Ці абвесціць Расея мабілізацыю і да чаго гэта можа прывесці?


Пасля буйной паразы на Харкаўшчыне ў Расеі ўсе часцей гучаць заклікі да ўсеагульнай мабілізацыі, без якой, як лічаць некаторыя прыхільнікі вайны, перамагчы Украіну нельга. Belsat.eu распавядае, што такое ўсеагульная мабілізацыя і чаму ў Расеі яе яшчэ не абвесцілі.

Якой бывае мабілізацыя

Першая масавая мабілізацыя ў гісторыі адбылася ў 1793 годзе падчас Вялікай французскай рэвалюцыі, калі французы баранілі сваю краіну і заваяванні рэвалюцыі ад інтэрвенцыі суседзяў. Тады ўпершыню была зрэалізаваная канцэпцыя ўзброенага народу – то бок вайна стала справай усіх грамадзянаў, а не толькі прафесійнай арміі. Менавіта адтуль паходзіць лозунг «Грамадзяне, Айчына ў небяспецы!»

Досвед французскай мабілізацыі з часам карэнным чынам змяніў прынцып фармавання арміяў, што прывяло да значнага росту іх колькасці. Менавіта масавыя арміі, сфармаваныя на аснове агульнай мабілізацыі, вялі Першую і Другую сусветныя войны.

Расейскі вайсковы эксперт Павел Лузін вылучае два віды мабілізацыі: патрыятычную і гвалтоўную. У адным выпадку мабілізацыя адбываецца на хвалі патрыятычнага ўздыму, калі людзі давяраюць уладзе і падтрымліваюць вайну. У другім выпадку давер да ўладаў нізкі, мэты вайны незразумелыя, і людзі не маюць матывацыі рызыкаваць сабою – тады прыходзіцца рабіць стаўку на гвалт. У якасці прыкладу патрыятычнай мабілізацыі Лузін прыводзіць якраз мабілізацыю ў Францыі ў 1793 годзе, а ў якасці гвалтоўнай – мабілізацыя ў час грамадзянскай вайны ў Расеі.

Мужчыны на мабілізацыйным пункце вайсковага камісарыяту Калінінскага, Кіеўскага і Варашылаўскага раёнаў Данецку ў спартыўнай зале сярэдняй школы №19. Данецк, 22 лютага 2022 г.
Фота: Alexander Ryumin / TASS / Forum

Гэтаая класіфікацыя даволі ўмоўная: насамрэч падчас любой мабілізацыі выкарыстоўваюцца метады прымусу, заўсёды ёсць і ўхілісты, і добраахвотнікі. Але маштабы дэзерцірства і гвалту сапраўды могуць прынцыпова адрознівацца.

Розніцу можна пабачыць нават у межах цяперашняй вайны Расеі і Украіны. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб усеагульнай мабілізацыі 24 лютага. Ва Украіне не ўзнікла праблемаў з наборам людзей у войска: ужо ў першы дзень поўнамаштабнага ўварвання каля прызыўных пунктаў пачалі выстройвацца чэргі. Узровень выканання першай хвалі мабілізацыі ўкраінскае камандаванне па стане на пачатак траўня ацэньвала на 100 %. Паводле міністра абароны Аляксея Рэзнікава, у ЗСУ цяпер змабілізаваныя 700 тыс. чалавек, а агулам у розных сілавых структурах задзейнічаны 1 млн чалавек.

Выпадкі ўхілення ад мабілізацыі таксама ёсць, але іх не шмат. Вядома, што ўкраінскія суды з пачатку вайны вынеслі «ўхілістам» 66 выракаў. Часцей за ўсё гэтыя прысуды вельмі мяккія: стандартным пакараннем лічыцца тры гады пазбаўлення волі (мінімальная планка паводле арт. 336 КК Украіны) з выпрабавальным тэрмінам на адзін год. То бок асуджаных у такіх выпадках пакідаюць на свабодзе.

Ілюстрацыйнае фота. Краснадар, Расея. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: Roman Sokolov / ТАСС / Forum

Агулам за першыя паўгода ва Украіне было зарэгістравана 500 крымінальных вядзенняў за ўхіленне ад прызыву. 500 «ухілістаў» ў маштабах 700-тысячнай арміі – мізэрны паказнік. Гэта амаль у чатыры разы менш, чым за аналагічны перыяд 2015 года, калі ніякай усеагульнай мабілізацыі не было.

Hавiны
Мабілізацыя ў Данецку. Узброеныя патрулі выкрадаюць людзей проста на вуліцах
2022.04.25 13:50

Зусім іншая сітуацыя склалася ў «ДНР» і «ЛНР» – там якраз стаўка робіцца на прымус і гвалт. Кіраўніцтва гэтых груповак абвесціла ўсеагульную мабілізацыю яшчэ за некалькі дзён да поўнамаштабнага ўварвання, і ніякага патрыятычнага ўздыму там не назіралася. Амаль адразу з’явіліся паведамленні пра аблавы: мужчынаў адлоўлівалі на вуліцы, сілай забіралі з працы і з дому, часам нават не дазваляючы развітацца з роднымі. Вядомыя выпадкі, калі забіралі студэнтаў 2–3 курсаў – іх накіроўвалі на фронт без медкамісіі і без вайсковага рыхтавання.

Мабілізацыя для Расеі: тэорыя і практыка

Мабілізацыю ў Расеі можа абвесціць толькі Уладзімір Пуцін сваім асабістым указам. Паводле федэральнага закону «Аб мабілізацыі», пад прызыў падпадаюць грамадзяне з запасу, якія не маюць права на адтэрмінаванне. Тэарэтычна такіх людзей вельмі шмат: армейскі рэзерв Расеі ацэньваецца прыкладна на 2 млн чалавек. У выпадку мабілізацыі гэтага рэзерву расейскае войска зможа забяспечыць істотную перавагу ў жывой сіле над ЗСУ. Але гэта тэорыя – на практыцы ўсё значна складаней.

Уладзімір Пуцін на мітынгу ў Маскве, 18 сакавіка 2022 года.
Фота: Mikhail Metzel/TASS

Па-першае, у цяперашняй сітуацыі разлічваць на патрыятычны (украінскі) варыянт мабілізацыі Крамлю не выпадае. Большасць расейцаў па-ранейшаму падтрымліваюць «спецаперацыю», але мала хто хоча асабіста паехаць на фронт. Цягам амаль 8 месяцаў, нягледзячы на ўсе намаганні прапагандыстаў, нягледзячы на абяцанні вялікіх (па мерках расейскіх рэгіёнаў) грошай, Крэмль не здолеў знайсці дастаткова добраахвотнікаў для ўдзелу ў вайне супраць Украіны. За гэты час атрымалася сфармаваць толькі адно новае буйное падраздзяленне – 3-і армейскі корпус, у складзе якога прыкладна 15 тыс. чалавек. Праблема недахопу людзей стаіць настолькі востра, што Расея вымушана вербаваць вязняў у папраўчых калоніях.

Аналітыка
«Гібель масавая». Як расейскія зняволеныя «з задавальненнем» ідуць на вайну і чым гэта пагражае самой РФ?
2022.09.18 13:48

Усё гэта ўказвае на тое, што масавая мабілізацыя можа сутыкнуцца з масавых ухіленнем ад прызыву. У выніку мабілізацыю прыйдзецца праводзіць пры дапамозе прымусу і гвалту. Але тое, што яшчэ магчыма зрабіць на дастаткова абмежаванай тэрыторыі Данбасу (аблавы, адлоў людзей на вуліцах і на працы), цяжка ўявіць у маштабах 140-мільённай краіны, асабліва ў буйных гарадах.

Па-другое, мабілізаваных грамадзянаў яшчэ трэба падрыхтаваць. Аналітык Павел Лузін у інтэрв’ю «Медузе» адзначыў, што ў Расеі былі дэмантаваныя савецкія інстытуты мабілізацыйнай арміі. Рэгулярных збораў рэзервістаў не праводзіцца – у выніку людзі, што прайшлі тэрміновую службу, вельмі хутка страчваюць усе навыкі. Але самае галоўнае, што цяпер не існуе брыгадаў і дывізіяў, дзе кадравыя афіцэры мусілі вучыць мабілізаваных вайсковай справе.

Расейскія вайскоўцы ў вёсцы Бугас Данецкай вобласці, Украіна. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Заснавальнік даследчай групы «Conflict Intelligence Team» Руслан Левіеў канстатуе, што «не дастаткова проста сабраць натоўп людзей і адправіць іх у бой» – трэба паставіць кагосьці на чале.  У расейскім войску і да вайны не хапала афіцэраў, а пасля панесеных ва Украіне стратаў сітуацыя толькі пагоршылася. Спрыяльны момант для мабілізацыі ўпушчаны, лічыць ён.

«Дапусцім, калі заўтра абʼявяць усеагульную мабілізацыю, то хто будзе навучаць мабілізаваных? Усе афіцэры, якія ёсць у расейскага войска, якія меліся быць у гэтым выпадку на палігонах, рыхтавацца да прыбыцця мабілізаваных, рыхтавацца да іх далейшага навучання, – усе яны сфармаваныя ў батальённыя тактычныя групы і адпраўленыя на лінію фронту», – адзначыў Левіеў у інтэрв’ю каналу «Навальный LIVE».

Але акрамя чыста тэхнічных праблемаў Пуцін сутыкнецца і з непазбежнымі грамадска-палітычнымі наступствамі.

Цень 1917 года

Незалежныя журналісты з самага пачатку вайны звярталі ўвагу на тое, што Крэмль імкнецца перакласці асноўны цяжар ваенных стратаў на аддаленыя рэгіёны РФ. Як вынікае з расследавання Бі-Бі-Сі, на дзень 16 верасня ў колькасці пацверджанных чалавечых стратаў лідаруе Дагестан (на вайне загінуў мінімум 301 нарадзінец рэгіёну), Бурація (267) і Краснадарскі край (256). Пры гэтым вядома пра смерць толькі 23 вайскоўцаў з Масквы, хаця ў расейскай сталіцы насельніцтва болей, чым у гэтых трох рэгіёнах, разам узятых. Звесткі Бі-Бі-Сі апрыёры не поўныя, яны датычаць толькі інфармацыі, якую ўдалося сабраць з адкрытых крыніцаў, але тэндэнцыя ўсё роўна відавочная.

Такім чынам, Пуцін стварае сітуацыю, калі для жыхароў найбуйнейшых гарадоў Расеі вайна існуе толькі ў тэлевізары, – іх асабіста канфлікт нібыта ніяк не датычыць. Але ўсеагульная мабілізацыя так ці інакш мусіць закрануць амаль кожную расейскую сям’ю, што непазбежна адаб’ецца на стаўленні да вайны і павялічыць пратэставыя настроі ў грамадстве.

Да таго ж падтрыманне «спецаперацыі» ў Расеі вельмі нераўнамерна размеркаванае па ўзроставых катэгорыях. Паводле апытання «Левада-цэнтру», агулам вайну ў Расеі ў той ці іншай ступені («так» і «хутчэй так») падтрымліваюць 76 % насельніцтва. Але найбольш мілітарысцкія настроі пануюць сярод старэйшага пакалення. Найменшы ўзровень падтрымкі «спецаперацыі» дэманструюць якраз тыя групы насельніцтва, якія ў першую чаргу трапяць пад мабілізацыю: толькі 37–40 % апытаных расейцаў ва ўзросце 18–39 гадоў выступаюць за працяг баявых дзеянняў ва Украіне.

Данецк, Украіна. 22 лютага 2022 года.
Фота: Stringer / Белсат

То бок большасць патэнцыйных навабранцаў не хочуць ваяваць, але ў выпадку мабілізацыі іх прымусова забяруць у войска і выдадуць зброю. Гэта сітуацыя непазбежна выклікае паралелі з Лютаўскай рэвалюцыяй 1917 года, якая распачалася з бунтаў жаўнераў, прызваных у войска па ўсеагульнай мабілізацыі.

Акрамя таго, абвяшчэнне мабілізацыі будзе прызнаннем, што першапачатковы план Крамля цалкам праваліўся: замест «спецаперацыі» ідзе зацяжная вайна, мэты якой дагэтуль выразна не былі сфармуляваныя на афіцыйным узроўні. Такое прызнанне само па сабе негатыўна адаб’ецца на аўтарытэце і папулярнасці Пуціна ў грамадстве.

«Пуцін баіцца мабілізацыі, бо ён ведае, што народ ваяваць не пойдзе – большасць народу настроена супраць вайны. Гэта вельмі небяспечная сітуацыя», – заявіў у інтэрв’ю ICTV расейскі публіцыст Андрэй Піянткоўскі.

Самамабілізацыя замест мабілізацыі

Усё гэта не значыць, што мабілізацыя цалкам выключана. Да таго ж можа быць праведзеная частковая мабілізацыя. «Я цалкам дапускаю, што ім прыйдзе ў галаву ідэя абвясціць аб частковай мабілізацыі і прызваць 50 тыс. чалавек. Гэта таксама будзе сурʼёзная сіла», – кажа вайсковы эксперт Руслан Левіеў. Але ў любым выпадку імгненнага эфекту не будзе: на рыхтаванне сыдуць месяцы.

Аналітыка
Ці працягваецца ўкраінскае контрнаступленне і чаго чакаць далей?
2022.09.14 20:21

Найбольш вядомы і паслядоўны прыхільнік усеагульнай мабілізацыі – былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў (Гіркін). Ён казаў пра неабходнасць гэтага кроку з самага пачатку вайны, а апошнім часам усё часцей заяўляе пра катастрафічны недахоп людзей на фронце.

Пасля Балаклійскага прарыву пра мабілізацыю загаварылі ў Дзяржаўнай думе РФ. Дэпутат ад «Единой России» Міхаіл Шарамет заявіў, што без усеагульнай мабілізацыі немагчыма будзе дасягнуць неабходных вынікаў ва Украіне. Лідар фракцыі КПРФ Генадзь Зюганаў заявіў, што спецаперацыя ўжо перарасла ў вайну, і цяпер патрэбная «поўная мабілізацыя краіны». Паралельна група дэпутатаў Дзярждумы прапанавала ўключыць у мабілізацыйны рэзерв шматдзетных бацькоў. Але 13 верасня прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што абвяшчаць мабілізацыю не плануецца. На выразны сігнал з Крамля ў Дзярждуме адрэагавалі імгненна: у прыватнасці, у КПРФ заявілі, што Зюганаў меў на ўвазе мабілізацыю эканомікі і палітычнай сістэмы, а іншыя трактоўкі ягоных словаў ёсць «правакацыяй».

Ілюстрацыйнае фота. Чачэнская Рэспубліка, Расейская Федэрацыя. 13 лістапада 2019 года.
Фота: Алена Афоніна / ТАСС / Forum

Разам з тым, 15 верасня чачэнскі лідар Рамзан Кадыраў заклікаў не чакаць рашэння Крамля, а заняцца «самамабілізацыяй» на рэгіянальным узроўні. Ён лічыць, што кіраўніцтва кожнага рэгіёну цалкам у стане падрыхтаваць і накіраваць на вайну хаця б 1 тыс. добраахвотнікаў. «У маштабах дзяржавы – гэта вялікі вайсковы кантынгент на 85 тыс. чалавек – амаль армія!» – заявіў ён. Ідэю падтрымалі тры расейскіх губернатары і кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Крыму. Праўда, як яны плануюць сабраць па тысячы добраахвотнікаў у сваіх рэгіёнах, пакуль незразумела.

Па сутнасці, улады РФ хочуць замест усеагульнай мабілізацыі ўзмацніць схаваную мабілізацыю, якая і так вядзецца з красавіка. Паводле амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW), расейскае кіраўніцтва адмовілася ад ідэі абараняць асобныя суб’екты федэрацыі ад вербавання ў войска – імаверна, цяпер гэтая кампанія закране і Маскву.

Да таго ж набірае абароты вербаванне крымінальнікаў у папраўчых калоніях. Прычым робіцца гэта ўсё больш адкрыта.

«Тыя, хто не жадае, каб ваявалі ПВК, зняволеныя, хто разважае на гэтую тэму, хто нічога не хоча рабіць і ў прынцыпе каму гэтая тэма не падабаецца, дзяцей сваіх на фронт адпраўце. Або ПВК і вязні, або вашыя дзеці – вырашайце самі», – заявіў набліжаны да Пуціна алігарх Яўген Прыгожын, якога лічаць стваральнікам ПВК Вагнэра.

Hавiны
«Кухар Пуціна» апраўдаў вярбоўку зняволеных на вайну: «Або ПВК і зэкі, або вашыя дзеці»
2022.09.15 22:24

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў