Крызіс выпрабоўвае Польшчу

Урад у Варшаве прабуе гасіць пажар, які можа разгарэцца налета перад выбарамі. Дыктатурам перажываць эканамічны крызіс значна лягчэй.

Крама сеткі «Biedronka» ў Беластоку інфармуе пакупнікоў, што цэны на прадукты харчавання зніжаны на суму ПДВ.
Фота: Anatol Chomicz / Forum

Нядаўна палякаў запыталі пра тое, якая палітычная партыя прапануе найлепшую праграму для барацьбы з інфляцыяй. Дык вось, 16,7 % апытаных кажуць пра апазіцыйную Грамадзянскую платформу (Platforma Obywatelska), 16,4 % выказаліся за праграму кіроўнай партыі «Закон і справядлівасць» (Prawo i Sprawiedliwość). Па некалькі адсоткаў атрымалі меншыя партыі, больш чым 41,4 % палякаў увогуле «не маюць свайго меркавання», 2,9 % пазначаюць «кагосьці іншага», без удакладнення прозвішча ці назвы партыі. Адпаведнае апытанне агенцтва «SW Research» апублікавала нядаўна «Rzeczpospolita». Ці значыць гэта, што амаль палова палякаў не цікавяцца барацьбой з інфляцыяй? Не назіраюць за эканомікай краіны або не адчулі крызісу? Або папросту не разумеюць, як працуе эканоміка?

На першы погляд, гэтае лета ў Польшчы нічым асабліва не адрозніваецца ад мінулага. Людзі падарожнічаюць, курорты перапоўненыя, гарады жывуць. Крыху паменела аўтамабіляў на дарогах вялікіх гарадоў, але ў летні перыяд гэта нармальна. Палякі выязджаюць адпачываць.

Але гэта толькі на першы погляд. Такая высокая інфляцыя (15,5 % у чэрвені, адносна чэрвеня 2021 года) апошні раз была 25 гадоў таму, у часы буйной посткамуністычнай трансфармацыі польскай дзяржавы. Цэны ў крамах у чэрвені павялічыліся на 18 % (адносна чэрвеня 2021 года). Не дарэмна адно з самых папулярных словаў у Польшчы сёння – «drożyzna» (дарагоўля). Бо падаражэла ўсё: паліва, энергія, працоўная сіла. А больш чым 4 млн палякаў маюць іпатэчны крэдыт, а сумы месячных выплатаў (у сувязі з павелічэннем базавай стаўкі) выраслі ўжо больш на 50 % (у залежнасці ад сумы і доўгатэрміновасці крэдыту). Яшчэ год таму ў польскіх касцёлах падчас нядзельнай імшы і збору ахвяраванняў можна было пачуць, як звіняць манеты, сёння ж большасць кідае папяровыя грошы, ад 10 злотых. Такая вось інфляцыя.

Парламенцкія выбары наступнага года і апытанні паказваюць, што «дарагоўля» будзе адной з галоўных тэмаў польскага ўнутранага парадку дня. А калі вайна ва Украіне пяройдзе ў замарожаны стан і пойдзе на другі план у медыях (што ўжо адбываецца), дык інфляцыя ў Польшчы можа вызначыць вынік выбараў.

Пратэст чальцоў Агразвязу ў Варшаве. Надпіс на плакаце: «Стоп дарагоўлі».
Фота: Aleksiej Witwicki / Forum

Чаму палякі не пратэстуюць? Такое пытанне часта задаюць некаторыя гарачыя публіцысты. Адказ просты. Урад, ведаючы пра рызыкі, настроі грамадства і блізкія выбары, ад пачатку спрабуе гасіць кожны пажар. Гасіць фінансава. Падскочылі цэны на паліва – зменшылі ПДВ, выраслі цэны на вугаль – увялі дзяржаўныя даплаты, растуць цэны на ўгнаенне – даплаты фермерам, цэны энергіі і газу для фізічных спажыўцоў таксама затрымалі да канца года, падаражэлі крэдыты – 8 месяцаў урадавых крэдытных канікулаў (4 сёлета і 4 налета). Прыклады можна працягваць. Толькі вось інфляцыя чамусьці не спыняецца, непакоіць і слабы злоты (у ліпені 2021 года курс быў 3,8 за долар, цяпер – 4,72). А што будзе, калі скончацца дзяржаўныя датацыі і праграмы падтрымання? Як доўга ў такім стане працягне эканоміка? Няпэўнасць. Так сёння можна апісаць настроі ў польскім грамадстве.

А што адбываецца ў Беларусі? Інфляцыя ў ліпені большая, чым у Польшчы – 17,9 % (наколькі можна давяраць афіцыйным дадзеным), людзі наракаюць на цэны ў крамах, на мізэрныя заробкі. Але для рэжыму галоўнае – мець танны газ і паліва з Расеі, а энергію можна будзе браць з астравецкай АЭС. Падтрыманнем насельніцтва з дзяржаўнага бюджэту дыктатар не займаецца, бо настроямі грамадства і выбарамі не пераймаецца.

Руслан Шошын для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў