Міністэрства юстыцыі падало пазоў аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання «Гавары праўду»


Міністэрства юстыцыі падало ў Вярхоўны суд пазоў аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання «Гавары праўду». Паседжанне пройдзе 5 кастрычніка, паведамляе БелаПАН.

Сустаршыні аб’яднання, Андрэй Дзмітрыеў і Таццяна Караткевіч, пакуль не пракаментавалі сітуацыю.

Сцяг «Гавары праўду»
Фота: ZaprauduBY / Facebook

Аб’яднанне было зарэгістравана ў 2017 годзе. Яму папярэднічала кампанія з аналагічным назвай, распачатая ў 2010-м годзе ўстановай «Движение вперёд». Першапачаткова лідарам «Гавары праўду» стаў беларускі паэт Уладзімір Някляеў, які быў кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Тады ён заняў пятае месца з дзесяці з афіцыйным вынікам у 1,78%.

Паэт і палітык Уладзімір Някляеў.
Фота: sputnik.by

На прэзідэнцкіх выбарах 2015 года кандыдатам ад кампаніі «Гавары праўду» была вылучана Таццяна Караткевіч. Тады па дадзеных ЦВК за Караткевіч прагаласавала 4,4% ад агульнай колькасці людзей, якія прынялі ўдзел у выбарах.

У 2020-м годзе кіраўнік аб’яднання Андрэй Дзмітрыеў таксама вылучаў сваю кандыдатуру на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, атрымаўшы 1,21% галасоў (афіцыйны вынік).

У сярэдзіне ліпеня гэтага года ў офісе аб’яднання і дома ў Таццяны Караткевіч прайшлі ператрусы, пасля якіх была канфіскавана тэхніка. Андрэй Дзмітрыеў быў затрыманы сілавікамі 12 жніўня 2021 года, але вызвалены ў той жа дзень.

Hавiны
Затрымалі лідара «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева
2021.08.12 15:57

АД, belsat.eu

Стужка навінаў