Дзясяткі тысяч загінулых і параненых. Якія страты зазналі Украіна і Расея з пачатку вайны?


Belsat.eu сабраў і прааналізаваў усю даступную інфармацыю пра баявыя страты на пятым месяцы канфлікту.

Страты расейскай арміі

Апошні раз Міністэрства абароны РФ афіцыйна агучыла сваю версію ваенных стратаў 25 сакавіка: тады паведамлялася пра 1351 загінулага і 3825 параненых. Гэтыя звесткі Мінабароны былі апрыёры няпоўнымі, бо ў ведамстве казалі менавіта пра вайскоўцаў Узброеных сілаў Расеі. Пра страты так званых прыватных вайсковых кампаніяў, а таксама падраздзяленняў «ДНР» і «ЛНР» гаворкі не было. Страты Расейскай гвардыі, імаверна, таксама сюды не ўключылі. Але нават гэтыя моцна заніжаныя лічбы настолькі разыходзіліся з прапагандысцкімі заявамі пра паспяховую «спецыяльную ваенную аперацыю», што ў Крамлі зусім перасталі называць лічбы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выстава абутку, што належаў забітым расейскім жаўнерам, на выставе «Укрыжаваная Украіна» ў Нацыянальным музеі гісторыі Украіны.
Фота: Niall Carson / PA Images / Forum

Выглядае, што найбольшыя страты расейская армія несла ў першыя тыдні канфлікту – на гэта ўказвае як украінскі бок, так і незалежныя крыніцы. Аўтарытэтны журналіст-расследавальнік «Bellingcat» Хрыста Грозэў заяўляў, што 4 сакавіка беззваротныя страты расейскіх сілаў ва Украіне маглі дасягаць 10 тысяч асобаў. Амерыканскае выданне «The New York Times» у артыкуле ад 17 сакавіка паведаміла са спасылкаю на свае крыніцы ў спецслужбах, што з пачатку ўварвання ва Украіну Расея страціла забітымі больш за 7 тысяч асобаў і ад 14 да 21 тысяч параненымі. Нават прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў у інтэрв’ю «Sky News» у пачатку красавіку мусіў прызнаць, што Расея панесла ва Украіне «значныя страты».

У траўні брытанская выведка ацэньвала расейскія страты толькі забітымі ў 15 тысяч асобаў. У сярэдзіне чэрвеня BBC са спасылкаю на высокапасаднага прадстаўніка заходніх спецслужбаў сцвярджала, што колькасць загінулых расейскіх вайскоўцаў можа дасягаць 20 тысяч. Брытанскі камандуючы Тоўні Радакін 17 ліпеня заявіў, што Расея страціла больш за 30 % сваёй баяздольнасці з пачатку вайны ва Украіне. Паводле ягоных словаў, каля 50 тысяч расейскіх вайскоўцаў былі забітыя ці атрымалі раненні.

Застаецца незразумелым, ці ўваходзяць у гэтыя лічбы страты груповак «ДНР» і «ЛНР». 22 чэрвеня брытанская выведка сцвярджала, што пасля 24 лютага было страчана да 55 % першапачатковага асабовага складу фармаванняў «ДНР» (афіцыйна кіраўніцтва «ДНР» прызнала смерць толькі 2196 сваіх байцоў).

Дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк у інтэрв’ю «Медузе» 3 чэрвеня заявіў, што першыя паўтара месяца, магчыма, гінулі да тысячы расейскіх вайскоўцаў за дзень. Але потым, калі вайна перайшла ў пазіцыйную фазу, штодзённыя страты расейцаў сталі «прыкладна супастаўныя» з украінскімі – нібыта за дзень яны гублялі 100–200 асобаў забітымі і 600–700 параненымі. Супольныя страты расейскай арміі і ПВК Падаляк на той момант ацэньваў у 80 тысяч забітых і параненых. Праз месяц, 8 ліпеня, ён казаў ужо пра 37 тысяч забітых расейскіх вайскоўцаў плюс 12 тысяч байцоў ПВК, а агульныя санітарныя страты ацэньваў у 98–117 тысяч асобаў. Праўда, гэтыя лічбы выглядаюць не надта праўдападобнымі, бо супярэчаць словам самога Падаляка пра зніжэнне стратаў расейскай арміі.

Ацэнкі Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны больш стрыманыя: 19 ліпеня там заяўлялі, што з пачатку канфлікту Расея страціла каля 38 550 асобаў. «Белсат» раней ужо звяртаў увагу, што большасць медыяў выкарыстоўваюць панятак «страцілі» са зводак Генштабу як сінонім слова «загінулі», хаця нельга выключаць, што ў афіцыйную статыстыку камандавання трапляюць і іншыя незваротныя страты праціўніка.

«Новая газета. Европа», прааналізавала аб’ёмы выплатаў семʼям загінулых ды параненых вайскоўцаў і прыйшла да высновы, што Расея страціла мінімум 10–11 % асабовага складу ад першапачатковай арміі ўварвання. Журналісты выданняў BBC і «Медиазона» станам на пачатак чэрвеня змаглі высветліць імёны 4515 загінулых расейскіх вайскоўцаў. Гаворка ідзе толькі пра пацверджаныя факты гібелі, звесткі пра якія з’явіліся ў адкрытых крыніцах. Журналісты пры гэтым падкрэсліваюць, што сабраныя дадзеныя не адлюстроўваюць рэальнага ўзроўню стратаў. У «Conflict Intelligence Team» (CIT), напрыклад, лічаць, што рэальныя страты мусяць у 2–3 разы перавышаць тыя, што можна пацвердзіць адкрытымі крыніцамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія жаўнеры бягуць пасля ўдару па жылым раёне ў Краматорску, Данецкая вобласць.
Фота: Nariman El-Mofty / AP Photo / East News

17 % загінулых, імёны якіх трапілі ў даследаванне рэсурсаў «Медиазона» і BBC, афіцэры. Раней брытанская выведка ўжо звяртала ўвагу на велізарныя страты сярод афіцэраў сярэдняга і малодшага звяна, што мусіць адбіцца на баяздольнасці расейскіх падраздзяленняў. Акрамя таго, ва Украіне загінулі не менш за 10 расейскіх генералаў.

Паводле ўкраінскай віцэ-прэм’еркі Ірыны Вэрэшчук, у пачатку чэрвеня ва ўкраінскім палоне было каля 600 расейскіх вайскоўцаў. Але з таго часу іхная колькасць, хутчэй за ўсё, знізілася: у канцы мінулага месяца адбыўся вялікі абмен палоннымі паводле формулы «144 на 144».

Страты ўкраінскай арміі

14 ліпеня намесніца міністра абароны Ганна Маляр заявіла, што звесткі пра страты Украіны ў вайне засакрэцілі, каб вораг не мог скарыстаць іх ва ўласных мэтах.

«Лічбы загінулых застаюцца дзяржаўнай таямніцай на час ваеннага становішча», – падкрэсліла яна.

Аднак раней першыя асобы дзяржавы перыядычна агучвалі некаторыя звесткі пра баявыя страты Украіны.

Пасля першага дня вайны, 24 лютага, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў пра гібель 137 вайскоўцаў, яшчэ 316 атрымалі раненні. Амаль праз тры тыдні, 13 сакавіка, Зяленскі заявіў журналістам, што з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання загінулі каля 1300 украінскіх вайскоўцаў. У сярэдзіне красавіка Зяленскі ў інтэрв’ю CNN ацаніў украінскія страты ў 2,5–3 тысячы чалавек. Яшчэ каля 10 тысяч атрымалі раненні.

1 чэрвеня ў інтэрв’ю «Newsmax» Зяленскі заявіў, што цяпер на фронце вельмі складаная сітуацыя: штодзень у баях гінуць каля 60–100 украінскіх жаўнераў і каля 500 чалавек атрымліваюць раненні. Гэтыя ацэнкі 3 чэрвеня пацвердзіў у інтэрв’ю «Медузе» Міхайла Падаляк. Але з тых заяваў не было зразумела, на працягу якога перыяду ЗСУ нясе такія страты – вядома, што інтэнсіўнасць баёў цягам амаль пяці месяцаў ваеннага канфлікту была вельмі рознай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы мяняюць пазіцыю пад Харкавам.
Фота: Evgeniy Maloletka / AP / East News

Міністр абароны Аляксей Рэзнікаў у інтэрвʼю BBC 15 ліпеня ўдакладніў, што лічбы, названыя Зяленскім і Падаляком, тычыліся траўня – менавіта тады назіраўся пік стратаў ЗСУ.

«Тады перавага ворага была самай вялікай, асабліва на данбаскім кірунку – яны выкарыстоўвалі да тысячы артылерыйскіх снарадаў за гадзіну. Гэта быў шалёны ціск, а мы не мелі магчымасці ім адказваць: у нас не было столькі снарадаў. У траўні-месяцы сапраўды да 100 хлопцаў і дзяўчат, на жаль, гінулі, і да 300-400 атрымлівалі раненні».

Такім чынам, толькі ў траўні ЗСУ маглі страціць каля трох тысяч байцоў забітымі і дзевяць – дванаццаць тысяч параненымі.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра бітву за Данбас: ці перамагае Расея і чаго чакаць далей?
2022.07.08 17:10

Рэзнікаў у інтэрв’ю BBC даў зразумець, што пасля траўня страты знізіліся: ЗСУ атрымалі ад Захаду гаўбіцы М777 і М109, французскія CAESAR, нямецкія «Panzerhaubitze» і амерыканскія РСЗА HIMARS, што дазволіла весці эфектыўную контрбатарэйную барацьбу. Разам з тым міністр не ўдакладніў, якія сярэднія дзённыя страты ўкраінскае войска несла з чэрвеня. З улікам інтэнсіўнасці баёў у чэрвені, маштабы стратаў мусілі заставацца даволі значнымі, нават калі яны істотна знізіліся ў параўнанні з траўнем.

Аналітыка
Чаму Захад так павольна дапамагае Украіне? Колькі зброі неабходна для перамогі?
2022.06.17 14:57

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч двойчы, 11 чэрвеня і 20 чэрвеня, заяўляў, што агулам ад пачатку канфлікту Украіна страціла каля 10 тысяч забітымі і каля 30 тысяч параненымі. Паводле яго, 96–98 % параненых пасля лячэння нібыта вяртаюцца ў войска. Праўда, такі адсотак паспяховай рэабілітацыі выглядае завышаным: напрыклад, Ганна Маляр у красавіку казала, што цалкам аднаўляюцца і вяртаюцца на фронт каля 80 % параненых.

Упаўнаважаны ў пытаннях асобаў, зніклых без вестак пры асаблівых абставінах, Алег Катэнка заявіў 11 ліпеня, што зніклымі без вестак лічацца каля 7200 украінскіх вайскоўцаў. У гэтыя лічбы ўваходзяць як байцы ЗСУ, так і вайскоўцы Нацыянальнай гвардыі, памежнікі, супрацоўнікі СБУ і г. д. Паводле словаў Катэнкі, большасць з іх застаюцца ў палоне. Але паколькі дакладных пацверджанняў гэтага няма, яны лічацца зніклымі без вестак.

Віцэ-прэм’ерка Ірына Вэрэшчук на дзень 23 чэрвеня заяўляла, што ў палоне могуць быць каля 2 тысяч украінскіх вайскоўцаў. Не да канца зразумела, ці былі ўключаныя ў гэтыя лічбы абаронцы «Азоўсталі», бо ў пачатку чэрвеня Зяленскі казаў, што толькі там трапілі ў палон каля 2,5 тысячы ўкраінскіх байцоў.

Акрамя таго, у Кіеве кажуць, што расейцы залічваюць у палонных цывільных – у чэрвені Вэрэшчук ацэньвала іхную колькасць у расейскіх СІЗА ў 1,5 тысячы асобаў. Факт узяцця ў палон цывільных пацвярджалі і прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы на пазіцыях пад Харкавам.
Фота: Evgeniy Maloletka / AP / East News

Паводле звестак «Медыйнай ініцыятывы за правы чалавека», агулам у зняволенні ў РФ могуць быць 5–7 тысяч украінцаў, як вайскоўцаў, так і цывільных. Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу ў пачатку чэрвеня заяўляў, што з пачатку канфлікту ў палон трапілі 6489 украінцаў.

Страты ў баявой тэхніцы

Абодва бакі панеслі велізарныя страты ў тэхніцы.

Камандуючы лагістыкай Сухапутных войскаў ЗСУ Уладзімір Карпенка ў сярэдзіне чэрвеня распавёў у інтэрв’ю «National Defence», што ўкраінская армія страціла з пачатку вайны 50 % цяжкога ўзбраення. У тым ліку 400 танкаў, 700 артылерыйскіх сістэмаў і каля 1300 БМП. Намеснік міністра абароны Украіны Дзяніс Шарапаў канстатаваў, што ЗСУ за апошні час атрымала ад заходніх супольнікаў вялікую колькасць сістэмаў узбраення, але гэтага ўсё роўна недастаткова, каб цалкам пакрыць усе страты.

У адсоткавых суадносінах страты Расеі ў тэхніцы ніжэйшыя, але ў абсалютных лічбах – значна вышэйшыя за ўкраінскія. Станам на канец траўня Пэнтагон ацэньваў расейскія страты ў 1000 танкаў. Брытанскі камандуючы Тоўні Радакін у сярэдзіне ліпеня заявіў, што з пачатку вайны было знішчана 1700 расейскіх танкаў, каля 4000 бронемашынаў былі выведзены са строю. Гэтыя лічбы блізкія да ацэнак Генеральнага штабу ЗСУ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы выпускаюць снарад з гаўбіцы FH-70 на лініі фронту.
Фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum

Паводле падлікаў выдання «Важные истории», расейскае войска страціла ад 23 да 42 % усіх сваіх баяздольных танкаў, ад 8 да 19 % бранятэхнікі, да 16 % артылерыі, да 40 % беспілотнікаў, да 14 % самалётаў, да 12 % верталётаў і каля 2/3 ракетаў. На аднаўленне такой колькасці тэхнікі ў Расеі могуць пайсці гады.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў