«Біблія вачыма кадэбістаў». Чаму не спыняюцца рэпрэсіі супраць беларускіх святароў


Згодна з маніторынгам групы Каардынацыйнай рады Беларусі «Хрысціянская візія», не менш за 30 святароў розных канфесіяў прайшлі з 2020 года праз рэпрэсіі ўладаў: затрыманне, суды, штрафы, арышты. 15 содняў арышту прысудзілі 18 ліпеня пробашчу парафіі Святога Духу ў Віцебску ксяндзу Андрэю Вашчуку. Чаму МУС і КДБ не пакідае ў спакоі святароў? Каментуе душпастар беларусаў-каталікоў у Варшаве Вячаслаў Барок.

Католический священник Вячеслав Барок, часовня католической академии, Варшава
Ксёндз Вячаслаў Барок.
Фота: ЯМ / Белсат

«Найверагодней, ксяндза Андрэя Вашчука затрымалі і асудзілі за перапост апошняга слова на судзе Змітра Дашкевіча. Што там было крымінальнага? Абсалютна нічога. Апошняе слова Змітра было вельмі эмацыйнае і асабістае, але разам з тым – наскрозь прасякнутае духам Евангелля. А гэтай сістэме дужа не падабаецца, калі прапаведуецца Евангелле.

Таму што рэжым свядома выбраў беззаконне, ён служаць злу, а дзе ёсць зло, там прысутнічае д’ябал. Вось яны і выходзяць з раўнавагі, калі чуюць слова, якое заклікае да пакаяння», – кажа ксёндз Вячаслаў Барок.

На ягоную думку, апошняе слова Змітра Дашкевіча ёсць тым казаннем, якога чакае народ Беларусі і з якога быў бы задаволены сам Гасподзь.

Вячаслаў Барок кажа, што рэжым і спецслужбы вельмі пільна сочаць за ўсімі выказваннямі і дзеяннямі святароў, і гэтак было заўсёды, бо на святароў азіраецца грамадства.

«Але цяпер эскалацыя канфлікту і барацьба паміж дабром і злом на такім узроўні, што чуйнасць спецслужбаў павялічылася – яны сочаць яшчэ больш пільна. Чаму трапілі на ксяндза Андрэя? Таму што ён прапаведаваў Хрыста не толькі ў храме, ён быў здольны выходзіць па-за ягоныя сцены, быў здольны пачуць чалавека ўсюды, да яго прыходзілі людзі, і не толькі каталікі. Яго вельмі паважаюць», – сцвярджае Вячаслаў Барок.

Ксёндз Андрэй Вашчук.
Фота: catholicnews.by

Ксёндз Барок згадвае, што ў снежні 2020 года Андрэй Вашчук разам са сваімі вернікамі быў сярод тых, хто сустракаў яго ў Віцебску пасля адбыцця 10 содняў у СІЗА-2, якімі яго пакаралі за публікацыю ў сацсетках працы мастака Уладзіміра Цэслера «Стоп лукашызм!».

«Рэжым кіруецца прынцыпам помсты»

«Калі чалавек праяўляе сваю адвагу – рэжым не можа гэтага дараваць. Шукае любой магчымасці, каб адпомсціць. Гэты рэжым беззаконня кіруецца прынцыпам помсты. Ну і знайшлі нагоду.

Адміністрацыйны працэс – гэта ж не значыць, што яго павінны былі адразу кінуць за краты, але яго затрымалі і адразу пазбавілі волі. Гэта сведчыць пра тое, што ёсць пэўныя асабістыя парахункі. Зло вельмі моцна нервуецца, калі хтосьці праяўляе сваю вернасць Госпаду і святлу», – сказаў ксёндз Вячаслаў Барок.

На ягоны погляд, Біблія не можа быць прачытаная вачыма кадэбіста. Бо ў ёй кожнае слова абвінавачвае таго, хто выбірае зло.

Святары, якія адбылі адміністратыўны арышт

  • Эдуард Сінкевіч (каталіцкі святар, Паставы, жнівень 2020 года) – 10 содняў.
  • Аляксандр Фядотаў (каталіцкі святар, Горадня, жнівень 2020 года) – 8 содняў.
  • Уладзімір Драбышэўскі (праваслаўны святар, верасень 2020 года) – 25 содняў (15+10).
  • Віталь Быстроў (грэка-каталіцкі святар, Івацэвічы, лістапад 2020 года) – 10 содняў.
  • Віктар Жук (каталіцкі святар, Віцебск, снежань 2020 года) – 1 содні.
  • Аляксей Варанко (грэка-каталіцкі святар, Віцебск, снежань 2020 года) – 1 содні.
  • Вячаслаў Барок (каталіцкі святар, Расоны, снежань 2020 год) – 10 содняў.
  • Міхаіл Маруга (праваслаўны святар, Менск, люты 2022 года) – 13 содняў.
  • Аляксандр Баран (каталіцкі святар, Лынтупы, 25 сакавіка 2022 года) – 10 содняў.
  • Васіль Ягораў (грэка-каталіцкі святар, Магілёў, 25 сакавіка 2022 года) – 3 содняў.
  • Андрэй Вашчук (каталіцкі святар, Віцебск, ліпень 2022 года) – 15 содняў.

Праваслаўны святар Сяргей Разановіч праходзіць у «справе Аўтуховіча». Быў затрыманы разам з жонкай Любоўю і сынам Паўлам 1 снежня 2020 года. Яго вінавацяць паводле трох крымінальных артыкулаў: «Удзел у злачыннай арганізацыі» (ч. 2 арт. 285 КК), «Змова з мэтай захопу ўлады» (арт. 357 КК) і «Незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі» (арт. 295 КК). Суд працягваецца з 18 траўня і праходзіць на тэрыторыі гарадзенскай турмы.

Hавiны
«Я зычу вам, суддзі, пракуроры, падумаць пра душу сваю». Апошняе слова Змітра Дашкевіча на судзе
2022.07.14 12:38

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў