Расея і Украіна паказалі страшныя мапы магчымай аварыі на Запарожскай АЭС. Усё напраўду гэтак дрэнна?


Усё можа быць нават горш, але можа паляцець як у Беларусь, Румынію або Польшчу, так і ў Расею.

Магчымы сцэнар ядзернай катастрофы на Запарожскай АЭС. Крыніца: МЗС Расеі / Twitter

І Расея, і Украіна заявілі 18 жніўня, што на 19-га рыхтуецца правакацыя на Запарожскай АЭС, якая цяпер занятая расейскімі войскамі. Расея абвінавачвае Украіну, Украіна – Расею.  Абодва бакі публікавалі мапы магчымага забруджвання ад аварыі на Запарожскай АЭС. Згодна з гэтым сцэнарам, можа закрануць і Беларусь, і Польшчу.

Наколькі гэтыя рэалістычныя сцэнары, «Белсату» распавёў Андрэй Ажароўскі – інжынер-фізік, эксперт праграмы «Бяспека радыеактыўных адходаў» Расейскага сацыяльна-экалагічнага саюзу.

Гэта рэалістычныя сцэнары?

Мапы, якія апублікавала Міністэрства абароны Расеі і за ім Міністэрства замежных спраў Расеі, распаўсюджваў і сам Ажароўскі: гэта аўстрыйскае даследаванне «flexRISK» (праект «Гнуткія механізмы для ацэнкі ядзерных рызыкаў у Еўропе»). Яно было скончана яшчэ ў 2012 годзе, разлікі правялі для 257 АЭС для 88 рэальных метэаўмоў (узялі надвор’е 88 дзён 1995 года). Праўда, тады ў ім разглядалі выхад радыяцыі, зыходзячы з унутраных прычынаў на станцыі, а не як вынік знешняга ўздзеяння накшталт выбуху ракеты.

Украінскі гідраметэаралагічны інстытут намаляваў прыкладна тое ж самае, кажа Ажароўскі. Толькі на мапах ад «flexRISK» паказана тое, як выпадае цэзій на глебу, а ва ўкраінскім прагнозе – як ляціць воблака (а ўздзеянне аварыі будзе не толькі на глебу, а і на тых, хто ўдыхне забруджанае паветра).

«Для мяне як для праціўніка атамнай энергетыкі і ўдзельніка ў тым ліку беларускай антыядзернай кампаніі цікава, што афіцыйнае расейскае міністэрства прызнала, што для рэактара ВВЭР-1000 даўжыня зоны паражэння – 600 км, 900 км… – дадае Ажароўскі. – Гэта старая савецкая распрацоўка, якая выкарыстоўваецца на Калінінскай, Новаваронежскай, Растоўскай, Балакаўскай атамных электрастанцыях у Расеі.

Гэта тое, што праціўнікі атамнай энергетыкі пастаянна паўтаралі, а «Росатам» адмаўляў усімі магчымымі спосабамі. Шкада, што падстава такая дрэнная, але віншую антыядзерны рух з перамогай, паколькі хоць нейкім афіцыйным ведамствам Расеі прызнана, што рэактары ВВЭР-1000 небяспечныя і што аварыя на іх можа прывесці да такіх наступстваў».

Запарожская АЭС больш бяспечная за Чарнобыльскую, ці не праўда?

Параўноўваць розныя тыпы рэактараў складана, кажа Ажароўскі, але ў аўстрыйскім даследаванні відаць, што наступствы аварыі на Запарожскай АЭС будуць параўнальныя з аварыяй на Чарнобыльскай.

Запарожская АЭС.
Фота: uatom.org

Наступствы чарнобыльскай катастрофы добра вядомыя: нават у Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці, за 230 км ад ЧАЭС цяпер так шмат цэзію ў глебе, што ўсё яшчэ забароненае пражыванне ў некалькіх населеных пунктах.

Да саміх даследаванняў у Ажароўскага пытанняў няма, але ён удакладняе: гэта не «цалкам верагодныя» сцэнары, а сцэнары вельмі малаверагодных аварый, хай і рэалістычныя. Так уладкаваная ядравая энергетыка: вельмі малаверагодныя аварыі прыводзяць да вельмі цяжкіх наступстваў.

Пытанне ў іншым: гэта не прагназаванне вынікаў абстрэлу. Пры ваенным уздзеянні на энергаблок наступствы могуць быць нават горшыя. У даследаванні «flexRISK» былі разлікі на выкід 20 % таго, што ўтрымліваецца ў рэактары, а пры ваенным уздзеянні можа быць выкінута больш – пры артылерыйскім абстрэле можна «дасягнуць» і выкіду ўсіх 100 %.

Hавiны
У контур энергаблоку трапіла тона смалы: што цяпер адбываецца на БелАЭС і чаму там пастаянна нешта ламаецца
2022.03.10 19:35

Запарожскую АЭС Ажароўскі называе «староццем 1970-х гадоў пабудовы» і прапануе паглядзець на адну з самых новых АЭС: Астравецкую. Гэтая новая АЭС будавалася з разліку на тое, што яна можа вытрымаць ураган або падзенне самалёта масай 5,7 тоны (накшталт «кукурузніка» Ан-2). Але ахоўная абалонка нават новай станцыі не можа стрымаць бетонабойны снарад, крылатую або балістычную ракету.

«Гэта не бункер, гэта не фартыфікацыйны будынак, гэта абсалютна дакладна», – рэзюмуе Ажароўскі.

Ці магчыма разлічыць тэракт так, каб забрудзіла адных і не закранула іншых?

На мапах «flexRISK» ёсць вельмі розныя сцэнары для распаўсюджвання забруджвання ад аварыі на Запарожскай АЭС.

12 з 88 магчымых сцэнарыяў забруджвання глебы цэзіем-137 пры аварыі на Запарожскай АЭС, разлічаных праектам «flexRISK». Чырвоная зона – магчымай эвакуацыі, жоўтая – зона магчымых праблем з сельскай гаспадаркай, тлумачыць Ажароўскі. Выявы: flexrisk.boku.ac.at

Варыянты – «на любы густ» у залежнасці ад кірунку ветру. Аварыя на Запарожскай АЭС можа забрудзіць у асноўным Украіну, можа –Чорнае мора, можа – Беларусь, Сочы ці Маскву. Ці можа патэнцыйны тэрарыст разлічыць час тэракту так, каб забрудзіла не яго радзіму, а праціўніка?

«Гэта пытанне пра прагноз надвор’я, – адказвае Ажароўскі. – Вось наколькі можна быць упэўненым, што вецер будзе менавіта ў гэты бок? Я думаю, такой упэўненасці няма».

Ажароўскі адзначае, што на Запарожскай АЭС два з шасці энергаблокаў выведзеныя у халодны стан. Рэактары, якія такім чынам спыненыя, не могуць выкінуць радыеактыўныя рэчывы ў атмасферу. Гарачы рэактар высока «выплёўвае», а калі халодны руйнуецца, небяспечныя рэчывы падаюць у радыюсе некалькіх кіламетраў, у крайнім выпадку – дзясятка кіламетраў. Чаму гэтак жа не заглушылі астатнія энергаблокі на час вайны – пытанне да тых, хто не заглушыў.

Эксперт дадае, што ўсё, што адбываецца, сведчыць пра тое, што атамная энергетыка ўразлівая для нападаў тэрарыстаў, і для ваеннага нападу з выкарыстаннем буйнакалібернай артылерыі.

Hавiны
Радыяцыйная небяспека: куды бегчы, як хавацца і што рабіць з ёдам
2022.03.16 19:03

Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антоніу Гутэрыш раней заклікаў «адвесці ўсіх вайскоўцаў і вайсковую тэхніку ад станцыі і пазбягаць любога іншага размяшчэння вайсковых сіл або вайсковага абсталявання на гэтай тэрыторыі», Расея адмовіла. Пазней Еўразвяз і 42 краіны заклікалі Расею пакінуць тэрыторыю Запарожскай АЭС.

18 жніўня Гутэрыш сустракаўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у Львове – казаў, што ў сітуацыі з Запарожскай АЭС «павінен перамагчы здаровы сэнс» і што ААН падтрымае наведванне АЭС інспектарам МАГАТЭ.

Алесь Наваборскі / АА belsat.eu

Стужка навінаў