За абразу міліцыянта ў «Аднакласніках» мянчанку асудзілі на два гады «хатняй хіміі»

Абразу выдалілі, але засталася паведамленне з эмодзі «палец уніз». Што за абраза была, на судзе не сказалі.

Затрыманне мужчыны за майку, у сувязі з якім быў пост, на каментар пад якім пакрыўдзіўся начальнік Маладзечанскага РАУС. Маладзечна, Беларусь. 3 ліпеня 2020 года. Фота: Настасся Уткіна / Rh.by

Суд Савецкага раёну Менску 19 жніўня асудзіў Вольгу Варывончык на два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову за «Абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК РБ), піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Суддзя Сяргей Шаціла прызнаў жанчыну вінаватай у абразе начальніка Маладзечанскага РАУС Вадзіма Прыгары. За абразу палічылі каментар, які цяпер выдалены і змест якога на судзе не раскрылі, а таксама яшчэ адзін каментар з эмодзі «палец уніз».

Пацярпелы не прыйшоў на суд, але на працэсе зачыталі ягоныя паказанні. Пра пост, як сцвярджаў Прыгара, ён даведаўся ад жонкі. Пост, пад якім быў каментар, які яго абразіў, быў апублікаваны больш за год таму, 6 ліпеня 2020 года, на старонцы ў «Аднакласніках» апазіцыянеркі Вольгі Карач. Прыгара таксама заявіў, што бачыў падобны пост у Viber, праз пост і каментары меў «псіхалагічныя пакуты».

Міліцыянт таксама заявіў, што асабіста не аддаваў загадаў аб затрыманнях. У пасце такога не сцвярджалася – там Карач пісала, што ён кіруе супрацоўнікамі міліцыі, якія ў Дзень Незалежнасці затрымалі чалавека з надпісам «Беларусь», а такое сапраўды было.

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны