У Кангрэсе ЗША ўхвалілі ўступленне Фінляндыі і Швецыі ў NATO. Турцыя зноў незадаволеная


Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША 18 ліпеня ўхваліла далучэнне Фінляндыі і Швецыі да NATO. Гэта адбылося роўна праз два месяцы пасля таго, як краіны падалі заяўкі на ўступленне ў вайсковы альянс на фоне ўварвання Расеі ва Украіну, паведамляе выданне «The Hill».

Супраць рэзалюцыі аб уступленні Фінляндыі і Швецыі ў склад альянсу прагаласавалі ўсяго 17 прадстаўнікоў Палаты, за – 394 кангрэсмены.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: trend.az

Палата прадстаўнікоў кангрэсу ЗША таксама выступіла супраць любых намаганняў Расейскай Федэрацыі негатыўна адрэагаваць на рашэнне Фінляндыі і Швецыі далучыцца да Альянсу. Амерыканцы настойліва заклікаюць чальцоў NATO выканаць двухадсоткавае забавязанне што да расходаў на абарону, якое краіны падпісалі на саміце ва Ўэльсе 2014 года. У дэкларацыі гаворыцца, што саюзнікі з NATO маюць выдаткоўваць не менш як 2 % свайго ВУП на абарону.

«Уладзімір Пуцін не мусіць перамагчы ў гэтай вайне. Не толькі таму, што ўкраінцы незвычай адважныя, а таксама іх лідар і прэзідэнт спадар Зяленскі надзвычай адважны, але і таму, што вольны свет павінен паслаць вельмі моцны, ясны і беспамылковы сігнал аб тым, што тыранія не пераможа», – сказаў лідар большасці ў Палаце прадстаўнікоў Стэні Гоер.

Аднак прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган зноў прыгразіў замарозіць працэс уступлення Швецыі і Фінляндыі ў NATO. Анкара незадаволеная тым, як гэтыя дзяржавы выконваюць абавязкі змагацца з групоўкамі, якія Турцыя лічыць тэрарыстычнымі.

«Я хацеў бы яшчэ раз нагадаць вам, што мы замарозім працэс, калі яны не зробяць неабходных крокаў для выканання нашых умоваў. Мы бачым, што Швецыя не дэманструе добрых вынікаў наконт гэтага», – сказаў прэзідэнт Турцыі.

Hавiны
Эрдаган: Швецыя паабяцала экстрадаваць у Турцыю 73 чалавек
2022.07.01 09:26

Швецыя і Фінляндыя доўгія гады трымаліся нейтралітэту, але з прычыны расейскага ўварвання ва Украіну абедзве краіны ў траўні заявілі, што хочуць далучыцца да NATO. 29 чэрвеня вайсковы альянс афіцыйна запрасіў дзве скандынаўскія краіны далучыцца да групы.

Hавiны
Ад сёння Расея перастае быць партнёрам NATO і становіцца пагрозай
2022.06.29 22:41

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў