Чаму ЗСУ наносіць удары па Крыме і чаго чакаць далей?




Чаму Украіна пастанавіла перайсці да актыўных дзеянняў у Крыме і ці могуць вайсковыя аб’екты ў Беларусі стаць новай мішэнню ЗСУ? Разбіраўся Belsat.eu.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: U.S. Army / Zuma Press / Forum

Што адбываецца цяпер у Крыме?

За апошнія 10 дзён па вайсковых аб’ектах расейскай арміі ў Крыме была нанесеная серыя магутных удараў:

  • 9 жніўня быў атакаваны аэрадром «Сакі» каля курортнай Навафёдараўкі – гэта ключавая расейская авіябаза ў Крыме, дзе базуецца 43-і знішчальны авіяцыйны полк. Паводле звестак заходніх спецслужбаў, у выніку была выведзеная са строю больш чым палова баявых самалётаў марской авіяцыі Чарнаморскага флоту Расеі;
  • 16 жніўня ў паселішчы Майскае, што за 20 кіламетраў ад Джанкою (ключавы для расейскай арміі чыгуначны вузел на паўвостраве), узарваўся склад боепрыпасаў. Пасля гэтага расейскім уладам давялося часова прыпыніць рух цягнікоў. Паводле аналітыкаў, гэтыя выбухі «нанеслі значную шкоду расейскім рэсурсам і сур’ёзна парушылі лагістыку». У той жа дзень паведамлялася пра пажар на электрычнай падстанцыі ў Джанкоі і выбухі на вайсковым аэрадроме ў паселішчы Гвардзейскім.
  • 18 жніўня шэраг выбухаў прагрымеў на буйным вайсковым аэрадроме Бельбек каля Севастопалю, які выкарыстоўваецца для налётаў на тэрыторыю Украіну. Наколькі разбуральнымі сталі гэтыя выбухі – невядома. Таксама паведамлялася пра паветраную трывогу і працу СПА ў Керчы.

Пасля ўдару па авіябазе «Сакі» Масква зрабіла выгляд, што нічога не адбылося: здарэнне спісалі на «дэтанацыю боепрыпасаў у выніку парушэння правілаў пажарнай бяспекі». Выбухі ў Майскім таксама патлумачылі дэтанацыяй боепрыпасаў, але цяпер у Мінабароны РФ ужо заявілі пра дыверсію. Выбухі ў Бельбеку і паветраную трывогу ў Керчы расейскія ўлады патлумачылі атакай беспілотнікаў.

Афіцыйны Кіеў не бярэ на сябе адказнасці за атакі ў Крыме. Прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў каментуюць гэтыя здарэнні з непрыхаваным сарказмам: раяць «менш курыць» і не забываць пра «правілы пажарнай бяспекі», што выглядае хутчэй тролінгам Расеі, чым зняпраўджваннем датычнасці ЗСУ.

Якой зброяй наносяць удары ўкраінцы?

Гэта адно з галоўных пытанняў, на якое пакуль ніхто не можа даць дакладнага адказу. Джанкой месціцца за 130 км ад лініі фронту, аэрадром «Сакі» – за 200, Бельбек – за 260. Да нядаўняга часу меркавалася, што ЗСУ проста не здольныя наносіць удары на такую адлегласць.

Наконт разгрому авіябазы «Сакі» агучваліся некалькі асноўных версіяў (падрабязна пра гэта можна прачытаць тут):

  • ЗША маглі таемна перадаць ЗСУ ракеты ATACMS для РСЗА HIMARS;
  • ЗСУ маглі выкарыстаць у Крыме мадыфікаваную версію сваёй ракеты «Нэптун»;
  • Украіна ў сакрэтным рэжыме магла завяршыць вытворчасць ракетных комплексаў «Гром-2»;
  • выбухі на базе маглі стаць вынікам нападу ўкраінскіх дыверсантаў.

Менавіта дыверсіяй пазней расейцы патлумачаць знішчэнне складу боепрыпасаў пад Джанкоем. Газета «The New York Times» са спасылкай на прадстаўніка ўкраінскіх уладаў паведаміла, што гэта справа рук «элітнага падраздзялення, што дзеіць у тыле ворага».

У выпадку з Бельбекам і Керчу расейскія крыніцы ў адзін голас кажуць пра беспілотнікі. Праўда, што гэта за беспілотнікі, не паведамляюць. Версія з беспілотнікам разглядаецца і ў звязку з выбухамі ў Гвардзейскім.

Любы з гэтых варыянтаў – вельмі кепскі для Расеі. Калі ў Крыме дзеіць няўлоўны атрад дыверсантаў, які бесперашкодна наносіць удары па ключавых вайсковых аб’ектах і спакойна адыходзіць (ніводнага паведамлення пра затрыманне ці прынамсі з дыверсантамі расейскія медыі не давалі), гэта азначае, што тылы расейскай арміі вельмі кепска ахоўваюцца і любы аб’ект можа стаць мішэнню. Калі серыя выбухаў у Крыме – гэта вынік ракетных удараў ці працы беспілотнікаў, гэта азначае, што ЗСУ маюць у сваім арсенале зброю, якая істотна пашырае іх магчымасці, а сістэма супрацьпаветранай абароны РФ супрацьстаяць такім выклікам не гатовая.

Чаму ЗСУ пачалі атакаваць расейцаў у Крыме?

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) прагназуе, што ЗСУ, імаверна, працягнуць сваю кампанію нанясення ўдараў па расейскіх вайсковых абʼектах у Крыме.

Спадарожнікавы здымак атакаванага аэрадрому «Сакі» каля Навафёдараўкі, Крым.
Фота: Planet Labs PBC / Reuters / Forum

«Гэта серыя магутных выбухаў, якія толькі пачынаюцца. Памятаеце, як у Мінабароны РФ сказалі, што ў іх проста не ўмеюць паліць, не ўмеюць правільна падыходзіць да бяспекі на складах? Таму я лічу, што, з увагі на ўзровень інтэлекту расейскага войска, колькасць такіх эксцэсаў будзе расці, і менавіта ў Крыме», – адзначыў дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк 16 жніўня.

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксей Данілаў пайшоў яшчэ далей і заявіў 19 жніўня, што для Украіны цяпер на парадку дня стаіць паступовая дэмілітарызацыя і наступная дэакупацыя Крыму.

Але чаму на шостым месяцы вайны Крым пераўтварыўся ў адну з галоўных мішэняў ЗСУ? Прытым што раней, цягам 8 гадоў пасля анексіі і на працягу 5 месяцаў поўнамаштабнай вайны, Украіна не рызыкнула правесці на паўвостраве ніводнай баявой аперацыі.

Звязана гэта як з палітычнымі, так і з чыста ваеннымі прычынамі.

Анексаваны Крым – гэта сімвал вайскова-палітычнай магутнасці пуцінскай Расеі. Прапаганда шмат распавядала пра стратэгічная значэнне паўвострава для гарантавання бяспекі ўсёй краіны. У Крамлі некалькі разоў намякалі, што дзеля Крыму гатовыя нават распачаць ядравую вайну. А цяпер па Крыме раз за разам бесперашкодна наносяцца ўдары, а Расея нічога з гэтым не можа зрабіць. Для дзяржавы, што будуе сваю замежную палітыку на праве сілы, пагрозах і шантажы, гэта сапраўднае публічнае прыніжэнне.

Акрамя таго, такая сітуацыя дае дэмаралізацыйны эфект на насельніцтва: у сеціве пасля выбухаў распаўсюджваліся відэа, як адпачыннікі ў паніцы пакідаюць пляжы, а побач з Крымскім мостам у кірунку на выезд з Крыму збіраецца велізарная колькасць аўтамабіляў.

«Ствараецца адчуванне, што гэтыя выбухі абудзілі расейскі «глыбінны народ», да якога не даходзіла сурʼёзнасць сітуацыі. Вера ў афіцыйную прапаганду аблягчае многім жыццё. Але толькі да таго часу, пакуль разрыў паміж афіцыёзам і рэальнасцю не пачынае пагражаць іхнаму жыццю», – зазначае ў сваёй калонцы для DW аналітык, эксперт у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе Іван Праабражэнскі.

Фактычна для часткі расейцаў такім чынам вайна прыйшла з тэлевізара наўпрост у іхнае жыццё, што падрывае давер гэтых людзей да ўладаў. Для Крамля гэта небяспечная сітуацыя, з увагі, што папулярнасць Пуціна апошнія 8 гадоў у значнай ступені грунтавалася менавіта на крымскім поспеху 2014 года. Параза ў Крыму можа мець для рэжыму Пуціна непрадказальныя наступствы. Менавіта таму прэзідэнт Уладзімір Зяленскі нядаўна заявіў, што «гэтая вайна пачалася з Крыму і мусіць скончыцца Крымам».

З іншага боку, ёсць і чыста ваеннае тлумачэнне: Крым, фактычна, выступае велізарнай вайсковай базай, праз якую забяспечваецца падтрыманне расейскай групоўкі на поўдні Украіны, у Херсонскай і Запарожскай вобласці. Менавіта на поўдні чакаецца вялікі контрнаступ ЗСУ. Украіна яшчэ з канца чэрвеня метадычна атакавала расейскія склады боепрыпасаў і вайсковыя базы на акупаваных тэрыторыях Херсоншчыны і Запарожжа, а таксама знішчала пераправы праз Днепр у зоне Херсону. З вайсковага пункту гледжання цалкам лагічна, што ЗСУ цягам часу перанеслі высокадакладныя ўдары ў яшчэ глыбейшы расейскі тыл, знішчаючы рэсурсы праціўніка і ствараючы хаос у лагістыцы.

Аналітыка
Эфект HIMARS. Як заходняя зброя змяняе вайну паміж Украінай і Расеяй
2022.08.05 12:28

Пры гэтым цяпер склаліся і палітычныя перадумовы для таго, каб перанесці вайну ў Крым. Да поўнамаштабнага ўварвання і ў першыя месяцы пасля яго Захад паводзіўся дастаткова асцярожна з Расеяй, баючыся справакаваць Пуціна на развязванне Трэцяй сусветнай вайны і выкарыстанне ядравай зброі. Але потым Украіна і Захад пабачылі: расейская армія зусім не выступае непераможнай, а шантаж ядравай вайной – гэта ў значнай ступені блеф. Таму ўдар па Крыме, які ў першыя дні вайны быў бы ўспрыняты як занадта авантурнае павышэнне ставак, цяпер разглядаецца як заканамерны і лагічны крок. Паказальна, што напярэдадні выданне «Politico» са спасылкаю на прадстаўніка Белага дому распавяла, што адміністрацыя Джо Байдэна дазволіла Украіне наносіць удары заходняй зброяй па анексаваным Крыме.

Дарэчы, у гэтым можа быць і яшчэ адно тлумачэнне, чаму раней баявых аперацыяў у Крыме ЗСУ не ўчынялі: магчыма, толькі ўлетку яны атрымалі тэхнічную магчымасць наносіць удары па глыбокім тыле расейцаў.

Ці можа наступнай мішэнню стаць Беларусь?

Калі Украіна пераходзіць да больш актыўнай, наступальнай стратэгіі, то чаму наступнай цэллю не можа стаць Беларусь? Гэтае пытанне актуалізавалася пасля загадкавых выбухаў на занятым расейскімі войскамі аэрадроме ў Зябраўцы (Гомельская вобласць), дзе 11 жніўня згарэў не тое танк, не тое шматмэтавы радар кіравання агнём. Ніякіх пацверджанняў замежнай атакі ў Зябраўцы няма, але ўкраінскія вайсковыя эксперты ў звязку з гэтым зазначалі, што ў прынцыпе ўдараў па вайсковых аб’ектах у Беларусі выключаць нельга.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Stringer / Reuters / Forum

Прынамсі, чыста тэхнічнай магчымасцю для гэтага ЗСУ, бадай, валодаюць. Прычым незалежна ад таго, што стала прычынай выбухаў у Крыме – ракеты, дроны або ўкраінскія дыверсанты. Калі ЗСУ здольныя наносіць удары па расейскіх аб’ектах у Крыме на адлегласці 200–260 км ад лініі фронту, дык чаму яны не могуць рабіць тое ж самае ў Беларусі? Наўрад ці вайсковыя аб’екты ў Беларусі абароненыя лепш, чым у Крыме.

Іншая справа, наколькі гэта мэтазгодна для Кіева з палітычнага пункту гледжання. Улады Украіны ўсяляк стараюцца пазбегнуць уцягвання ў канфлікт беларускай арміі, таму ім няма сэнсу самастойна ствараць для Лукашэнкі casus belli. Да таго ж, невядома, як паставіцца Захад да такіх дзеянняў на беларускай тэрыторыі – прынамсі на цяперашнім этапе там наўрад ці захочуць, каб пры гэтым выкарыстоўвалася заходняя зброя (абмежаванні наконт выкарыстання зброі толькі на тэрыторыі Украіны раней публічна прагаворваліся).

Але пры гэтым трэба ўлічваць, што пунктавыя ўдары па вайсковых аб’ектах, якімі карыстаецца ў Беларусі расейская армія, не зробяць уцягвання беларускай арміі ў вайну непазбежным. Расея, якая яшчэ нядаўна пагражала свету ядравай вайною дзеля Крыму, цяпер мусіць цярпець серыю ўдараў на паўвостраве і нават спрабуе рабіць выгляд, што нічога сур’ёзнага не адбываецца. Калі знішчэнне аэрадрому «Сакі» Расея спісвае на «незагашаную цыгарэту», дык аналагічным чынам можна патлумачыць і выбухі на беларускіх вайсковых аб’ектах – было б жаданне. Таму ўсё пытанне ў тым, ці палічаць такую рызыку ў Кіеве апраўданай.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў