Не толькі Кабул: масавыя ўцёкі пасля паразы ў грамадзянскіх войнах за апошнія 100 гадоў


Драматычныя кадры з кабульскага аэрапорту, дзе тысячы людзей спадзяюцца пакінуць краіну, прыцягнулі ўвагу ўсяго сусвету. Хуткі развал афганскіх сілаў бяспекі пасля абвяшчэння сыходу амерыканскіх войскаў дазволіў ісламісцкаму руху «Талібан» за лічаныя тыдні ўзяць пад кантроль усю краіну.

Даведка
Перапоўнены самалёт з афганскімі ўцекачамі.
Фота: Marcus Weisgerber / Twitter

Аднак такія падзеі не ўнікальныя. Пасля шмат якіх грамадзянскіх войнаў прыхільнікі боку, што зазнаў паразу, масава ўцякалі са сваіх краінаў, каб пазбегнуць магчымых рэпрэсіяў. Прапануем вам пяць такіх прыкладаў з гісторыі ХХ стагоддзя.

Крым

Увосень 1920 года расейскія белагвардзейскія войскі фактычна кантралявалі толькі Крымскую паўвыспу, тут жа сабраліся ўцекачы ад бальшавіцкіх рэпрэсіяў. Генерал Урангель, камандзір белых, казаў пра магчымасць стварыць на паўвыспе асобную расейскую дзяржаву, але ў выніку аперацыі 7–17 лістапада бальшавікі ўварваліся ў Крым.

Улічваючы няроўнасць у сілах, абараняць паўвыспу ўжо было немагчыма, і белыя пачалі адступаць у партовыя гарады для эвакуацыі морам. 11 лістапада Урангель аддаў загад эвакуяваць як вайскоўцаў, гэтак і цывільных службоўцаў, іхных сямейнікаў і ўсіх асобаў, якім можа пагражаць небяспека ад бальшавікоў.

Эвакуацыя з Крыму.
Фота: Вікіпедыя

Усяго за некалькі дзён з Крыму выйшлі 126 караблёў з амаль 150 тысячамі чалавек, з якіх 72 тысячы – вайскоўцы. Многія з тых, хто застаўся, зрабіліся ахвярамі бальшавіцкага тэрору: толькі ў найбуйнейшых гарадах Крыму паводле афіцыйных савецкіх звестак бальшавікі забілі больш за 56 тысяч асобаў.

Іспанія

Іспанская грамадзянская вайна пачалася ўлетку 1936 года як паўстанне праванацыяналістычных сілаў супраць левага ўраду, які ўсё больш пагарджаў Канстытуцыяй краіны. Абодва бакі шырока выкарыстоўвалі метады тэрору, прычым на тэрыторыі пад кантролем левых амаль адкрыта дзеялі сталінскія карныя органы НКВД.

Здольнасць іспанскіх нацыяналістаў да кампрамісаў паміж сабой і сістэматычнае правядзенне рацыянальнай унутранай, вонкавай ды эканамічнай палітыкі прывялі да таго, што ў пачатку 1939 года ўжо мала хто сумняваўся ў перамозе паўстанцаў.

Іспанскія нацыяналісты вядуць палонных.
Фота: Вікіпедыя

Імклівы наступ нацыяналістаў у Каталоніі прывёў да таго, што сотні тысяч жаўнераў і цывільных, якія спачувалі левым, пабеглі ў бок мяжы з Францыяй. «Усе былі ахопленыя істэрычнаю панікаю, хоць толькі невялікай колькасці ўцекачоў пагражала смяротная небяспека, калі б яны засталіся ў Каталоніі», – пісаў гісторык Гʼю Томас.

З 28 студзеня да 10 лютага 1939 года ў Францыю перайшлі каля 500 тысячаў чалавек, у тым ліку да 250 тысяч жаўнераў. Да 180 тысячаў вярнуліся ў Іспанію ўжо праз некалькі месяцаў, калі грамадзянская вайна скончылася поўнаю перамогаю нацыяналістаў.

Тайвань

Кітайскаю грамадзянскаю вайною называюць змаганне паміж урадавымі войскамі міжнародна прызнанай Кітайскай рэспублікі і войскамі Кітайскай камуністычнай партыі з 1927 да 1949 года. Апошні перыяд гэтай вайны пачаўся ў 1946-м, і ў гэты час камуністы, якія мелі падтрыманне СССР, мелі ўжо заўважную перавагу.

