Крэмль хоча выкарыстоўваць іранскую ваенную прамысловасць


19 ліпеня Уладзімір Пуцін сустрэўся з прэзідэнтамі Турэччыны Рэджэпам Таіпам Эрдаганам і Ірану Ібрахімам Раісі.

Ваенна-палітычны аглядальнік Юрый Фёдараў у эфіры «Белсату» адзначыў, што гэтая сустрэча мае на мэце не толькі абстрактнае ўзмацненне супрацы, а і даволі канкрэтныя мэты, сярод якіх – пастаўкі зброі ў Расею.

«Галоўнае зараз для Крамля – гэта выкарыстоўваць тэгеранскую вайсковую прамысловасць, а гэтая прамысловасць даволі добра развітая, для таго, каб кампенсаваць тыя страты, якія ваенна-прамысловаму комплексу Расеі нанеслі заходнія санкцыі», – адзначыў эксперт.

Па ягоных словах, абмяркоўваецца пастаўка ў Расею іранскіх беспілотнікаў, які Іран вырабляе каля 10-ці гадоў. У Іране ёсць вытворчасць беспілотнікаў для разведкі і для ўдарных мэтаў.

«Вядома, Пуціну б вельмі хацелася атрымаць гэтыя беспілотнікі. Але Маскве б хацелася выкарыстоўваць іранскую вайсковую прамысловасць і для іншых мэтаў. Іран вырабляе ўласныя самалёты, у тым ліку і знішчальнікі, і падводныя лодкі. Але ў невялікіх колькасцях. Але справа не ў тым, каб набываць у Іране танкі, хаця і гэта нельга выключаць, бо ў Расеі ўжо не хапае сучасных танкаў. Галоўнае – атрымаць праз Іран дасяг да заходніх тэхналогіяў і абсталяванню, матэрыялам і мікраэлектронікі. Мяркую, што вакол гэтага і засяроджваліся размовы, якія адбыліся ў Пуціна з іранскімі кіраўнікамі», – паведаміў Фёдараў.

Ён мяркуе, што схаванай супрацы паміж краінамі не атрымаецца, бо як толькі ва Украіне з’явяцца іранскія дроны, адразу стане зразумела, адкуль у Расею ідуць такія пастаўкі. Іншая справа, калі праз Іран будуць наладжаныя каналы пастаўкі інтэгральных схемаў ці іншых элементаў мікраэлектронікі.

«Некалькі скрынь можна і пераправіць. А дроны, танкі ці ракеты схаваць не магчыма, і тады для Ірану могуць надысці даволі цяжкія наступствы. Я думаю, што Іран будзе гандлявацца», – адзначыў эксперт.

Аднак гандаль Ірану з Расеяй будзе вельмі напружаны. Так абедзве краіны рэзка супернічаюць за ўплыў на сірыйскі рэжым. І гэта параджае цэлы шэраг акалічнасцяў.

На думку Фёдарава, не на руку Пуціну ў перамовах з іранскім лідарам добрыя стасункі Расеі з Ізраілем, адным з галоўных ворагаў Ірану. Акрам таго, Пуцін намагаецца ўсталяваць стасункі з лідарамі краін Персідскага заліву, што таксама непрымальна для Іраку. І справа тут, як мяркуе Фёдараў, не толькі ў геапалітыцы:

«Калі гаворка ідзе толькі пра геапалітыку, то заўжды можна дамовіцца. Але справа ў тым, што Іран – шыіцкая дзяржава, а дзяржавы Персідскага заліву – суніцкія. А паміж гэтымі плынямі ісламу існуе даволі вострая варожасць. Таму не так проста будзе Уладзіміру Пуціну шукаць кампрамісы ў Тэгеране».

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў