«Мы ёсць». Тры гісторыі беларускіх дваровых партызанаў, што працягваюцца і цяпер


Гарадскія партызаны сышлі ў глыбокае падполле, але гэта не значыць, што сілавікі здолелі заціснуць усялякія праявы нязгоды з дзеяннямі ўладаў. Мы пагутарылі з прадстаўнікамі дваровых суполак, якія і ў цяперашні цяжкі часы заяўляюць, што яны супраць вайны, падтрымваюць зняволеных і нават ладзяць акцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Сяргэй Бобылэў / TASS / Forum

У мэтах бяспекі мы не называем імёнаў нашых герояў і нават гораду, дзе яны жывуць.

«Спачатку было страшна, а потым мы прызвычаіліся»

– Мы не робім цяпер такіх вялікіх акцыяў, як у тым жа 2020 годзе. Вядома, цяпер зусім іншая сітуацыя. Калі ў краіне могуць даць гады за тое, што ты там нешта напісаў у сацсетках, то трэба быць максімальна асцярожным.

Раней у нас была вялікая адкрытая група ў тэлеграме. Хто заўгодна мог далучыцца да яе і ўзяць удзел у акцыі, але потым туды налезлі «левыя» людзі, небяспечныя. Тады мы зрабілі тайную суполку. У нас актыўны двор, таму нават тайны чацік хутка разрастаўся. Рэч у тым, што мы за два гады перазнаёміліся, таму праблемаў асаблівых няма.

Раней мы вывешвалі вялікія сцягі. Гэта было так радасна – заяўляць пра тое, што мы ёсць, нас шмат, мы нязгодныя з безуладдзем. Калі пачалі саджаць усіх запар, мы перасталі гэта рабіць. Спачатку было страшна, што па цябе прыйдуць, а потым мы неяк прызвычаіліся. Чалавек – такая істота, што да ўсяго прызвычаіцца. Вось і мы так.

Вядома, мы не робім дваровых маршаў, не збіраемся піць гарбату ў двары. Але калі вы пойдзеце пагуляць паміж дамамі ці ў парк, то дзе-нідзе пабачыце нашыя стужкі, трафарэты і надпісы. Натуральна, іх няшмат, мы ўсведамляем рызыку, але перастаць нешта такое рабіць цяжэй, чым рабіць.

Мы збіраем грошы на палітвязняў. Размеркавалі сярод актыўных супольнікаў сем’і палітвязняў, збіраем ім грошы, набываем перадачкі. Некаторыя працягваюць пісаць лісты. Наколькі я ведаю, ніхто ўжо не атрымлівае адказаў. Але гэта ўсё адно істотна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Слухайце, а што нам застаецца? Прызнаць паразу? Ну не. Вядома, хацелася б рабіць больш. Хацелася б на поўныя грудзі крычаць «Жыве Беларусь!» і ў адказ чуць «Жыве вечна!». Я веру, што гэты час прыйдзе. Кожны яго прыспяшае як можа. Мы вось так яго прыспяшаем.

«Кругаварот падтрымання сярод беларусаў»

– Для мяне самае страшнае – калі гэтыя сабакі супакояцца, калі падумаюць, што яны нас задушылі, што мы цяпер згодныя з любым гвалтам і бязглуздзіцай, якую яны твораць. А што? Калі няма праяваў, дык нібыта і нязгоды няма.

У нас раней былі вельмі разнастайныя акцыі. Нават асабліва не планавалі іх. Проста збіраліся ў двары, нехта прыходзіў з ідэяй, абмяркоўвалі, а на заўтра ўжо ўсё было гатова, двары ўпрыгожаныя, феерверкі, плакаты, крычалкі. Ці ў чат нехта закідваў ідэю, адразу ўсе пачыналі прыдумляць, як яе рэалізаваць.

Стала цяжка, калі адных пасадзілі, другія з’ехалі. Многія тады хацелі ўсё кінуць. А што? Рызыкаваць сабой, сваёй сям’ёй, каб тую ж стужку прывязаць… Кошт кожнай дзеі вельмі высокі. Але потым усё неяк наладзілася. Тыя, хто з’ехаў, падтрымліваюць нас па-рознаму, а тым, хто сядзіць, патрэбнае нашае падтрыманне. Вось і ідзе такі кругаварот падтрымання сярод беларусаў.

Цяпер у нас засталося мала магчымасцяў. Нават тыя ж фоткі са сцягамі для СМІ зрабіць – гэта складана. Хаваем сцягі, загадзя дамаўляемся наконт месца сустрэчы, едзем з раёну куды далей, каб нас не знайшлі. Гэта падаецца, што лёгка: стаў, сфоткаўся і ўсё. Кожны раз гэта – як аперацыя. Але як гэта хвацка, калі мне сябры з Амерыкі пішуць, што пабачылі наш сцяг там і там. Значыцца, мы бачныя, мы ёсць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Сяргэй Бобылэў / TASS / Forum

Страшна?.. Не ведаю. Камусьці страшна – і гэта нармальна. У мяне проста не засталося сілаў баяцца. Мне брыдка баяцца. Мы сталі вельмі асцярожныя, але ўсё адно, калі яны захочуць, то схопяць і знойдуць, за што пасадзіць на гадоў 10. А мне дык наматаюць сотку паводле іхных прыдуркаватых законах (смяецца). Затое якія гісторыі мы потым распавядзём нашым нашчадкам!

У мяне няма сумневу, што мы пераможам. Думаю, не сёлета, але ўжо хутка. Так, нашыя дзеянні – гэта дробязь. Але ж мы не адныя. І кожная такая дробязь можа стаць вызначальнай і апошняй для рэжыму.

«Перад вайной нібыта ўсё сцішылася»

– У нас былі вельмі прыгожыя пратэсты ў 2020-м. Наш двор, суседскія, усе гарадскія акраіны былі нібыта на свята прыбраныя. Цяпер іначай. Але я маю пэўнасць, што ў кожным доме ёсць людзі, што ў скрынках на шафах трымаюць сцягі і стужкі да лепшых часоў.

Гэта ж нікуды не дзелася. Нельга забараніць людзям думаць і адчуваць, як бы іх ні стараліся напужаць.

Страшна. Так. За два гады ўжо адзіная мара – выспацца нармальна. Ну, перамагчы, адсвяткаваць і выспацца. Бо ўвесь час жывеш у напрузе. Нам дапамагаюць псіхолагі-валанцёры. Гэта значная палёгка. Праз гэты страх быў нейкі час, калі людзі намагаліся схавацца, адысці ў свае штодзённыя праблемы і не думаць пра ўсё гэтае. А што? З аднаго боку цісне тваё бяссілле, а з другога – страх нешта зрабіць і трапіць у турму, дзе з цябе інваліда зробяць. Калі не фізічна, дык псіхалагічна «паедзеш». Ад гэтага за такі доўгі час можна звар’яцець. Падавалася, што перад вайной нібыта ўсё сцішылася, а потым, калі мы даведаліся пра ўварванне, проста нельга было маўчаць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

У нас СТА шмат у раёне, там свае хлопцы. Мы бяром у іх балончыкі і малюем трафарэты супраць вайны ці проста пішам «Не». Нават не «Не вайне» – бо гэта доўга, за гэта можна трапіць у турму, у экстрэмісты, тэрарысты, якія там яшчэ спісы ёсць. Але ж усе разумеюць, што гэта за «Не».

Аднойчы, памятаю, ішла міма сцяны жанчына, пабачыла нашае чырвонае «Не», стала і доўга глядзела. Не ведаю, што там у яе былі за думкі, але гэта ж так істотна, каб людзі думалі, крытычна да ўсяго ставіліся, шукалі свой унутраны маральны компас.

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў