Расейскія тураператары запускаюць шоп-туры ў Беларусь па брэндавыя рэчы і карткі беларускіх банкаў


Расейскія тураператары рэкламуюць туры ў Беларусь па вопратку замежных брэндаў, якія спынілі сваю працу ў Расеі, паведамляе Асацыяцыя тураператаў Расеі. Кошт паездкі ў аднаго з аператараў пачынаецца ад € 550 без авіяпералёту, першы выезд – 25 жніўня.

«У Менску адкрытыя амаль усе крамы замежных марак, якія спынілі працу ў Расеі»

«Беларусь – універсальны кірунак, дзе магчымыя розныя варыянты адпачынку – ад экскурсійны паездак да аздараўляльных тураў, – зазначаюць у Асацыяцыі тураператараў. – Бягучыя эканамічныя ўмовы сфармавалі і новы трэнд – становяцца папулярнымі паездкі ў суседнюю краіну па брэндавыя рэчы».

Расейскія тураператары зазначаюць, што ў Менску цяпер адкрытыя амаль усе крамы замежных марак, якія спынілі працу ў Расеі: «Zara», «Nike», «Adidas», «Calvin Klein», «Massimo Dutti», «Karl Lagerfeld», «Michael Kors». Асобна падкрэсліваецца, што з верасня ў Беларусі адновіць працу шведскі рытэйлер «H&M».

Гандлёвы цэнтр «Galleria Minsk».
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Дадатковым бонусам Асацыяцыя расейскіх тураператараў называе магчымасць разлічыцца за куплю не толькі гатоўкай, але і праз карту «Мир».

Кошт чатырохдзённага туру ў аператара «Fun&Sun» пачынаецца ад 33 тысяч расейскіх рублёў (каля € 550) на дваіх без авіяпералёту. У праграме – не толькі наведванне гандлёвых цэнтраў, але і кансультацыя па выбары і афармленні картак беларускіх банкаў «Visa» ці «Mastercard».

Падрабязна апісвае, па што можна з’едзіць у Беларусь, таксама расейскае медыя «РБК Life». Акрамя брэндавай вопраткі, у матэрыяле РБК згадваецца замежная касметыка і парфумерыя, якую можна набыць у Беларусі:

«Варта пашукаць касметыку і парфумерыю ад холдынгаў «Estee Lauder» («Clinique», MAC, DKNY, «Bobbi Brown», «Tom Ford Beauty» і «Jo Malone») і «Coty» («Gucci», «Calvin Klein», «Chloe» ці «Burberry»). У Расеі тавары гэтых брэндаў больш недасяжныя ў некаторых рытэйлераў, але ў Беларусі выбар большы».

«З’есці бургер у тым самым амерыканскім «McDonald’s»

У Беларусь прапануюць ехаць і па харчы, у прыватнасці – па еўрапейскія сыры, каўбасы і кандытарскія вырабы.

«За невялікую «шайбачку» еўрапейскіх камамбера ці бры давядзецца аддаць каля 600 расейскіх рублёў – гэта даражэй, чым за мяжой, але што рабіць, – зазначае РБК у сваім матэрыяле. – <…>.У Менску ўсё яшчэ можна знайсці газіроўку ад «Coca-Cola» і «PepsiC», сокі «Rich», цукеркі ад «Fazer» і ўвесь асартымент кампаніі «Nestle». Калі хвалюецеся, што ў расейскіх супермаркетах кола канчаткова скончыцца – запасайцеся ў Беларусі. А яшчэ ў Менску можна з’есці бургер у тым самым амерыканскім «McDonaldʼs» ці фінскай сетцы «Hesburger».

«McDonaldʼs» у Менску.
Фота: mapminsk.ru

Прыводзяць расейцы і канкрэтны пералік гандлёвых цэнтраў у Менску, дзе лепш закупляцца: «Экспабел», ГЦ «Момо», «Dana Mall», ГЦ «Galleria Minsk», «Galileo» і інш.

Асобна РБК распавядае пра магчымасць завесці карткі «Visa» і «Mastercard» у беларускіх банках, аднак адначасова папярэджвае:

«Не забывайцеся, што беларускія банкі таксама могуць трапіць пад санкцыі заходніх краінаў, так што гэта часовае развязанне <…>».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў