У Літве абмяркоўваюць забарону на ўезд грамадзянаў Беларусі з шэнгенскімі візамі


Услед за забаронаю заязджаць грамадзянам Расеі з шэнгенскімі візамі, якую салідарна ўвялі ў дзеянне з 19 верасня Латвія, Літва, Польшча ды Эстонія, падобнае рашэнне могуць прыняць і ў дачыненні грамадзянаў Беларусі. Пра гэта расказала міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце падчас наведання памежнага пераходу ў Лаворышкесе, паведамляе «Delfi»

Міністарка ўнутраных справаў Літвы на брыфінгу ля КПП «Лаворышкес», 19 верасня 2022 года. Здімак з відэа. Крыніца: «Delfi» / delfi.lt

Білатайце згадала гібрыдныя атакі, калі нелегальныя мігранты штурмуюць памежныя пераходы і дзяржаўную мяжу Літвы з боку Беларусі, і паведаміла, што літоўскія ўлады развязваюць «беларускае» пытанне:

«Я ясна бачу, што беларускі рэжым таксама бярэ ўдзел у ваенных дзеяннях і арганізуе гібрыдныя атакі супраць Літвы, выкарыстоўваючы нелегальных мігрантаў. Я думаю, што гэта сурʼёзныя аргументы для развязання пытання беларусаў».

Як паведамляў «Белсат», з 19 верасня Літва разам з Латвіяй, Польшчай і Эстоніяй забаранілі расейскім грамадзянам з шэнгенскімі візамі заязджаць праз сваю мяжу. Выключэнні зробленыя толькі для дыпламатаў, кіроўцаў грузавога транспарту, а таксама для грамадзянаў, якія заязджаюць праз сямейныя і гуманітарныя абставіны.

Кіраўніца літоўскага МУС удакладніла, каго з расейцаў будуць пускаць у Літву з 19 верасня:

  • асобаў, якія прыязджаюць з гуманітарных прычынаў;
  • барацьбітоў з крамлёўскім рэжымам;
  • дысідэнтаў, якія праязджаюць праз Літву транзітам;
  • асобаў, якія ажыццяўляюць міжнародныя перавозы;
  • асобаў з візамі з працяглым тэрмінам дзеяння або відам на жыхарства.

«Ува ўсіх астатніх выпадках памежнікі кожны выпадак разгледзяць асобна і, ацаніўшы крытэры, пастановяць: упусціць ці не. Грамадзянаў Расеі інфармавалі, яны павінны ацаніць гэтыя моманты і тады вырашаць – ехаць ці не», – заўважыла Білатайце, сказаўшы, што такі парадак будзе дзеяць, пакуль дзеіць рэжым надзвычайнага становішча. Дакладных тэрмінаў дзеяння рэжыму пакуль не называюць.

«Delfi» таксама прыводзіць інфармацыю Літоўскай памежнай службы: з 0:00 да 9:00 у Літву не ўпусцілі 11 грамадзянаў Расеі. Большасць з іх спрабавала праехаць праз беларуска-літоўскую мяжу. У жніўні за содні ў Літву ў сярэднім заязджалі каля 2500 расейцаў, палова ехала паводле схемы палегчанага калінінградскага транзіту. Астатнія – у асноўным кіроўцы фураў. Цяпер грамадзянаў РФ на КПП правяраюць за два этапы: спачатку паводле Шэнгенскага кодэксу, а потым спраўджваюць, ці ўваходзіць чалавек у лік выключэнняў з забароны на ўезд.

Hавiны
З 19 верасня ў краінах Балтыі і Польшчы набыла моц забарона на ўезд расейскім грамадзянам з шэнгенскімі візамі
2022.09.19 12:16

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў