«Я б не змог вярнуцца туды». Былы міліцыянт просіць аб дапамозе


Менск, Беларусь. 29 лістапада 2020 году.
Фота: АК / Белсат

Мужчына просіць называць сябе Максімам. Яму 21 год, і два з іх ён адпрацаваў у органах унутраных справаў Беларусі. Але ў 2020-м – звольніўся. Прасіў звольніць яго яшчэ 10 жніўня – замест гэтага начальства «адкамандзіравала» няправільнага супрацоўніка з РАУС аднаго беларускага гораду, дзе Максім працаваў памочнікам дзяжурнага, у жодзінскую турму наглядчыкам. Там малады сяржант міліцыі канчаткова саспеў, каб парваць з сістэмай. Звольніцца яму дапамаглі былыя зняволеныя…

«Я быў сіратой і рос у прыёмнай сям’і. А далей усю сваё невялікае жыццё правёў у пагонах. У 13 гадоў паступіў у кадэцкае вучылішча, вучыўся ў Гомлі па лініі МНС, потым паступіў у Магілёўскі інстытут МУС, на опера. Адвучыўся паўгода і пайшоў працаваць. А далей… На самай справе з самага дзяцінства мяне вучылі зусім іншаму. Таму – вось так, сышоў», – кажа былы міліцыянт.

«Я сябе пацуком не лічу»

Распавядае, што, калі папрасіў аб звальненні на наступны дзень пасля выбараў (9 жніўня ў яго быў выходны), пра гэта вельмі хутка даведаліся амаль усе яго калегі.

«Выходжу ў курылку 10 жніўня, і такія ўсе праходзяць: «Фу, пацук, ідзі адсюль!» І матам далей. На самай справе не вельмі прыемна было. Але перажыў неяк. Сам сябе пацуком я не лічу», – кажа Максім.

Як распавядае, пра ягонае звальненне 10 жніўня начальства і гаварыць не захацела. Цяпер, маўляў, трэба працаваць, а не звальняцца. Калі Максім заявіў, што будзе прыходзіць, але не будзе нічога рабіць, слова ўзяў зампаліт: «Калі так будзе, мы цябе як гэтых пратэстуноў адп…м – і будзеш працаваць!» У той жа дзень Максіма знялі з пасады і паставілі звычайным патрульным.

 

Гісторыі
«Артыкул мянялі тройчы». Як «шыюць» справы аб масавых закалотах і гвалце над міліцыянтамі
2020.12.17 12:37

«Да сценкі ставілі і білі»

Прызнаецца, што сваімі вачыма бачыў, як прывозілі людзей у РАУС і як над імі здзекаваліся супрацоўнікі АМАП і міліцыі.

«Да 14 чысла прывозілі людзей да задняй брамы РАУС. Вароты адкрываюцца, бусікі прыязджаюць, людзей жорстка выхопліваюць, па зямлі валакуць і галавой аб зямлю б’юць. Жудасна гэта на самай справе. У нас там гаражы, так да сценкі ставілі і білі. Так, я гэта бачыў. Што адчуваў? Неразуменне… Я проста не лічу гэтых людзей разумнымі, і да гэтага не лічыў. Першапачаткова нашыя погляды былі розныя. Яны як зомбі нейкія. Без свайго меркавання, толькі за грошы збівалі без усялякага жалю. Проста за грошы. Ну а кіраўніцтва, якое аддавала загады, яно нібыта чысценькае – усё перакінулі на падначаленых», – распавядае.

На пытанне, якія грошы ім за гэта плацілі, адказвае: «Неймаверныя!»

«Плацілі неймаверныя сумы! Па сутнасці – проста за бязлітаснасць. Цяпер не ведаю, колькі там атрымліваюць, але за тое, што вось вазілі на бусах і білі – даплачвалі, і даплачвалі добра. Ведаю, што за тыя тры-чатыры дні пасля выбараў кожнаму па 500 рублёў давалі за кожны прывоз. І не толькі амапаўцы там былі, з амапаўцамі ўсё зразумела, а міліцыя таксама: пераапраналіся – і білі «не горш» за амапаўцаў», – сцвярджае Максім.

Інтэрв’ю
Былы капітан МУС: Служба цяжкая, але прызвычайваешся, што заробак – у адзін і той жа дзень
2021.09.18 12:00

«Падтрымліваў нас, казаў, каб не здаваліся»

Праз нейкі час яго адкамандзіравалі ў Жодзіна.

«Там я прабыў дзесьці месяц, пазнаёміўся з хлопцамі, непасрэдна ў турме. Ну і гэта падштурхнула мяне звольніцца. Яны мне дапамаглі. Хоць звольнілі мяне па артыкуле. Але я ім удзячны. Дапамагаў ім, чым мог, размаўляў. Казаў, што мы пераможам. Не лічу гэта заслугай, проста распавядаю, як яно было», – кажа экс-наглядчык жодзінскай турмы.

Дарэчы, адна з беларусак, якая цяпер знаходзіцца ў эміграцыі, пацвердзіла нам, што, адбываючы суткі ў Жодзіне, пазнаёмілася з супрацоўнікам МУС Максімам, а пасля вызвалення дапамагала яму кантактамі і кансультацыямі з нагоды яго звальнення з МУС.

«Ён, хутчэй, з ідэйных, з тых, хто хацеў пайсці ў міліцыю, каб абараняць людзей. Былы кадэт. Мы сталі дапамагаць яму, таму што пачулі яго размову, пакуль сядзелі на «соднях», а потым самі завялі гутарку. Падтрымліваў нас, казаў, каб не здаваліся», – гаворыць былая зняволеная турмы ў Жодзіна.

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат / Vot-tak.tv

«Бяруць туды цяпер толькі “адбітых”»

Максима уволили по статье за невыход на работу.

«Як я звальняўся, так на маё месца яшчэ пяць чалавек прыйшло, памятаю. Проста грамадзянскія, з вуліцы, ненавучаныя, і іх узялі, форму далі і кажуць: працуйце!.. Не, я б не змог вярнуцца туды. Да гэтых людзей. А бяруць туды цяпер толькі »адбітых« людзей. І такія людзі не павінны працаваць у органах. Я б не вярнуўся. Хіба што – у новай Беларусі», – разважае экс-міліцыянт.

Максім не шкадуе, што зрабіў такі выбар. Але прызнаецца, што зараз апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. На дадзены момант – без працы і грошай. А, па сутнасці, і без жылля, таму што як сірата мог бы знайсці прытулак хіба што ў прыёмнай маці, якая яго выхоўвала. Але абцяжарваць яе не хоча.

«Калі шчыра, быў бы рады кожнай капейцы», – кажа суразмоўца belsat.eu.

Дапамагчы Максіму можна праз BYSOL

ЗК/ІР belsat.eu

Стужка навінаў