Ад палітвязня Мікіты Емяльянава больш за месяц не было ніякіх звестак – яго ўтрымлівалі ў ШІЗА


Родныя палітвязня Мікіты Емяльянава не атрымлівалі ад яго лістоў і званкоў больш за месяц. Як высветлілася, хлопца больш за месяц утрымлівалі ў ШІЗА, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Мікіта Емельянаў перад прысудам.
Фота: belsat.eu

Больш за месяц ад палітзняволенага Мікіты Емяльянава не было ніякіх звестак, таму 10 верасня яго родныя патэлефанавалі ў дзяжурную частку турмы і паспрабавалі даведацца, што адбываецца з Мікітам.

Дзяжурны патлумачыў, што ніякай інфармацыі па тэлефоне прадаставіць не можа, а каб даведацца што з хлопцам, трэба прыязджаць у пакой прыёму перадачаў пры турме ці накіроўваць пісьмовы зварот адміністрацыі, адказ на які прыйдзецца чакаць не менш за 14 дзён. Родныя прасілі хаця б паведаміць, ці жывы і здаровы Мікіта, аднак дзяжурны адмовіўся адказваць на такія пытанні, спасылаючыся на ўнутраныя інструкцыі.

Тады блізкія палітвязня накіравалі пісьмовую заяву ў турму №4 з просьбай патлумачыць, чаму з Мікітай няма сувязі і вырашылі накіраваць адваката, каб аказаць хлопцу юрыдычную дапамогу. Так стала вядома, што больш за месяц Мікіта ўтрымліваўся ў карцары.

Спачатку палітвязень атрымаў 7 содняў у ШІЗА за парушэнне формы адзення. Пасля яшчэ 10 содняў за тое, што спаў на падлозе ў карцары і пасля гэтага яшчэ двойчы быў пакараны на 5 содняў за перамовы з суседнім карцарам.

Праз 27 содняў Емяльянаў выйшаў і запатрабаваў адзіночнага ўтрымання, адмовіўся ісці ў камеру, прасіў выдаць паперу і асадку для напісання заявы. Аднак адміністрацыя турмы адмовілася прадаставіць зняволенаму пісьмовыя прыналежнасці, а за непадпарадкаванне хлопца зноў кінулі ў ШІЗА на 10 содняў.

У судзе над анархістамі. Фота – belsat.eu

Тэрмін утрымання ў ШІЗА скончыўся 17 верасня, пасля якога Мікіта планаваў зноў патрабаваць адзіночнага ўтрымання. Аднак дакладна невядома, выйшаў хлопец з карцара ці зноў быў пакараны за непадпарадкаванне чарговым спагнаннем.

Hавiны
7 гадоў калоніі кожнаму. Суд прызнаў анархістаў вінаватымі ў пашкоджанні дзвярэй СІЗА
2020.02.12 17:10

Згодна з правіламі ўнутранага распарадку асуджаны мае права звярнуцца да адміністрацыі з заявай аб адзіночным утрыманні пры ўзнікненні пагрозы асабістай бяспекі і адразу быць перамешчаным у бяспечнае месца: адзіночную камеру, памяшканне камернага тыпу ці штрафны ізалятар (не з прычыны пакарання).

Таксама стала вядома, што палітвязня пазбавілі кароткатэрміновага спаткання, якое на строгім турэмным рэжыме прадугледжана адзін раз на год. Родныя Мікіты збіраліся наведаць хлопца ў кастрычніку гэтага года, але цяпер не змогуць гэтага зрабіць.

Hавiны
Менгарсуд скараціў тэрмін пакарання для анархістаў Емельянава і Комара
2020.03.27 11:43

АД, belsat.eu

Стужка навінаў