны колькасць перасячэнняў мяжы названых краінаў грамадзянамі РФ з шэнгенскімі візамі значна ўзрасла, паведамляў 8 верасня тэлеканал «Euronews». Тэлеканал прыводзіў ацэнку гэтай зʼявы міністрам замежных справаў Латвіі Эдгарам Рынкевічам, які сказаў, што рост візітаў расейскіх грамадзянаў зрабіўся «пытаннем грамадскай бяспекі і ўжо ёсць пытаннем маральнага ды палітычнага кшталту».

Нагадаем таксама, што 12 верасня ЕЗ адмяніў спрошчаны парадак выдачы віз грамадзянам Расеі, рашэнне пра што прынялі ў канцы лета прадстаўнікі краінаў Еўразвязу. Замарожванне заключанага 15 гадоў таму з Масквою пагаднення скіраванае на змяншэнне колькасці візаў, якія выдаюцца расейцам, а працэс выдачы стаўся даражэйшы і больш працяглым. Поўнай забароны на выдачу візаў расейцам Еўразвяз тады не ўзгадніў.

«Падчас абмеркаванняў нам удалося пераканаць усе дзяржавы ЕЗ, што мільёны грамадзянаў Расеі з шэнгенскімі візамі – гэта праблема не толькі для краінаў, якія мяжуюць з РФ, але і для рэгіянальнай бяспекі блоку. Разам з Эстоніяй, Латвіяй і Польшчаю мы бліжэйшымі тыднямі будзем шукаць рашэнні, якія значна абмяжуюць плыні расейскіх турыстаў», – паабяцаў тады па выніках двухдзённай сустрэчы ў канцы лета кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

Але Латвія, Літва, Польшча і Эстонія пайшлі далей, прыняўшы самастойныя рашэнні.

Што датычыць грамадзянаў Беларусі, то для іх парадак выдачы візаў у краіны ЕЗ пакуль застаецца ранейшы. Але 14 верасня ў Еўрапарламенце прапанавалі забараніць выдаваць візы беларускім ды расейскім вайскоўцам і чыноўнікам ды іхным семʼям. Апроч таго, 16 верасня паведамлялі, што Латвія пастанавіла з 10 кастрычніка спыніць дзеянне двухбаковага пагаднення з Беларуссю аб спрашчэнні ўзаемных паездак жыхароў прымежных тэрыторыяў, пагаднення аб узаемнай дапамозе ў мытных справах і пагаднення аб паветраных зносінах.

Hавiны
У Еўрапарламенце прапанавалі забараніць выдаваць візы беларускім і расейскім вайскоўцам ды чыноўнікам
2022.09.14 11:43

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў