Што з дарожнымі мапамі? Тлумачым, на якой стадыі цяпер інтэграцыйныя перамовы

Першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў на гэтым тыдні заявіў, што Беларусь і Расея практычна цалкам узгаднілі пакет інтэграцыйных дакументаў. Belsat.eu нагадвае, якія дакументы ўжо 2,5 года рыхтуюцца падпісаць Менск і Масква, вакол чаго вядуцца спрэчкі і калі ў перамовах можа быць пастаўленая кропка.

Адкуль узяліся інтэграцыйныя дарожныя мапы?

Іх распрацоўванне сталася вынікам крызісу ў беларуска-расейскіх стасунках, што пачаўся ў канцы 2018 года. Аляксандр Лукашэнка хацеў атрымаць ад Расеі кампенсацыю за падатковы манеўр, зніжку на газ і зняцце ўсіх абмежаванняў на доступ беларускіх прадпрыемстваў на расейскі рынак. Крэмль у адказ заявіў, што гэта магчыма толькі пасля паглыблення інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: АК / Белсат

У снежні 2018 года тагачасны расейскі прэм’ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што на эканамічныя датацыі Беларусь можа разлічваць толькі ў выпадку рэалізацыі Дамовы аб Саюзнай дзяржаве ад 8 снежня 1999 года. Ён адзначыў, што Расея гатовая пайсці на стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суда і падліковай палаты. Заява Мядзведзева ўвайшла ў гісторыю як «ультыматум Крамля». Лукашэнка абвінаваціў Маскву ў шантажы ды заявіў, што Беларусь ніколі не ўвойдзе ў склад Расеі. Але і ад далейшай інтэграцыі ён не адмовіўся, выставіўшы свае ўмовы: спачатку мусіць быць развязанае пытанне энергарэсурсаў і доступу на расейскі рынак.

Была створаная адмысловая працоўная група. Па выніках яе працы ўрады Беларусі і Расеі зацвердзілі праект праграмы дзеянняў для паглыблення інтэграцыі ды спіс з 31 дарожнай мапы. Чакалі, што да снежня 2019 года ўрады ўзгодняць усе дакументы, каб перадаць іх на подпіс кіраўнікам дзяржавы. Большасць мапаў сапраўды была ўзгодненая, але шэраг прынцыповых пытанняў застаўся неразвязаным. Пуцін і Лукашэнка так і не дамовіліся, у выніку падпісанне інтэграцыйных дакументаў, запланаванае на снежань 2019 года, сарвалася.

Хто каго перахітрыў? Усё, што трэба ведаць пра вынікі года ў інтэграцыйных перамовах Беларусі і Расеі

Чаму пытанне інтэграцыйных мапаў завісла?

З канца 2018 года і да пачатку 2020-га Крэмль праяўляў вялікую зацікаўленасць у паглыбленай інтэграцыі з Беларуссю і падпісанні дарожных мапаў. На афіцыйны Менск дэманстратыўна ціснулі: у якасці помсты за непадатлівасць Лукашэнкі на перамовах Расея ў пачатку 2020 года амаль на два месяцы спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь.

Актыўнасць Крамля ў гэтым пытанні шэраг экспертаў і СМІ тлумачылі намерам Пуціна праз паглынанне Беларусі развязаць праблему захавання асабістай улады. Нібыта расейскі кіраўнік планаваў абысці забарону быць на пасадзе прэзідэнта больш за два тэрміны запар, стварыўшы новую дзяржаву з новаю Канстытуцыяй. Аднак яшчэ ў пачатку 2020 года Пуцін пайшоў іншым шляхам: ён пастанавіў абнуліць свой прэзідэнцкі тэрмін, проста змяніўшы Канстытуцыю РФ. Актуальнасць беларускага пытання пасля гэтага знізілася.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына галасуе на выбарчым участку ў Следчым ізалятары № 1 падчас канстытуцыйнага рэферэндуму. Разань, Расея. 1 ліпеня 2020 года. Фота: Аляксандр Румін / TASS / Forum

Акрамя таго, 2020 год прынёс новыя выклікі, якія адсунулі пытанне інтэграцыйных мапаў на другі план: пандэмія каронавіруса, абвал цэнаў на нафту і выбары ў Беларусі. Да канца лета 2020-га перамовы былі цалкам замарожаныя. Потым яны аднавіліся, але ішлі вельмі марудна.

Не выключаюць, што Крэмль не стаў фарсіраваць пытання дарожных мапаў праз нестабільную ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі. Прынамсі пра гэта казаў міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў у верасні 2020 года:

«Я перакананы, што, як толькі сітуацыя нармалізуецца, праца ў прасоўванні інтэграцыйных працэсаў адновіцца».

Міхаіл Мішусцін: Я глыбока веру ў патэнцыял Саюзнай дамовы

Пра што гаворка ў гэтых інтэграцыйных дакументах?

Канкрэтны змест і нават поўны пералік дарожных мапаў (праграмаў) застаецца невядомым. Парадаксальна, але дасюль адною з галоўных крыніцаў інфармацыі пра дарожныя мапы застаецца артыкул расейскай газеты «Коммерсант», апублікаваны яшчэ ў верасні 2019 года. Выданне пісала, што інтэграцыйная праграма прадугледжвае «частковае аб’яднанне дзвюх эканамічных сістэмаў са студзеня 2021 года». Ідзецца нібыта пра адзіную падатковую сістэму, адзіны вонкавагандлёвы рэжым і грамадзянскі кодэкс, амаль аб’яднаныя банкаўскія сектары, агульнае дзяржаўнае рэгуляванне галінаў эканомікі і адзіны рэгулятар рынку энергарэсурсаў. Мытная палітыка будзе ўніфікаваная аж да агульнай мытнай службы.

Раманчук: Пры такой інтэграцыі Беларусь не будзе адрознівацца ад Татарстану

«Гаворка пра даволі радыкальны праект: гэта частковая эканамічная інтэграцыя на ўзроўні не менш як у Еўразвязе, а ў шэрагу пытанняў – аналагічная канфедэратыўным ці нават федэратыўным дзяржавам», – адзначала выданне.

Пазней афіцыйныя асобы Расеі і Беларусі ў сваіх заявах часткова пацвярджалі звесткі «Коммерсанту», хаця гучных словаў кшталту «федэрацыя» або «канфедэрацыя», натуральна, пазбягалі. Больш за тое, высветлілася, што існавала яшчэ 31-я мапа, якая закранае пытанні наднацыянальных органаў, адзінай валюты і адзінага эмісійнага цэнтру.

«Ёсць так званая 31-я дарожная мапа, гэта план будаўніцтва наднацыянальных органаў. Парламент, магчыма, прэзідэнт будзе і гэтак далей», – распавядаў Лукашэнка яшчэ ў снежні 2019 года. Але падкрэсліваў: яны з Пуціным пастанавілі пакуль адкласці гэтую тэму.

У жніўні 2021 года Лукашэнка пацвердзіў, што ад 31-й мапы бакі адмовіліся.

У якіх пытаннях Масква і Менск не могуць дамовіцца?

З самога пачатку афіцыйны Менск патрабаваў ад Масквы зніжкі на газ да ўзроўню Смаленскай вобласці, кампенсацыі стратаў ад падатковага манеўру і роўныя ўмовы доступу на расейскі рынак. Менавіта з развязаннем гэтых прынцыповых пытанняў беларускі бок увязвае далейшую інтэграцыю. Лукашэнка раней абяцаў, што ў адваротным выпадку ён дарожных мапаў не падпіша. «Выбачайце, на храна патрэбен каму такі саюз?» – наракаў ён у лістападзе 2019-га. Але Масква ў сваю чаргу хоча спачатку развязаць пытанні саюзнага будаўніцтва, а потым разглядаць пытанні нафты і газу. Гэтае прынцыповае разыходжанне ў падыходах вызначыла характар усіх перамоваў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

«У працэсе перамоваў даволі хутка выявілася ядро інтарэсаў з кожнага боку. Для расейцаў гэта пытанні падатковага і мытнага рэгулявання, то бок празрыстасці, адсочвання тавараў па іх тэрыторыі. Для нас – умовы супрацы ў энергетыцы і доступ на расейскі рынак. Ува ўсім пакеце эканамічных інтэграцыйных дамоўленасцяў галоўная складанасць у нашых перамоўных пытаннях выявілася ва ўзаемным увязанні гэтых сустрэчных інтарэсаў», – заявіў 17 жніўня першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў.

У выніку са снежня 2019 года галоўныя спрэчкі ішлі вакол інтэграцыйных мапаў, прысвечаных энерганосьбітам (газ і нафта) і агульнаму падатковаму кодэксу. Прынамсі да лета 2021-га бакі ў гэтых пытаннях тапталіся на месцы.

Ці прасунуліся бакі ў развязанні спрэчных пытанняў?

Інтэграцыйныя перамовы вядуцца абсалютна непразрыста, а публічныя заявы афіцыйных асобаў часта бываюць супярэчлівымі. Аднак, мяркуючы па ўсім, за апошнія некалькі месяцаў некаторы прагрэс у перамовах усё ж быў дасягнуты.

Амбасадар Беларусі ў РФ: Саюзную дамову мы павінны поўнасцю выканаць

У красавіку 2021 года Лукашэнка падчас візіту ў Маскву казаў, што засталося ўзгадніць 2-3 мапы, у тым ліку аб падаткаабкладанні. А ўжо ў чэрвені расейскі амбасадар у Менску Яўген Лук’янаў заявіў, што праца ва ўзгадненні 27 з 28 інтэграцыйных праграмаў фактычна завершаная (пакет з 31-й мапы перафарматавалі ў 28 праграмаў). Паводле дыпламата, праграма ў справе падатковай палітыкі «ў цэлым прынятая», а пра энерганосьбіты бакі пакуль зусім не дамовіліся.

Лукашэнка фактычна пацвердзіў словы амбасадара падчас Вялікай размовы 9 жніўня, адзначыўшы, што неразвязаным засталося толькі адно пытанне – газавае.

«Калі мы ў саюзе, калі бачым перспектыву, трэба выраўноўваць цэны і там, і тут. Ці, як у вас прынята казаць, у вольнае плаванне адпусціць. Захацелі – мы купілі там прыродны газ, дапусцім, у «Газпрома». Няма ў «Газпрома»? У іншай кампаніі, у вас іх шмат, якія здабываюць прыродны газ. Гэта значыць, гандаль гэтым таварам павінен быць вольны. Адсюль будуць кошты. Мы не просім нізкіх цэнаў. Мы роўных цэнаў хочам», – падкрэсліў ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым. Менск, Беларусь. 26 лістапада 2020 года. Фота: Валерый Шарыфулін / TASS / Forum

Цікава, што пытання пра нафту Лукашэнка не згадаў: імаверна, ён атрымаў пэўныя гарантыі на гэты конт. Раней, па выніках сустрэчы з Пуціным 13 ліпеня, у Крамлі заявілі, што палітыкі дамовіліся пра аб’ёмы крэдытнага падтрымання Менску ў сувязі з падатковым манеўрам у нафтавай галіне. Умовы такой падтрымкі, праўда, не ўдакладняліся.

Калі могуць быць падпісаныя інтэграцыйныя дакументы?

«Істотны прагрэс дасягнуты. Фактычна гаворка ўжо пра ўзгадненне тэхнічных момантаў… Ёсць вялікая ўпэўненасць у тым, што ў наступныя месяцы ўвесь пакет саюзных праграмаў будзе сфармаваны», – заявіў прэм’ер Раман Галоўчанка ў ліпені.

Першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў на гэтым тыдні паведаміў, што Масква і Менск цяпер выйшлі на практычна цалкам узгоднены пакет інтэграцыйных дакументаў, які ўключае асноўныя напрамкі і 28 галіновых саюзных праграмаў, а таксама праекты рашэнняў саюзнага Савету Міністраў і Найвышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы пра іх адабрэнне.

Раней заяўлялі, што паседжанне Найвышэйшага дзяржаўнага савету плануецца на верасень – кастрычнік. Аднак гэта зусім не азначае, што варта чакаць падпісання дакументаў увосень 2021 года. Пакуль няма ніякіх гарантыяў, што пытанне пра газ развяжуць, пагатоў бліжэйшымі месяцамі. Досвед мінулых двух з паловаю гадоў паказвае, што перамовы Масквы і Менску ідуць усё ж вельмі марудна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: АК / Белсат

Лукашэнка пакуль не дэманструе гатовасці ісці на істотныя саступкі Крамлю, а Крэмль апошнім часам пазбягае адкрыта ціснуць на Лукашэнку ў пытаннях інтэграцыі, чакаючы больш зручнага моманту для атакі. Таму цалкам магчыма, што інтэграцыйныя праграмы бліжэйшымі месяцамі застануцца ў перамоўным балоце.

Лукашэнка распавёў падрабязнасці перамоваў з Пуціным. Галоўнае

ІІ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны