Ці варта камбінаваць «Спутник V» з іншай вакцынай ад каронавірусу?


Адназначнага адказу на гэтае пытанне ў навукоўцаў пакуль няма, але ёсць даследаванне з Аргентыны, папярэднія вынікі якога кажуць аб тым, што камбінаваць «Спутник V» з вакцынамі кампаніяў «AstraZeneca», «Moderna» і «Sinopharm» можа быць добрай ідэяй.

Ампулы з вакцынай «Спутник V». Фота Мінабароны РФ

На даследаванне звярнуў увагу Telegram-канал беларускіх медыкаў «Белые халаты». Міністр аховы здароўя Аргентыны 18 жніўня паведаміў пра папярэднія вынікі даследавання камбінацыяў вакцынаў ад каронавірусу, якое праводзілі супольна з Расейскім фондам прамых інвестыцыяў – інвестарам распрацоўкі вакцыны «Спутник V».

У адкрытым рандамізаваным даследаванні ўзялі ўдзел 8310 чалавек, з якіх 1165 былі прышчэпленыя дзвюма рознымі вакцынамі (гетэралагічная вакцынацыя, у якой першая і другая прышчэпкі робяцца з рознымі прэпаратамі).

Найлепшы імунны адказ быў ад камбінацыі вакцынаў «Спутник V» і «Moderna». Камбінацыя прышчэпкі «Спутник V» з вакцынамі «AstraZeneca» і «Sinopharm» таксама паказала істотнае павелічэнне антыцелаў, якія нейтралізуюць вірус SARS-CoV-2 ужо ў першыя 14 дзён пасля дадатковай вакцынацыі. Антыцелаў было больш, чым пасля прышчэпкі адной толькі вакцынай, а выпадкаў сур’ёзных пабочных эфектаў не было (звычайныя пабочныя эфекты, як з прышчэпкай адной вакцынай, былі).

Чаму яшчэ не варта бегчы па новую прышчэпку

  • Даследаванні бяспекі і эфектыўнасці такой камбінацыі вакцынаў яшчэ не завершаныя, будуць працягвацца яшчэ паўгода.
  • Вынікі гэтага даследавання пакуль не пацверджаныя іншымі навукоўцамі. Выбарка ў даследаванні не малая, але і не дастаткова вялікая, каб выключыць усе магчымыя пабочныя эфекты.
  • Даследаванне яшчэ не публікавалі ў рэцэнзіяваных навуковых часопісах – у ім пазней могуць выявіць сур’ёзныя памылкі.
  • У даследаванні ўдзельнічаў фонд, наўпрост зацікаўлены ў прасоўванні вакцыны «Спутник V».
  • Эфектыўнасць і бяспека самой вакцыны «Спутник V» яшчэ не прызнаная па ўсім свеце – даследчыкі маюць пытанні да таго, як ладзілі выпрабаванні.
Hавiны
Прататып беларускай вакцыны ад каронавіруса зрабілі. Ёсць нюанс з новымі штамамі
2021.08.12 14:14

Чаму гэта ўсё ж добрая навіна

  • Сусветная арганізацыя аховы здароўя пакуль не ўпэўненая, ці варта камбінаваць вакцыны – яшчэ не дастаткова даследаванняў, якія казалі б пра эфектыўнасць і бяспеку.
  • Некаторыя даследаванні сапраўды паказваюць эфектыўнасць гетэрагеннага метаду вакцынацыі.
  • Пра падобныя вынікі заяўлялі таксама ў Азербайджане, дзе камбінавалі «Спутник V» і вакцыну «AstraZeneca», але там даследаванні рабілі толькі на 50 добраахвотніках, і тыя даследаванні таксама яшчэ не завершаныя.
  • У Беларусі прапануюць толькі дзве вакцыны: «Спутник V» і «Sinopharm». Не выключана, што праз палітычны крызіс і масавыя рэпрэсіі некаторыя людзі маглі пакінуць краіну пасля толькі першай прышчэпкі і апынуліся ў краіне, дзе расейская ці кітайская вакцыны недасяжныя.
Hавiны
Што такое штам і ці стане каронавірус больш смертаносным? Тлумачыць эпідэміёлаг
2021.06.26 18:00

АА belsat.eu

Стужка навінаў