Апошняю тэрыторыяй пад кантролем урадавых войскаў быў паўднёва-ўсходні Кітай, аднак і там утрымацца было цяжка. Таму ўжо ў 1948 годзе пачалося частковае перанясенне функцыяў сталіцы некамуністычнага Кітаю на выспу Тайвань.

Самалётамі і караблямі на Тайвань выправіліся некалькі мільёнаў чалавек: дзяржаўныя службоўцы, вайскоўцы, цывільныя. Альтэрнатыўны Кітай дасюль існуе на Тайвані, і з 23,5 мільёна жыхароў мае высокатэхналагічную прамысловасць, ёсць адным з лідараў паводле шчыльнасці насельніцтва ў свеце. Тайвань прызнаюць законным прадстаўніком Кітаю 14 са 193 сябраў ААН.

Алжыр

Вайна ў Алжыры трывала з 1954 да 1962 года і сталася не толькі змаганнем за незалежнасць Алжыру, але і грамадзянскім канфліктам паміж рознымі групамі насельніцтва. Хоць французская армія ў цэлым магла трымаць актыўнасць баевікоў Фронту нацыянальнага вызвалення пад кантролем, вайна стала вельмі непапулярнаю сярод большасці грамадства Францыі, а таксама падрывала міжнародны прэстыж краіны.

У 1962 годзе былі падпісаныя пагадненні ў Эвіяне, за якія на рэферэндуме прагаласаваў 91 % французаў. Гэта азначала незалежнасць Алжыру, які да таго лічыўся нават не калоніяй Францыі, а беспасярэдне тэрыторыяй французскай дзяржавы.

Таманрасэт, Алжыр, 26 ліпеня 2018 г.
Фота: Chris HubyLe Pictorium / Zuma Press / Forum

Аднак у той час у Алжыры жылі каля 1 мільёна французаў і каля 200 тысяч габрэяў, якія ўжо неаднаразова былі ахвярамі алжырскіх баевікоў. Пераважная большасць нарадзілася і жыла ў Алжыры ўсё жыццё.

За некалькі месяцаў 1962 года 900 тысячаў чалавек пакінулі Алжыр, яны часта не мелі з сабою нічога, акрамя адной валізы. Каля 200 тысячаў з іх пастанавілі застацца, аднак і яны паступова зʼехалі з краіны ў наступныя гады.

Акрамя таго, Алжыр пакінулі каля 90 тысяч мусульманаў, якія служылі ў французскіх дзяржаўных і вайсковых установах. З тых, хто застаўся, тысячы былі забітыя разам з семʼямі.

Вʼетнам

Вʼетнам падзялілі на дзве часткі ў 1954 годзе згодна з Жэнеўскімі мірнымі пагадненнямі. Камуністы кантралявалі поўнач, антыкамуністы – поўдзень краіны. Абодва бакі разглядалі адно аднаго як марыянетак замежных сілаў – Масквы і Пекіну ці Парыжу і Вашынгтону.

Аднак мірныя дамоўленасці не былі выкананыя цалкам, і ў выніку паўсталі дзве вʼетнамскія дзяржавы, якія пачалі вайну паміж сабою. Вайна трывала з 1955 года да студзеня 1973-га, калі ў Парыжы падпісалі новы мір. Аднак ужо праз некалькі месяцаў Паўночны Вʼетнам зноў пачаў поўнамаштабную вайну.

Вʼетнамскія ўцекачы з Сайгону, 1975 год. Крыніца: U.S. Marines in Japan

Паўднёвы Вʼетнам самастойна абараняўся два гады, але ў выніку саступіў у змаганні: сталіцу краіны захапілі 30 красавіка 1975 года. За некалькі дзён перад гэтым пачалася масавая эвакуацыя вʼетнамцаў на свабодныя ад камуністаў тэрыторыі самалётамі, верталётамі і караблямі. Усяго ўцячы ўдалося амаль 140 тысячам.

У наступныя гады людзі будуць і далей уцякаць з камуністычнага Вʼетнаму. Шмат хто выходзіў у мора на звычайных чаўнах. Мяркуюць, што да 1980 года краіну паспяхова пакінулі яшчэ да 800 тысячаў чалавек, пры гэтым яшчэ 200–400 тысячаў загінулі ў моры.

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў