«Перавезла праз мяжу 13 хуткіх». Пагутарылі з беларускай, якая пераганяе ва Украіну санітарныя машыны


Наталля Ягорава.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

З пачатку вайны аўтамабілі, на якіх добраахвотнікі ўкраінскага медычнага батальёну «Гаспітальеры» ратуюць параненых на перадавой, праходзяць праз майстэрню Пятра пад Варшавай. Ён аглядае і, калі трэба, рамантуе машыны хуткай дапамогі, мінівэны і пікапы, што едуць на фронт з усёй Еўропы. Потым валанцёры пераганяюць машыны ва Украіну – уначы ў выходныя, калі на мяжы найменшыя чэргі. Ян Лісіцкі з’ездзіў у адзін з такіх рэйсаў і распытаў Наталлю Ягораву, якая перавезла праз мяжу ўжо трынаццаць аўтамабіляў, адкуль яна бярэ сілы на такія паездкі, колькі часу аддае на пераезд мяжы за стырном хуткай і што збіраецца рабіць па заканчэнні вайны.

– Хто такія «Гаспітальеры»?

– Гэта добраахвотніцкая арганізацыя парамедыкаў, заснаваная Янай Юзінкевіч пасля пачатку вайны на Данбасе для дапамогі ў вывазе параненых і забітых з лініі фронту. Парамедыкі – людзі з медычнай адукацыяй або студэнты медуніверсітэту. Ад медыкаў яны адрозніваюцца тым, што не атрымліваюць за сваю працу грошай. У 2014 годзе яны мелі толькі шэсць асобаў і дзве машыны. Ладзілі курсы медычнага рыхтавання, развіваліся – да пачатку ўварвання Расеі ва Украіну валанцёры арганізацыі ўратавалі больш за 3000 параненых. Да новае вайны «Гаспітальеры» былі падрыхтаваныя. 24 лютага ім на дапамогу прыйшлі 35 асобаў, наступным днём – 75. З 24 лютага да пачатку чэрвеня «Гаспітальеры» ўратавалі 1500 чалавек.

– Як ты пачала ім дапамагаць?

– Калі пачалася вайна, я пайшла валанцёрыць – у тым ліку начамі – у пункт дапамогі ўцекачам на Заходнім вакзале ў Варшаве: перакладала, дапамагала інфармацыйна, падносіла валізкі. Правяла там месяц. Потым хваля ўцекачоў зменшылася – і я паспрабавала паездзіць па арэнах, дзе размяшчалі людзей [на начлег]. Але іх там было мала, і ў мяне было адчуванне марнавання часу і ўласных рэсурсаў. Пасля працы цяжка ехаць і зноў працаваць, а калі проста сядзіш, то час цягнецца павольна, і ёсць адчуванне, што нічога не робіш.

Аўтамабілі для «Гаспітальераў»
Брытанскія пікапы на лагістычнай базе «Гаспітальераў» пад Львовам. 19 чэрвеня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Неяк муж сказаў, што ягоны калега на працы шукае кіроўцаў, каб адвезці машыны на ўкраінскую мяжу і камусьці перадаць. Аўтастаж у мяне невялікі, але першы выезд я ўспрымала як прыгоду, як спосаб адарвацца ад штодзённасці. Апоўначы 27 сакавіка ўпершыню паехала на мяжу аўтам, што прызначалася для «Гаспітальераў», – машынаю хуткай дапамогі з Францыі.

 – Адкуль бяруцца гэтыя машыны?

– «Гаспітальеры» шырока вядомыя ў сеціве, многія ведаюць, чым яны займаюцца, арганізацыя мае рэпутацыю. На іхнай старонцы ёсць пералік актуальных патрэбаў і спосабаў, як можна дапамагчы. Грашыма на аўты скідваюцца розныя людзі – напрыклад, суполкі ўкраінцаў за мяжой. Пікапы і машыны хуткай прыязджаюць пераважна з Вялікай Брытаніі, іх набывае тамтэйшая ўкраінская дыяспара. Шмат машынаў прыязджае таксама з Іспаніі і Швейцарыі. Нярэдка аўтамабілі з вялікім прабегам проста дораць. Неяк перавозіла хуткую з прабегам 550 000 км, але яна была вельмі дагледжаная, пасля рамонту – прыдасца на фронце.

У Варшаве іх аглядаюць і рамантуюць украінскія механікі, а потым валанцёры пераганяюць ва Украіну.

 – Як выглядаюць такія рэйсы?

– Спачатку мы вазілі машыны да мяжы, а адтуль іх забіралі сябры і знаёмыя каардынатаркі «Гаспітальераў» Каці, якая адна займаецца лагістыкай і звязвае ўсё і ўсіх.

Цяпер кіроўцаў бракуе: хтосьці пайшоў на фронт, хтосьці паехаў бліжэй да ваенных дзеянняў. Паступова мы пачалі ездзіць наўпрост на базу «Гаспітальераў» пад Львовам.

Выязджаем уночы, каб дабрацца да мяжы ранкам, калі там найменшыя чэргі. Машыны ў Варшаве забіраем ужо ў цемры, атрымліваем ключы і дакументы, сядаем і едзем.

Аўтамабілі для «Гаспітальераў»
Пікапы з гуманітарнай дапамогай для «Гаспітальераў» на аўтадарозе з Варшавы да мяжы з Украінай. 19 чэрвеня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

[У кожны рэйс] едзе, у сярэднім, каля трох-чатырох машынаў, але здараецца і шэсць. За стырно сядаюць валанцёры з Польшчы, Беларусі і Украіны. Рэкардсмен – былы польскі вайсковец Войтэк, ён перагнаў 12 машынаў. Пэўны час з намі ездзіў Раман, украінец, які працуе паліцыянтам у Канадзе. Ён узяў адпачынак на два месяцы і прыехаў нам дапамагаць, ездзіў увесь час. Час ад часу дапамагае мноства іншых людзей.

Едзем калонаю – так прасцей, калі нешта станецца з машынаю. Яны ўсе пасля агляду і рамонту, але здаралася, што ламаліся. Загадзя дамаўляемся, дзе будзе прыпынак, каб размяць ногі, паесці, падыхаць і заправіць машыны.

Аўтамабілі для «Гаспітальераў»
Наталля Ягорава размаўляе з валанцёрам Войтэкам у чарзе да мытнікаў на памежным пераходзе ў Раве-Рускай. 19 чэрвеня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Пераход мяжы паводле часу можа быць розны. Аднойчы прайшлі за гадзіну, аднойчы за дзесяць – калі ўсе «гналі тачкі». (1 ліпеня Украіна скасавала льготны завоз аўтаў, уведзены на час ваеннага становішча. Цяпер пры завозе транспартных сродкаў ва Украіну зноўку трэба плаціць ПДВ, увознае мыта і акцызны падатак. – Рэд.).

Неяк украінскі мытнік надумаў адкрыць і спраўдзіць кожную скрыню ў маёй машыне, дзе ляжалі перавязачныя матэрыялы, ужываныя тэлефоны, падзарадкі і паўэрбанкі, а потым загадаў задэклараваць асобна кожную рэч. Падлічыць іх было цяжка, скрыняў было шмат. У выніку мы пайшлі да кіраўніка змены, ён супакоіўся і дазволіў упісаць «прыблізную колькасць» рэчаў. Пасля пачаў чапляцца, што нельга запаўняць рукамі, сказаў ісці да кагосьці, хто набярэ на камп’ютары. Каб «прыгожа» запоўніць і раздрукаваць дэкларацыю, мы змарнавалі тры гадзіны.

– Які выезд запомніўся табе найбольш?

– Калі везла іспанскую хуткую, загружаную пад завязку. Бліжэй да ўкраінскай мяжы, дзе пачынаюцца ўзгоркі, узбірацца на іх было цяжка, але ўніз яна з’язджала, як разагнаны лось. Ужо трэба паварочваць недзе, а шкада тармазіць. Ехаць было прыемна: лёгка перашыхтоўвацца, лёгка абганяць усіх. Было адчуванне, што ўсе быццам пасоўваюцца з дарогі. Думала: ўаў, класны колер у машыны. А потым Войтэк тэлефануе: «Выключы пеўня». У кабіне праваруч ад кіроўцы было нешта накшталт століка з мільёнам гузікаў. Відаць, выпадкова нешта ўключыла, калі брала навобмацак бутэльку вады збоку. Адказваю, што не ведаю як. Спыніцца няма дзе. Толькі калі прыехалі на паркінг да «МакДоналдсу» пад Люблінам, зразумела, што kogut («певень») – гэта мігалка. Як яе ўключыць – першае, што мне паказалі, калі везла наступную машыну хуткай.

Яшчэ прыгадваю нерэальнае санітарнае «Volvo» з Аўстрыі – жыла б у гэтым аўце: прыемна было кіраваць, вельмі камфортная ўнутры. І круіз-кантроль там, дарэчы, таксама быў. На ўкраінскай мяжы кожны мужык спыняўся: «Вашая?» – «Так». – «За колькі купілі?» А я бачыла ва ўмове цану, называю яе і кажу: «Магу сабе дазволіць». Падчас язды настолькі палюбіла яе, што калі развітвалася, у мяне выкацілася сляза, што больш не пабачу яе і не вядома, як ёй там будзе на фронце.

Наталля Ягорава
Наталля Ягорава побач з санітарным «Volvo» на дарозе паміж Варшавай і мяжой з Украінай. Фота з асабістага архіву

Мой муж называе гэтыя аўты «маймі былымі»: з імі настолькі зжываешся, яны настолькі класныя, я паспяваю з імі за дарогу пасябраваць.

У мяне прачынаецца азарт, калі сядаю за стырно кожнага наступнага аўта. Асабліва правастырнавога: у кожнай машыне, нават у параўнанні з іншымі правастырнавымі, – усё іначай. Гэта кайф – спазнаваць усе гэтыя гузікі. Падчас аднаго з рэйсаў на світанку пабачыла ў адным з аўтаў гузік «круіз-кантроль». Не ведала, што гэта такое – ну і давай націскаць, вучыцца. Класна – не трымаць нагу на педалі. Даволі небяспечна, дарэчы, бо можна заснуць (смяецца).

– Адкуль ты бярэш сілы на гэткія начныя паездкі?

– У дзень перад выездам стараюся не займацца спортам – максімум басейн. Пасля працы сядаю за стырно, еду да мяжы, потым вяртаюся. Пазней ёсць дзікая стома, але мне падабаецца гэткі стан дэпрывацыі сну. Пасля вяртання прыязджаю дахаты, прымаю душ, нешта ем – і кладуся спаць.

Выезды для мяне – адзін са спосабаў даць сабе рады з вайною. У людзей ёсць жа тры рэакцыі на стрэс: біць, бегчы, замерці. Я бягу – у мяне заўсёды дзеянне. Ёсць час, здароўе, правы, польскі пашпарт, які дазваляе бесклапотна пераехаць мяжу. Сумленне не дазваляе ўдома сядзець і займацца прыбіраннем.

Валанцёрка Наталля Ягорава на мяжы Украіны і Польшчы падчас вяртання з Львова. 19 чэрвеня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Каштоўнасць гэтых выездаў у тым, што жыццё набывае сэнс. Калі пачалася вайна, напэўна, кожны беларус адчуў на сабе нейкі хэйт і агрэсію. Гэта і цяпер ёсць, але я навучылася з гэтым жыць. Некаторыя ўкраінцы ўспрымаюць мяне не праз прызму дзеянняў – валанцёрства і ахвяравання майго часу, – а праз прызму майго акцэнту. Неяк украінскі памежнік, які пабачыў неапалячаны правапіс майго імя ў польскім пашпарце, пытаецца: «Нацыянальнасць?» Кажу: «Полька». – «А на самой справе?». – «Полька». Пасля схамянуўся: «У прынцыпе, я не павінен задаваць вам гэтага пытання. Вы нам дапамагаеце, дзякуй!»

Я разумею гэтых людзей, разумею, што яны праз прызму траўмы і гора гавораць. Няма сілаў пераконваць іх у адваротным.

– Ці блізкая табе ідэя калектыўнай адказнасці?

– Не, абсалютна. Я і так раблю ўсё, што магу. У мяне сумленне чыстае, я заўсёды была супраць рэжыму Лукашэнкі, я ніколі за яго не галасавала, ну і, як кожны нармальны чалавек з Беларусі, я не падтрымліваю гэтай аўтарытарнай улады. І я не пачуваюся вінаватаю ў тым, што адбылося ў Беларусі. Я акурат паводле сваіх сілаў і магчымасцяў рабіла тое, каб гэтага не было. Таму цяпер гэтае пачуцце мяне не кранае.

– Колькі машынаў ты яшчэ плануеш адвезці?

– Колькі трэба – столькі і буду. Не магу заставацца ўбаку, заплюшчыць вочы і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца.

Я не адчуваю, што я хвацкая, бо машыны пераганяю. Разважаю так: калі гэтая машына і медыкаменты дапамогуць уратаваць камусьці жыццё, будзе файна. І калі гэта прыблізіць нейкім чынам Украіну да сканчэння гэтай вайны, таксама будзе файна.

Адзін з нашых валанцёраў сказаў, што цяпер возім пікапы, а калі вайна скончыцца, павязем тое, што дапаможа адбудаваць краіну. Ёсць здароўе, маладосць – чаму не?

Hавiны
Пад Лунінцом пачалі разбудоўваць вайсковы аэрадром. Валяць радыеактыўны лес
2022.08.18 19:53

Ян Лісіцкі belsat.eu

Стужка навінаў