«Дэмакратыі тады было значна больш, чым цяпер». Шчырасці відавочцы путчу 91-га


Вуліца Смаленская, на наступны дзень пасля путча.
Фота: Tove Knutsen, праваўладальнік Ole Husby

Ці было страшна стаяць у ланцугу перад танкамі? Адкуль атрымлівалі інфармацыю ва ўмовах блакавання СМІ? Ці не было потым расчаравання? Belsat.eu распытаў удзельніка падзей, якія адбываліся ля Белага дому ў Маскве 28 гадоў таму.

Даведка

Матэрыял упершыню апублікаваны на сайце «Белсату» 19 жніўня 2019 году.

Падзеі, якія адбыліся ў Маскве 28 гадоў таму, афіцыйныя ўлады тады яшчэ Савецкага Саюза назвалі дзяржаўным пераваротам. 18 жніўня 1991 года Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (ДКНС) назваў сябе органам для кіравання краінай, абвясціў аб тым, што Міхаіл Гарбачоў хворы і не можа выконваць абавязкі прэзідэнта, у Маскве ўвялі надзвычайнае становішча, а па ТБ круцілі балет «Лебядзінае возера» і класічную мінорную музыку. Як гэта было, мы распыталі эканаміста Вадзіма Іосуба, які тады 18-гадовым студэнтам стаяў на барыкадах каля Белага дому.

«Танкі ў Маскве? Ідзі праспіся!»

— Я вучыўся ў Маскоўскім эканоміка-статыстычным інстытуце, скончыў першы курс. Час быў надта цікавы. Савецкі Саюз дыхаў на ладан. У пачатку 1991 года адбылося першае адпушчэнне коштаў, прайшла знакамітая грашовая рэформа. Цэны раслі, людзі гублялі грошы, стыпендыя заставалася на ранейшым узроўні – каля 40 рублёў. Як жыць – было зусім незразумела. Усе вакол спрабавалі займацца бізнесам «купі-прадай».

Так як усе падзеі адбываліся летам, я жыў у сваіх сваякоў у мястэчку Троіцк – тады гэта было Падмаскоўі, а цяпер Новая Масква. 19 жніўня мне тэлефануе сябар дзяцінства, які таксама вучыўся ў Маскве: «Чуў, што здарылася?». І пачынае распавядаць, што ў Маскве дзяржаўны пераварот, змясцілі Гарбачова, а па горадзе ездзяць танкі. У галаве познесавецкага маладога чалавека словазлучэнне «ваенны пераварот» мог мець асацыяцыю з Чылі, але не з Масквой. Я нават спачатку адправіў таварыша праспацца. Але ўключыў тэлевізар, дзе па ўсіх 3-4 каналах гучала класічная мінорная музыка, якая перамяжоўвалася з афіцыйнымі паведамленнямі пра ДКНС.

Крыху пазней у гэты ж дзень паказалі знакамітую прэс-канферэнцыю ДКНС. Знакамітая яна была тым, што тыя, хто захапіў уладу – віцэ-прэзідэнт СССР, кіраўніка арміі, МУС і КДБ – нават візуальна выглядалі з найжорсткага пахмелля. У большасці з іх трэсліся рукі, яны запіналіся. Усім падрабязна распавялі пра тое, што Гарбачоў хварэе, ён у Форасе (Крым) і адхілены ад улады, а яны цяпер навядуць канстытуцыйны парадак.

«Свабоды слова ў 91-м годзе было больш, чым цяпер»

— Я паглядзеў на ўсё і вырашыў: трэба ехаць у Маскву.

Захацеў сам разабрацца ў тым, што адбываецца ў гэты гістарычны момант. Ужо тады былі розныя дэмакратычныя рухі, на Лужніках збіраліся мітынгі за дэмакратыю з дзясяткаў тысяч людзей. 19-га жніўня СМІ ўжо захапілі, але пры гэтым было альтэрнатыўнае радыё «Эхо Москвы», якое працавала і давала інфармацыю супраць ДКНС.

Прыехаў у інтэрнат, пераначаваў і на наступны дзень стаў агітаваць нешматлікіх студэнтаў ехаць у цэнтр. Мы ўсе, дзякуючы таму ж «Эху Москвы», слухалі заклікі праціўнікаў ДКНС – Барыса Ельцына і яго прыхільнікаў – прыходзіць да Белага дому і абараніць іх. Наогул, тады свабоды слова было нашмат больш, чым цяпер у Беларусі ці Расеі. Была маса друкаваных выданняў, адкрываліся радыёстанцыі, друкавалі ўлёткі, арганізоўвалі мірныя мітынгі, дзе не было ніякага разгону міліцыяй.

— Агітаваць ехаць на барыкады мне ўдалося толькі аднаго аднакурсніка, астатнім было страшна.

— Бо адлічаць з унівэрсытэту?

— Страшна таму, што ў цэнтры гораду ездзяць танкі і страляюць. Пра выгнаць з універсітэту нават думак не магло быць. Хоць быццам бы яшчэ СССР, ёсць КДБ, а ўсе хадзілі на мітынгі і нікога па палітычных матывах не выганялі – у адрозненне ад таго, што адбываецца ў нас цяпер. Атрымліваецца, СССР сярэдзіны 91-га года была значна больш свабодная і дэмакратычная краіна, чым Беларусь і Расея сённяшняга ўзору.

«Калі пойдуць танкі – скачыце ў раку»

— 20-га жніўня цэнтральныя станцыі мэтра былі зачыненыя на ўваход і выхад. У выніку мы даехалі да метро «Кіеўская» – гэта праз раку ад Дому ўрада, кіламетры тры трэба было ісці пешшу. Людзей было вельмі шмат. Усе групаваліся: адзін слухае радыё і пераказвае астатнім. Па «Эху» і іншых дэмакратычных радыёстанцыях перадавалі заявы Ельцына і яго прыхільнікаў з заклікамі абараняць Белы дом.

Калі праходзілі міма будынка Маскоўскай мэрыі, я ўпершыню ў жыцці ўбачыў графіці. Пара надпісаў мне здаліся вельмі дасціпнымі. Першая: «Кашмар, на вуліцы Язаў» [Дзмітрый Язаў – міністр абароны, член ДКНС. – Рэд. Belsat.eu]. Другі надпіс быў «Заб’ем зарад мы ў тушку Пуга» [Барыс Пуга – міністр унутраных спраў, сябра ДКНС.– Рэд. Belsat.eu].

Масква, праспект Калініна. Марш ад Крамля да Белага дому, 19 жніўня 1991 года.
Фота: Ivan Simochkin

Каля Белага дома ўбачылі натоўп, магутныя барыкады ў выглядзе бетонных блокаў, паваленых дрэваў, арматуры. Пачалі пытацца, чым дапамагчы?. Нас адпраўлялі далей. У раёне перасячэння Мікалаеўскай вуліцы і Краснапрэсненскай набярэжнай ўбачылі фуры і тралейбусы, якімі перагарадзілі дарогу. Сярод прыхільнікаў Белага дома было вельмі шмат сілавікоў.

Масква, барыкады. Жнівень 1991 года.
Фота: David Broad

З добраахвотнікаў фармавалі сотні. Паводле чутак, тым, у каго быў досвед вайны ў Афганістане, выдавалі аўтаматы. Нас таксама ўзброілі – раздалі сумкі з процівагазамі. Як гэта магло дапамагчы супрацьстаяць танкам, мы не разумелі. Мабыць, проста паднялі склады грамадзянскай абароны. Інструкцыя была такая: з хвіліны на хвіліну чакаецца атака танкаў і бронетранспарцёраў, а мы павінны выстраіцца ў жывы ланцуг, каб не прапусціць тэхніку. Час ад часу падыходзілі людзі ў цывільным і казалі: «Давайце патрэніруемся, як вы будзеце стаяць у ланцугу». Мы выстройваліся, стаялі так хвілін 15 і потым разыходзіліся. Яшчэ казалі, што калі тэхніка ўсё-такі пойдзе на нас, то назад бегчы не трэба – там стаяць людзі са зброяй, направа да жылога дома бегчы таксама не трэба – там снайперы на даху.

– Скакаць у раку?

– Цалкам дакладна – у раку. Гэта значыць, ніхто не заклікаў класціся пад вусені. Нас паілі гарбатай. Праз раку была гасцініца «Украіна» – там былі бачныя танкі і перыядычна, не часта, чутная стральба чэргамі. Яшчэ ўсе слухалі радыё. Так прайшла ноч. Пад раніцу сталі разносіць свежыя дэмакратычныя газеты, улёткі. Мы даведаліся, што ГКЧП прызнаў паразу, танкі сыходзяць, пагрозы для Белага дома няма. Мы перамаглі! І каля 10-11 раніцы 21 жніўня мы паехалі ў інтэрнат адсыпацца.

22 жніўня 1991 года, Масква, вуліца Смаленская.
Фота: Ole Husby, Melhus

«Кожнай рэвалюцыі патрэбныя свае героі»

— Даехалі да метро «Універсітэцкая», сталі ў велізарную чаргу да шапіка «Саюздруку» – усе хацелі ведаць, што адбываецца ў краіне. Людзі заўважылі на нас сумкі з процігазамі, апазналі абаронцаў Белага дому і сталі ціснуць рукі: «Дзякуй вам, хлопцы, праходзіце без чаргі».

– Супраціў атрымалася досыць спакойным. Але ў гэтую ж ноч, калі вы дзяжурылі, былі забітыя тры чалавекі. Страшна не было?

— Забойствы былі з іншага боку Белага дома. Не ведаю чаму, але страху я наогул не памятаю. На наступны дзень, ужо 22-га жніўня, мы зноў паехалі да Белага дома. Ваенную тэхніку ўжо вывезлі — убачылі толькі некалькі разбітых тралейбусаў. Сталі размаўляць з відавочцамі тых самых трох забойстваў. Па чутках, падчас каменданцкай гадзіны танкі мусілі ездзіць па Садовым кальцы. Але хтосьці пусціў слых, што тэхніка ідзе не па крузе, а на Белы дом – хоць на самай справе яны туды не ішлі. І падчас атакі на танкі аднаго задушылі, другога прыбіла бервяном, трэцяга застрэлілі. Але гэта ўсё паводле аповедаў відавочцаў. Потым была вялікая грамадзянская паніхіда на Манежнай плошчы. Усім тром далі званне Героя Савецкага Саюза, а яшчэ праз год узнагародзілі медалём «Абаронца свабоднай Расеі». Кожнай рэвалюцыі патрэбныя свае героі. Наколькі патрэбны і апраўданы быў гэты гераізм – для мяне пытанне.

Рэвалюцыя прайшла, размовы скончыліся

Барыс Ельцын падчас выступу 22 жніўня 1991 года.
Фота: kremlin.ru

– На грамадзянскай паніхідзе выступіў Ельцын – яго ахоўнікі закрывалі шчытамі. На тым велізарным мітынгу на Манежцы я залез на агароджу – проста сеў на яе. Джынсы, швэдар і сумка з процівагазам – насіў яе як атрыбут, накшталт значка, што «вось, я быў абаронцам». І тут з натоўпу вылучаецца Тэльман Гдлян. Гэта быў пракурор Савецкага Саюза, галоўны па мафіі. Ён расследаваў баваўняную справу ў Сярэдняй Азіі, злачынствы першых сакратароў ЦК Узбекістана, Таджыкістана. Грымеў на ўвесь Саюз. Я яго пазнаў, бо яго увесь час паказвалі па тэлевізары. Яму трэба было прайсці на сцэну для выступу. А тут я на агароджы сяджу. І ён, мабыць, вырашыў, што я ахоўнік.

– Добры дзень, можна прайсці?

– Вядома, можна

– Дзякуй, – і паціскае мне руку.

Старшыня Массавета Гаўрыіл Папоў (злева), Тэльман Гдлян (справа).
Фота: RIA Novosti archive

— Граза ўсёй савецкай мафіі пытаецца ў мяне, ці можна прайсці на сцэну і цісне мне руку! Я быў пад велізарным уражаннем.

– А ў інтэрнаце аб чым казалі?

— Асабліва размоваў не было. Лета, людзей няма. Многія былі апалітычныя. У верасні пачаліся ўжо новыя інтарэсы. Рэвалюцыя рэвалюцыяй, а стыпендыя маленькая і ёсць няма чаго. Кожны дзень з’яўляліся новыя інфанагоды. Цэны дзясяткі гадоў былі стабільныя, а потым сталі расці кожны дзень, здарылася грашовая рэформа. Жыццё віравала так, што жнівень 91-га быў проста адным з выдатных момантаў.

Змагаліся за ўсё добрае супраць усяго дрэннага

— Вы ўдваіх з сябрам пайшлі на барыкады, бо былі супраць чагосьці або за нешта?

— Гэта было непадзельна. Я быў адначасова супраць ГКЧП і за рух наперад, які ўвасаблялі сабой Ельцын і дэмакраты. Спрэчкі Ельцына з Гарбачовым у другой палове 80-х я памятаў яшчэ са школы. Гарбачоў уяўляўся такім слізкім палітыкам, быццам не прагрэс і не рэгрэс. У Маскву я прыехаў з Казахстана, але быў не за Расею ці Казахстан, а за дэмакратычныя каштоўнасці краіны, у якой я жыву.

Месца гібелі трох чалавек супрацьстаяння ГКЧП.
Фота:I. P. Vtorov

– З часам стаўленне да Ельцына змянілася?

Праз нейкі час я перастаў яго ідэалізаваць. Гэта жывы чалавек. Але тады нікога, хто мог бы быць альтэрнатывай і аповесці краіну ў бок дэмакратычных зменаў, не было.

Разлічваць можна было толькі на сябе

— Вы перамаглі, але бардак у краіне не знік. Не было расчаравання, думкі «за што мы наогул у ланцуг станавіліся»?

Не было. Мы акунуліся ў свет анархіі. Жыць было вельмі складана і небяспечна. Бандытызм, разборкі са стральбой. Але мы адчувалі адказнасць за свой лёс. Усё настолькі хутка развалілася, што зніклі нават намёкі на патэрналізм. Не было і думкі, што Гарбачоў, Ельцын, міліцыя або дзяржава нам нешта павінны. Уся надзея толькі на сябе. Круціся як хочаш. Дарэчы, праз год я апынуўся грамадзянінам Казахстана, які вучыцца ў Расейскай Федэрацыі. І накшталт як бясплатна я вучыцца ўжо не мог, а як зрабіць платна, не разумеў нават дэкан. І я даў хабар у $ 300, каб мяне пакінулі ў ВНУ.

Фота з сайту pastvu.com Belsat.eu

Было складана, але вінаваціць можна было толькі сябе, спадзявацца можна было толькі на сябе. Вядома, гэта не адносілася да пенсіянераў, якім есці не было чаго, і якія вінавацілі ва ўсім дзяржаву. Мая бабуля памятала, што ўсё жыццё малако каштавала 80 капеек, а хлеб – 20 капеек.

І калі я казаў, што купіў хлеб за 5 тысяч рублёў, яна шчыра абуралася: «Хай бы яны ўсе задушыліся, хай бы яны ўсе здохлі».

Тады дэмакратычныя каштоўнасці падзяляла больш людзей, чым цяпер

– Цяпер у Маскве па суботах праходзяць мітынгі, якія заканчваюцца масавымі затрыманнямі. Беларусам і наагул распавядаць пра жорсткія затрыманні не трэба. Чаму тады не білі дубінкамі тых, хто прыйшоў абараняць Белы дом?

– Цяпер мала людзей выходзіць. У 91-м выйшлі сотні тысяч. Савецкі Саюз доўга развальваўся і загніваў, у краіне было неэфектыўна ўсё, уключаючы сілавое звяно.

Тое, што мы бачылі 25 сакавіка 2017-га ў Менску, тое, што мы бачым цяпер у Маскве, гэта амаль ідэальна вывастраная сілавая машына. Зараз ёсць адзін камандзір – зразумела, чые загады выконваць.

Тады ГКЧП хтосьці прызнаў, хтосьці – не. Генералы не ведалі, каму падпарадкоўвацца. Калі Ельцын паехаў 19-га жніўня ў Маскву, быў загад «не чапаць». Хоць фізічна нічога не варта было гэта зрабіць. Калі б тады яго не пусцілі ў Маскву, незразумела, чым бы ўсё скончылася. А яшчэ ў той час пад уздзеяннем перабудовы больш людзей падзялялі дэмакратычныя каштоўнасці, чым цяпер у Беларусі і Расеі.

– То бок, зараз дэмакратычныя каштоўнасьці падзяляе менш людзей?

– Мне здаецца, што ў тыя часы афіцыйнаму тэлебачанню не верыў ніхто. І пачалося гэта дзесьці з 70-х гадоў. Можа, я мяркую па сваім асяроддзі, але нікому не было цікава глядзець пра дасягненні Саюза і праклятых капіталістаў. Цяпер жа машына агітацыі і прапаганды значна мацней.

Гутарыла Вольга Ярохіна Belsat.eu

Стужка навінаў